Беларуская Служба

На Беларускі пікнік у Кракаве прыйшлі не толькі беларусы, але таксама шмат украінцаў

11.07.2022 17:19
Нягледзячы на свабодную атмасферу пікніку, не магло абысціся без інфармацыі пра беларускіх палітвязняў і пра тое, што адбываецца цяпер ва Украіне.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/OpenClipart-Vectors

У мінулыя выходныя беларусы Кракава сустрэліся падчас Беларускага пікніку. Госці мерапрыемства маглі прыняць удзел у шматлікіх цікавых занятках, праслухаць лекцыі ад беларускіх спікераў, была зона для дзяцей, алея майстроў і канцэрт. Больш падрабязна пра пікнік распавядае яго арганізатар Вольга Кавальская.

- Гэта быў наш трэці пікнік, першы быў у 2020 годзе. На гэты раз мы выбралі іншую лакацыю – парк у цэнтры, дзе было шмат людзей. Гэта было сапраўды вялікае свята кракаўскіх беларусаў, а нават прыехалі беларусы з Варшавы. Было вельмі шмат актыўнасцяў, быў кірмаш майстроў, продаж вопраткі, посуду. Быў таксама арт-аб’ект ад польскай арганізацыі. Кожны мог прыйсці і нешта намаляваць у бела-чырвоных колерах.

Шмат слухачоў сабралі лекцыі, падчас якіх агучвалася вельмі розная тэматыка, ад сацыяльнай да палітычнай, – кажа наш госць.

- На прыклад, алкагольная адысея беларусаў – расказвалі пра беларускае віно. Быў аповед пра беларускую сімволіку ды нейронавую сетку. Была лекцыя і па-ўкраінску пра ўкраінскую культуру як зброю ў абароне Украіны падчас вайны. Так што былі тэмы, звязаныя з Беларуссю, з Украінай і проста навукова-папулярныя тэмы.

На Беларускі пікнік прыйшлі як беларусы, якія здаўна жывуць у Кракаве, так і тыя, хто быў вымушаны зняцца з роднага месца і пераехаць за мяжу нядаўна, у выніку жорсткіх палітычных рэпрэсіяў, якія ідуць апошнія два гады ў Беларусі. Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася пасля нападу Расіі на Украіну, у якім удзельнічае і рэжым Лукашэнкі. Таму, нягледзячы на свабодную атмасферу пікніку, не магло абысціся без інфармацыі пра беларускіх палітвязняў і пра тое, што адбываецца цяпер ва Украіне.

- І тыя трагічныя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі, і тое, што адбываецца ва Украіне, для нас вельмі важна, усім нам гэта баліць, што мы хацелі падкрэсліць. Мы збіралі данаты на Украіну. Мы зрабілі таксама зону пра беларускіх палітвязняў, расказвалі, як можна напісаць ім паштоўку. Таксама пісалі лісты да ваяроў палку К. Каліноўскага. Прыйшла дзяўчына, якая збірала грошы на бронекамізэльку для свайго сябра. Былі ўкраінскія сцягі, беларускія сцягі.

Падчас пікніку можна было пачуць практычную інфармацыю, між іншым, як і дзе вывучаць польскую мову. Таксама сярод партнёраў арганізатараў пікніку было шмат украінцаў, што вельмі важна, паколькі цяпер у беларускіх пабліках шмат гаворыцца пра тое, як вайна можа папсаваць адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі, і што неабходна зрабіць усё, каб гэтага не дапусціць. Гэтай варажнечы няма сярод звычайных людзей, – адзначае Вольга Кавальская.

Уся гутарка ў далучаным гукавым файле аўдыё

нг