Беларуская Служба

Амбасадар ЗША: Мы адназначна падтрымліваем Польшчу ў плане бяспекі і дэмакратыі

27.06.2022 08:10
«Шведы ганарацца тым, што за 20 гадоў прынялі мільён уцекачоў. Польшча прыняла 3,6 мільёна чалавек за 115 дзён», – нагадаў Марк Бжазінскі.
A      Foto: pl.usembassy.gov
Aмбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжазінскі Foto: pl.usembassy.govFoto: pl.usembassy.gov

Мы адназначна падтрымліваем Польшчу ў плане бяспекі. Таксама няма ніякіх сумненняў у тым, што наш падыход да польскай дэмакратыі аднолькавы, заявіў амбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжазінскі ў інтэрв’ю тыднёвіку Newsweek. Ён згадаў словы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які казаў у Польшчы, пра тое, што трэба працаваць над станам «нашых дэмакратый», і гэта тычыцца і ЗША.

Бжазінскі запэўніў, што прыярытэтныя пытанні для ЗША аднолькавыя. «Мы супрацоўнічалі, як сябры ў кожнай з гэтых сфер: бяспека, дэмакратыя, вяршэнства закона, эканоміка, кантакты паміж людзьмі. Мы ўдзячныя прэзідэнту Анджэю Дудзе за некаторыя крокі«, – падкрэсліў амерыканскі дыпламат.

«У адміністрацыі Джо Байдэна мы таксама працуем над нашай дэмакратыяй і вяршэнствам закона», – падкрэсліў ён і нагадаў, што прэзідэнт ЗША арганізаваў дэмакратычны саміт, на якім розныя краіны ўзялі на сябе абавязацельствы зрабіць канкрэтныя крокі, звязаныя з развіццём дэмакратыі.

Бжазінскі таксама падкрэсліў, што дзякуючы сяброўству ў НАТА зараз Польшча бяспечная. «І, напэўна, таму яна змагла адрэагаваць на трагедыю суседзяў так, што стала магутнай гуманітарнай сілай. (...) Шведы ганарацца тым, што за 20 гадоў прынялі мільён уцекачоў. Польшча прыняла 3,6 мільёна чалавек за 115 дзён. Рэакцыя польскага грамадства ўражвае», – падкрэсліў Марк Бжазінскі ў інтэрв’ю тыднёвіку Newsweek.

аз