Беларуская Служба

А. Мілінкевіч пра ролю незалежных СМІ: Людзі адчуваюць, дзе праўда, дзе дыскусія, дзе няма надрыву

25.05.2022 17:56
СМІ адыгрываюць таксама вялікую ролю ў адраджэнні мовы. 
Аўдыё
  • Аляксандр Мілінкевіч пра мову
Ілюстрацыйны здымакфота: orsha.eu

Амаль 28 гадоў у Беларусі пануе рэжым Лукашэнкі, які знішчае ўсё нацыянальнае, незалежнае, беларускае. Калі ўлады адчувалі сябе больш упэўнена, яны дазвалялі на некаторыя паслабленні, былі перыяды нават мяккай беларусізацыі. Аднак апошнія амаль два гады – гэта час закручвання гаек, у тым ліку ў галіне культуры і мовы.

На тэму беларускай мовы мы гутарым з былым кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі, былым віцэ-мэрам Гродна і лідарам руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам.  Мова – гэта фундамент нацыі. Часам гэты фундамент крышыцца, разбураецца, але ёсць прыклады сярод розных нацыяў, якія паказваюць, што мову можна адрадзіць, нават калі яна знаходзіцца ў вялікім заняпадзе. Дзеля гэтага патрэбны прыклад аўтарытэтаў – адзначае наш суразмоўца.

- Для мяне прыклад – як фіны адрадзілі сваю мову, ездзілі па вёсках, збіралі, каб пазбавіцца ад шведскай, як чэхі размаўлялі па-нямецку, але адрадзілі сваю мову. Ніхто не верыў, нават свядомыя чэхі. І беларусам трэба прайсці праз шлях адраджэння мовы. Ёсць шмат няпростых рэчаў. Здавалася б, калі людзі на побытавым узроўні размаўляюць па-руску, хто іх прымусіць? Слова «прымусіць» увогуле выключыць. Гэта вельмі далікатная справа, таму што можна беларусаў зрабіць антыбеларусамі. Важна, каб эліта разумела, чым ёсць мова, гісторыя, культура. Гэта фундаменты тварэння нацыі.

Я – дзіця перабудовы. І памятаю, як людзі пачыналі чытаць, разумець, якая багатая мова, якая яна важная. Я на беларускім тэлебачанні з 1985 года вёў перадачы па-беларуску пра гісторыю Гродна. А выхоўваўся ў расійскамоўным асяроддзі, саромеўся гаварыць па-беларуску. Да мяне падышоў Міхась Ткачоў, адзін са стваральнікаў БНФ і сказаў: рабі колькі хочаш памылак, але людзі зразумеюць, што ты ідзеш па гэтым шляху. І я пачаў.

Калі я пры Шушкевічу быў віцэ-мэрам Гродна, хадзіў па школах і пераконваў бацькоў аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы. І пераважна ўдавалася. Бацькі так казалі: варта аддаць – тэлебачанне кажа па-беларуску, выкладчыкі ў ВНУ пачалі па-беларуску казаць, Шушкевіч у тэлевізары па-беларуску! Я не думаў, што роля палітыка будзе такая важная. Проста ён гаварыў на добрай беларускай мове. Іншы прыклад, чаму мы не прайграем: я з вёскі Бершты, з жыхарамі размаўляў па інерцыі па-руску, але ў пэўны час яны пачалі са мной на беларускай гаварыць. Пачалі глядзець Белсат, кажуць – столькі прыстойных і разумных людзей, у параўнанні з беларускім тэлебачаннем, гавораць па-беларуску, а чаму ж мы – не!?

Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле

нг