Беларуская Служба

Польшча рыхтуецца да правядзення Еўрапейскіх гульняў-2023(ФОТА)

22.06.2022 11:05
Польшча з’яўляецца трэцім гаспадаром гэтай падзеі ў гісторыі. Апошнія Еўрапейскія гульні прайшлі ў Мінску.
Аўдыё
  • Польшча рыхтуецца да правядзення Еўрапейскіх гульняў-2023
a  ,      2023
Лaгатып Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Польшчы ў 2023 годзеPAP/Art Service 2

У Кракаве пачаўся адлік да інаўгурацыі Еўрапейскіх гульняў. Да адкрыцця спартыўнага мерапрыемства заставаўся год. Наступныя 365 дзён арганізатары хочуць выкарыстаць для ўдакладнення дэталяў мерапрыемства, а таксама неабходнай падрыхтоўкі спартыўных аб’ектаў.

Паводле старшыні Аргкамітэта Еўрапейскіх гульняў -2023 Марціна Новака(Marcin Nowak), падрыхтоўка да мерапрыемства ўступае ў заключны этап:

- Зараз мы пачынаем найбольш складаны этап працы, які пачаўся заключэннем 17 траўня ў Варшаве «Host City and Region Contract» паміж Еўрапейскай асацыяцыяй алімпійскіх камітэтаў і гаспадарамі гульняў. Гэта быў паваротны момант у працы аргкамітэта і ўсіх асобаў, заангажаваных у падрыхтоўку мерапрыемства. З гэтага моманту мы маем права гаварыць, што мы – афіцыйны гаспадар трэціх Еўрапейскіх гульняў і ініцыяваць канкрэтныя падрыхтоўчыя дзеянні.

Старшыня аргкамітэта Еўрапейскіх гульняў -2023 Марцін Новак/ PAP/Art Service 2 Старшыня аргкамітэта Еўрапейскіх гульняў -2023 Марцін Новак/ PAP/Art Service 2

У найбуйнейшым горадзе Малапольшчы – Кракаве пройдуць змаганні па васьмі дысцыплінах.
«Мы павінны выкарыстаць наступныя 365 дзён, каб удакладніць дэталі мерапрыемства, а таксама правесці неабходны рамонт спартыўных аб’ектаў», – паясняе старшыня аргкамітэта:

- Праца, якая была выкананая да гэтай пары мае канцэптуальны характар. Зараз у нас застаўся год, каб яе ажыццявіць. У гэтым дапамогуць адпаведныя сродкі. Мы хочам, каб аб’екты падрыхтаваныя для гульняў служылі грамадзянам яшчэ многія гады і нагадвалі пра гэтую важную падзею.

Найбольш працы спатрэбіцца на рамонт і пашырэнне гарадскога стадыёна ў Кракаве, дзе запланаваныя цырымоніі інаўгурацыі і закрыцця мерапрыемства, паясняе Марцін Новак:

- У нас часу дастаткова для правядзення згаданага рамонту. Я перакананы, што мы ў стане правесці, як урачыстае распачацце, так і заканчэнне гульняў у згаданым аб’екце.

Учора на Шчэпанскай плошчы ў Кракаве быў усталяваны гадзіннік, які паказвае час да распачацця Еўрапейскіх гульняў. Адбылася таксама прэзентацыя лагатыпа мерапрыемства.

Aўтар лагатыпа Марцін Салява /PAP/Art Service 2 Aўтар лагатыпа Марцін Салява /PAP/Art Service 2

«Графічная ідэнтыфікацыя мерапрыемства мае форму алімпійскага агню ў колерах горада і рэгіёна, яна таксама адносіцца да характэрных мясцовых элементаў і помнікаў», – паясніў аўтар лагатыпа Марцін Салява(Marcin Salawa):

- Алімпійскі агонь – гэта сімвал адзінства, сілы, праведнасці і праўды. Ён сімвалізуе таксама агонь, паветра і ваду. Гаворка ідзе і пра пэўныя геаграфічныя, характэрныя для Малапольшчы і Кракава элементы – гэта вежы Марыяцкага касцёла і вяршыні Татраў.

Лагатып быў падрыхтаваны ў 10 каляровых варыянтах. Лічбы 2023 павінны нагадваць пяць алімпійскіх кольцаў. Выкарыстаныя колеры: сіні, чырвоны і жоўты навязваюць да афіцыйных колераў Кракава і Малапольшчы.
«Лагатып прыгожы. Я спадзяюся, што гэта будзе не толькі маё меркаванне, але і ўсіх, хто яго бачыць. Ён адлюстроўвае сімвалы, звязаныя з Малапольшчай і Кракавам», – сказаў маршалак Малапольскага ваяводства Вітальд Казлоўскі.

Лагатып распрацавала кракаўская кампанія Advertstudio. Кошт склаў амаль 107 тысяч злотых.
Прэзентацыя лагатыпа запусціла рэкламную кампанію мерапрыемства. На Шчэпанскай плошчы ў Кракаве быў створаны таксама алімпійскі гарадок, які павінен стаць месцам адпачынку і фізічнай актыўнасці. Быў падрыхтаваны і першы рэкламны ролік.

На Шчэпанскай плошчы ў Кракаве быў усталяваны гадзіннік, які паказвае час да распачацця Еўрапейскіх гульняў /PAP/Łukasz Gągulski На Шчэпанскай плошчы ў Кракаве быў усталяваны гадзіннік, які паказвае час да распачацця Еўрапейскіх гульняў /PAP/Łukasz Gągulski

Цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў-2023 запланаваныя на 21 чэрвеня на Гарадскім стадыёне ў Кракаве, гэта таксама сядзіба мясцовага футбольнага клуба «Вісла-Кракаў». Там жа, 2 ліпеня, адбудзецца афіцыйнае закрыццё гульняў.

Еўрапейскія гульні – гэта дванаццаць дзён спартыўных спаборніцтваў на самым высокім еўрапейскім узроўні. У Малапольшчу прыедуць 7,5 тысяч спартсменаў з 50 краін. Яны будуць спаборнічаць у 24 дысцыплінах на спартыўных аб’ектах у Кракаве, Крыніцы-Здруй, Тарнаве, Закапанэ, а таксама за межамі Малапольшчыны. Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы пройдуць на стадыёне «Сілезія» ў Хожаве, а спаборніцтвы па стральбе – у Вроцлаве.

Еўрапейскія гульні – гэта адносна новая спартыўная падзея, якая праводзіцца раз у чатыры гады. Яна аб'ядноўвае спаборніцтвы, якія адпавядаюць кваліфікацыі да сапраўдных Алімпійскіх гульняў, і Чэмпіянату Еўропы па многіх дысцыплінах.

Нагадваем, добры вынік – гэта для спартсменаў пропуск на Алімпійскія гульні ў Парыжы ў 2024 годзе, а спаборніцтвы ў многіх іншых дысцыплінах пройдуць у фармаце Чэмпіянату Еўропы. Гэта гарантуе спартыўныя эмоцыі на самым высокім узроўні.

Упершыню мерапрыемства адбылося ў Баку ў 2015 годзе. Другія Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе прайшлі ў Мінску ў Беларусі. Польшча з’яўляецца трэцім гаспадаром гэтай падзеі ў гісторыі.

аз

Польшча рыхтуецца да арганізацыі ІІІ Еўрапейскіх гульняў

19.01.2022 11:07
Польшча стане трэцім гаспадаром гэтай падзеі ў гісторыі. Другія Еўрапейскія гульні прайшлі ў Мінску.