Беларуская Служба

Якімі методыкамі скарыстацца, каб эфектыўна вывучыць замежную мову?

07.06.2022 17:32
Гэтае пытанне мы задалі паліглоту, які свабодна размаўляе на сямі мовах.
Аўдыё
Współcześnie znajomość języka angielskiego jest wręcz standardem
Współcześnie znajomość języka angielskiego jest wręcz standardemshutterstock.com

З 1 па 6 чэрвеня ў Тэрэсіне пад Варшаве адбывалася канферэнцыя паліглотаў. Аматары вывучэння замежных моваў з розных краін свету сабраліся, каб пазнаёміцца, абмяняцца досведам і пашырыць свае веды на тэму пазнавання моваў і культураў іншых народаў. Пры нагодзе вашай увазе гутарка з адным з арганізатараў сустрэчы Альбертам Ежы Вежбіцкім пра папулярнасць замежных моваў у Польшчы і розныя методыкі пазнавання чужой мовы. Адной з самых папулярных моваў з’яўляецца ўкраінская – кажа наш госць.

- Кожны год падчас гэтых сустрэчаў у нас ёсць так званы «моўны выклік». І бачна, што шмат людзей пачало вывучаць украінскую мову, многія выбралі менавіта гэтую мову. Такая вельмі трагічная сітуацыя (вайна – рэд.) паспрыяла таму, што людзі заўважылі гэтую мову і пачалі ёй цікавіцца.

А ці чалавеку, які ведае ўжо іншыя славянскія мовы – беларускую, расійскую, польскую, прасцей вывучыць чарговую – украінскую?

- Так, з украінскай проста. Але я пачынаў вывучаць сілезскую мову, і мне вельмі перашкаджаюць украінскія канчаткі. Вельмі складана было не даваць у канчатку -ю. Іншыя славянскія мовы я не спрабаваў вучыць, вырашыў падцягнуць украінскую, а пазней сілезскую і кашубскую, каб усе мовы Польшчы вывучыць. На пэўна трэба ўсе астатнія славянскія мовы ведаць на добрым узроўні, каб яны не блыталіся.

А якая мова самая складаная на свеце? Кажуць, што кітайская.

- Ёсць розныя даследаванні, але яны англацэнтрычныя, і там выходзяць усе азіяцкія мовы, тая ж кітайская. Але калі не казаць пра сістэму запісу, то яна ў граматычным плане вельмі простая. Я, праўда, не вучыў яе, але так чуў. Кажуць, што ізаляваныя мовы складныя, як грузінская ці баскійская.

Ці праўда, што чым больш моваў ведаеш, тым прасцей вывучаць чарговую?

- На пэўна так, таму што можна прасцей правесці паралелі між мовамі. Скажам, беларусам, якія ведаюць англійскую мову, некаторыя рысы польскай граматыкі нагадваюць англійскую, гэтыя мовы аддзяліліся тысячы гадоў таму, а падабенства ёсць. Калі ведаеш іншыя мовы, тады хутчэй дасягаеш узроўню асноўнай канверсацыі.

Якія самыя эфектыўныя методыкі вывучэння мовы?

- Гэта залежыць ад чалавека. Ёсць людзі, якія толькі вывучаць некалькі слоў па-італьянску, едуць у Італію і на вуліцы ламанай італьянскай размаўляюць з іншымі. А я з тых, каму трэба атрымаць моўную базу, каб пачаць размаўляць. Ёсць шмат прыкладанняў, якія дазваляюць вывучаць мову – Duolingo, LinkYou, Memrise і так далей. Курсы як правіла бясплатныя і эфектыўныя. Гэтага не было 20-30 гадоў таму. Цяпер інтэрнэт – гэта вялікі скарб. А калі вы адважны чалавек, не інтраверт, можна адразу знайсці сабе выкладчыка і займацца з ім.

Размаўляла Наталля Грышкевіч