Беларуская Служба

77 гадоў прайшло з дня Аўгустоўскай аблавы

12.07.2022 14:15
Паводле даследаванняў, сапраўдная колькасць ахвяр Аўгустоўскай аблавы можа складаць дзве тысячы чалавек.
Аўдыё
  • 77 гадоў прайшло з дня Аўгустоўскай аблавы
, 77-
Гібы, 77-я гадавіна Аўгустоўскай аблавыPAP/Artur Reszko

77 гадоў таму, 12 ліпеня 1945 году, падраздзяленні Чырвонай Арміі, НКВД і савецкай контрвыведкі «Смерш» пачалі аперацыю на Сувальшчыне, у якой былі забітыя, як мінімум, некалькі сотняў партызанаў незалежніцкага падполля. Пастановай Сейму з 2015 года, 12 ліпеня ў Польшчы адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Аўгустоўскай аблавы.

Буйная пацыфікацыйная акцыя, праведзеная на польска-літоўскім памежжы – у Аўгустоўскай пушчы і ваколіцах – увайшла ў гісторыю як Аўгустоўская аблава. Акцыя ахапіла тэрыторыю амаль 3,5 тысяч квадратных кіламетраў. Гэта было найбуйнейшае пасляваеннае злачынства, здзейсненае саветамі супраць палякаў. У ліпені 1945 года былі арыштаваныя больш за 7 тысяч чалавек, частка з іх была пасаджана ў турмы і падвергнута жорсткаму следству. Каля 600 чалавек так і не вярнуліся дадому, а іх лёс дагэтуль невядомы. Сярод іх былі мужчыны, жанчыны і непаўналетнія; часта па некалькі чалавек з адной сям'і. Паводле гісторыкаў, хутчэй за ўсё, усе яны былі забітыя на падставе аднаго рашэння савецкіх уладаў і павінны лічыцца ахвярамі Аўгустоўскай аблавы. Паводле даследаванняў, сапраўдная колькасць ахвяр можа складаць 2 000 чалавек.

Кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык (Jan Józef Kasprzyk) нагадаў, што Аўгустоўская аблава была маштабнай аперацыяй:

- Для пацыфікацыі незалежніцкіх сілаў былі задзейнічаныя амаль 45 тысяч савецкіх жаўнераў, якія хутчэй за ўсё, па асабістым загадзе Ёсіфа Сталіна, вырашылі ліквідаваць тых палякаў, якія ў 1945 годзе лічылі, што «карычневая акупацыя» Польшчы была замененая «чырвонай акупацыяй». Яны не склалі зброю і надалей змагаліся за найважнейшую рэч, то бок за незалежнасць.

Сведкі Аўгустоўскай аблавы ў дэталях памятаюць тагачасныя падзеі. Антоні Лісецкі (Antoni Lisiecki), якому ўдалося пазбегнуць гібелі падчас аблавы, расказваў пазней, што размаўляў са шматлікімі сваякамі зніклых. Паводле яго, ахвяры Аўгустоўскай аплавы былі пахаваныя ў Гродзенскіх фартах у Беларусі:

- Ён (рэд. сведка) мне расказваў, што яго мама занесла мужу бялізну і ежу, але іх ужо загрузілі на грузавікі. Я пытаўся ў яго, ці не ведае, у якім напрамку іх павезлі. Ён кажа, што ў напрамку Гродзенскай дарогі. Простая справа, іх хутчэй за ўсё забілі і пахавалі ў Гродзенскіх фартах.

Старшыня Гістарычнага клуба ім. Арміі Краёвай у Аўгустове Данута Кашлей (Danuta Kaszlej), звяртала ўвагу, што ў аблаве, апрача людзей, звязаных з падполлем, загінулі таксама звычайныя мірныя жыхары:

- Сярод ахвяраў, ёсць таксама асобы, якія не былі звязаныя з падполлем. Калі яны шукалі, напрыклад, Станіслава Цеслюкоўскага жаўнера Арміі Краёвай, але яго не знайшлі, затое знайшлі 15 – гадовага сына Станіслава – то яго забралі. Усё, паводле іх было правільна – колькасць, прозвішча.

