Беларуская Служба

З нагоды Дня бацькі ў Польшчы ладзяць гарадскую гульню для бацькоў з дзецьмі

14.06.2022 14:41
Мэта гарадской гульні «Прыгоды з татам» – фармаванне станоўчага вобраза бацькі і ўмацаванне сямейных сувязяў на аснове павагі і даверу.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Zoteva

Сям’я – гэта асноўная ячэйка грамадства, без якой немагчымае здаровае і правільнае развіццё дадзенага грамадства. Гэтая аксіёма, здавалася б, сябе скампраметавала ў часы Савецкага Саюзу, паколькі была заезджаная савецкай прапагандай. Тым не менш, калі разабрацца і спрабаваць асэнсаваць гэты сказ без ніякай ідэалагічнай падаплёкі, то становіцца зразумела, што сапраўды кожнае грамадства зацікаўлена ў тым, каб у яго шэрагах стваралася як мага больш такіх адзінак. Справа ў тым, што ў сям’і нараджаецца значна больш дзяцей, чым у нефармальных саюзах, сям’я дазваляе сваім членам адчуваць сябе бяспечней як у матэрыяльным, так і псіхалагічным плане.

Аднак, сям’я – гэта, канешне, не абавязкова фармальны саюз мужчыны і жанчыны. Бываюць сем’і нефармальныя, якія заводзяць дзяцей, выхоўваюць іх і даюць новым членам грамадства такую ж любоў і апеку, як і фармалізаваныя сем’і. Важнейшае жаданне быць разам з іншым чалавекам, будаваць з ім дом і выхоўваць дзяцей. І ў гэтым жаданні дзяржава стараецца ўсялякім чынам падтрымліваць і заахвочваць жыхароў. Напрыклад, у Польшчы існуе шмат льготаў для бацькоў, з дзяржаўных сродкаў выплочваецца фінансавая дапамога на ўсіх дзяцей (500 злотых у месяц да канца 18 года жыцця), бацькі могуць скарыстацца падатковай льготай.

Фінансавы аспект – не адзіны, хоць і важны фактар, паводле якога людзі вырашаюцца завесці дзяцей. Гэтаму спрыяе таксама атмасфера ў асобна ўзятай дзяржаве, стаўленне да сям’і, да дзяцей і агулам да бацькоўства. Польская дзяржава стараецца папулярызаваць пазітыўны вобраз сям’і і бацькоўства і заахвочваць ангажавацца ў працэс гадавання дзяцей у большай ступені бацькаў. 23 чэрвеня ў Польшчы адзначаецца Дзень таты, да гэтай даты прымеркаванае спецыяльнае мерапрыемства, галоўным героем якога з’яўляецца бацька.

Намеснік міністра сямейнай і сацыяльнай палітыкі Барбара Соха заклікае ўсіх бацькоў прыняць удзел у гарадской гульні «Прыгоды з татам», якая адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю. Гэта частка кампаніі па распаўсюдзе ідэі адданага бацькоўства. Мерапрыемства праходзіць у рамках святкавання Дня таты. Па словах Барбары Сохі, бацькоўства – гэта і выклік, і прыгода.

- Мы хочам стварыць нешта накшталт моды на тое, каб бацькі святкавалі свой дзень, сваё свята разам з дзецьмі, каб праводзілі гэты дзень у актыўным дзеянні. І таму мы развіваем ідэю правядзення гарадской гульні, у якой могуць прымаць актыўны ўдзел бацькі з дзецьмі – як таты, так і мамы. Гэтыя гульні пройдуць у ваяводскіх гарадах па ўсёй Польшчы. У чэрвені якраз ёсць нагода, каб святкаваць бацькоўства. Мы стараемся таксама нагадаць, наколькі важнае актыўнае бацькоўства, каб бацькі ўдзельнічалі ў апецы над дзецьмі, бралі на сябе частку хатніх абавязкаў. Такое стаўленне бацькаў дае пазітыўны вынік не толькі ў добрых кантактах з дзецьмі, але таксама ўплывае на рашэнне завесці чарговых дзяцей. Для жанчын падтрымка з боку мужчын вельмі істотная.

Гарадская гульня «Прыгода з татам» адбудзецца ў нядзелю ў гарадах – сталіцах ваяводстваў Польшчы. У гульні могуць удзельнічаць каманды, якія складаюцца з бацькоў і дзяцей. Удзельнікаў чакаюць незабыўныя прыгоды і шматлікія ўзнагароды, – дадае віцэ-міністр Барбара Соха.

- На нашым сайце, а таксама ў сацыяльных сетках, у тым ліку ў сацыяльных сетках ваяводстваў, ёсць інфармацыя пра планы на бліжэйшую нядзелю. У ваяводскіх гарадах адбудзецца гарадская гульня «Прыгода з татам». Я сардэчна запрашаю прыняць у ёй удзел. І жадаю поспехаў усім, хто мае намер прыняць удзел у забаве. Арганізатары, гэта значыць, арганізацыі трэцяга сектару, якія дзейнічаюць у розных ваяводствах, прадугледзелі шмат цікавых гульняў і ўзнагародаў для пераможцаў. Кожная гульня будзе мець свой план і сваю тэматыку, паколькі яны адбываюцца ў розных гарадах.

Мэта гарадской гульні «Прыгоды з татам» – фармаванне станоўчага вобраза бацькі і ўмацаванне сямейных сувязяў на аснове павагі і даверу. Бацькоўства – важная сфера самарэалізацыі для мужчыны, а таксама важны элемент правільнага развіцця і выхавання дзіцяці ў шчаслівага дарослага чалавека.

Гарадская гульня «Прыгоды з татам» арганізавана з нагоды Дня бацькі ў рамках праграмы Міністэрства сям'і і сацыяльнай палітыкі і зʼяўляецца элементам кампаніі па ўмацаванні бацькоўства пад лозунгам «Бацькоўства – прыгода жыцця».

Падрабязнасці можна даведацца на сайце Міністэрства сямʼі і сацыяльнай палітыкі.

нг