Сімвалічным месцам расстрэлу жыхароў Сувальшчыны лічыцца вёска Гібы каля Аўгустова. У 1991 годзе там быў адкрыты Помнік-крыж, ля якога штогод на памятных урачыстасцях збіраюцца сваякі загінулых.
Расследаванне па справе Аўгустоўскай аблавы як злачынства супраць чалавечнасці вядзе Інстытут нацыянальнай памяці. Вывучаны зыходныя матэрыялы, якія знаходзяцца ў Польшчы. ІНП апублікаваў на сваім сайце спіс ахвяраў аблавы, які яшчэ дапаўняецца.

Тамаш Лабушэўскі (Tomasz Łabuszewski) з Варшаўскага аддзялення Інстытуту нацыянальнай памяці кажа, што іншыя крыніцы адносна месцаў забойстваў і пахавання ахвяраў і колькасці ёсць у архівах Расійскай Федэрацыі:

- Гаворка ідзе пра 592 асобы і шмат іншых з больш чым 800, якія хутчэй за ўсё прайшлі допыты і таксама маглі быць забітыя. Таму сапраўдная колькасць ахвяраў на самой справе можа аказацца ў некалькі разоў большая, чым тая, пра якую зараз ідзе гаворка.

Гісторык расійскага «Мемарыяла» Мікіта Пятроў у 2020 годзе казаў Польскаму радыё, што расійскія ўлады хлусяць, маўляў, яны не ведаюць, што здарылася асобамі, зніклымі падчас Аўгустоўскай аблавы. Паводле яго, дакументы знаходзяцца ў Маскве, а расійскія ўлады робяць усё, каб не перадаць іх Польшчы:

- Пракуратура схавалася за зручнай формулай – «яны былі пад вартай, але іх не судзілі, і мы не ведаем, што з імі». Гэта глупства, таму што дзяржаўная ўлада не можа сказаць «мы арыштавалі чалавека, але не ведаем, што з ім». Дзяржава альбо вызваліла іх, альбо асудзіла і адправіла ў працоўны лагер, альбо забіла.

Саветы падчас аблавы планамерна акружалі цэлыя вёскі, абшуквалі лясы, затрымлівалі людзей па хатах, у палях і ў схованках. У імправізаваных лагерах арыштаваныя чакалі допыту, з рукамі звязанымі калючым дротам, у залітых вадой ямах, пад адкрытым небам. Некалькі дзясяткаў партызан трапілі ў рукі НКВД пасля бітвы на Брожаным возеры(Jezioro Brożane), якая доўжылася тры дні і стала найбуйнейшай сутычкай Аўгустоўскай аблавы.

З савецкага боку ў акцыі ўдзельнічалі часці 50-й арміі ІІІ Беларускага фронту, унутраныя войскі НКВД і супрацоўнікі ваеннай контрразведкі «Смерш». Супрацоўнікі Упраўлення грамадскай бяспекі, міліцыі і мясцовыя канфідэнты падтрымлівалі дзейнасць саветаў у якасці праваднікоў і перакладчыкаў, аказвалі дапамогу ў допытах.

У шыфратэксце кіраўніку НКВД Лаўрэнцію Берыі, кіраўнік контрразведкі «Смерш» генерал Віктар Абакумаў 21 ліпеня 1945 года паведамляў пра «ліквідацыю бандытаў у Аўгустоўскіх лясах».

Мерапрыемствы прысвечаныя сёлетняй гадавіне Аўгустоўскай аблавы працягваюцца ўжо некалькі дзён у Гібах, Аўгустове і Беластоку. Напрыклад, у Аўгустове сёння запланаваны першы Марш памяці ахвяраў Аўгустоўскай аблавы. Там можна будзе таксама пабачыць выставу, арганізаваную Інстытутам Пілецкага. У сваю чаргу ўвечары ў Беластоку запланаваны канцэрт «Ліпеньскія ангелы», арганізаваны Інстытутам нацыянальнай памяці.

IAR /аз

Прэм'ер: Мы не дапусцім вяртання «рускага міру» у Польшчу

10.07.2022 16:17
«Сувальшчына, Сейны, Аўгустаў, Саколка – усё Падляшша, уся ўсходняя Польшча – у бяспецы».