Беларуская Служба

Вучаніца і настаўніца з беларускай меншасці ў Польшчы сталі лаўрэатамі прэстыжнай узнагароды Diligentiae

19.09.2022 12:56
Больш на гэтую тэму прачытаем у тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва».
Аўдыё
  • Агляд  тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» № 38
 38
НІВА №38http://www.niva.bialystok.pl/


Вільня – горад многіх помнікаў, знакаў і сэнсаў, – піша ў рэпартажы з літоўскай сталіцы Уршуля Палюховіч. – Тут можна пашпацыраваць камернымі брукаванкамі, абапал якіх стаяць былыя яўрэйскія будынкі, захапляцца архітэктурай польскіх каралёў, мінуўшчынай літоўскіх князёў, адчуць беларускі дух, пабачыць царскія будынкі, насыціць вочы хрысціянскімі абразамі і іконамі, паназіраць за савецкай архітэктурай. Вільня гэта мноства гарадоў, гарадоў усіх нацыянальнасцей паасобку, якую складае паблытаная тапаграфія і пакручаная тапанімія, у якіх фіксуюцца розныя тоеснасці. Найбольш насычаны стары горад, які сёння выдатна падрыхтаваны пад турыстычны кансюмерызм. Вільня захавала ў сваёй архітэктуры сляды вялікіх ідэалогій, якія, так як прыйшлі, так і адыходзілі. Складаецца ўражанне, што горад не заўсёды быў падрыхтаваны на такія хуткія змены. Часта ідэалогія цягнула за сабой знішчэнне непрымальных сімвалаў, слядоў гарадской памяці. Кожны наступны рэжым аддаваў перавагу ўмацаванню сваіх культурных і сімвалічных знакаў шляхам змены назваў, прысвоеных гарадскім прасторам, стварэння культурных устаноў, прасоўвання публікацыі «правільных» гісторый і кантролю за моўнай аднастайнасцю. Гэтыя ўсе стратэгіі выключэння «іншых» з гарадской прасторы Вільні ператварылі яе ў горад з велізарным патэнцыялам для новай ідэнтычнасці, заснаванай на свабодзе і незалежнасці. Варта дадаць, што Вільня вельмі адкрытая на турыстаў. Наведвальнікі не толькі могуць пазнаць польскую, яўрэйскую, беларускую ці казачную Вільню, але таксама савецкую, а турфірмы абвяшчаюць, што экскурсаводы ў нейкай ступені таксама рэлікты мінуўшчыны, бо памятаюць савецкі час.


Апрача Грабаркі Праабражэнне Гасподняе вельмі ўрачыста святкуецца на горцы каля Сакоў, – піша Аляксей Мароз. – Паломнікі ў дзень свята дабіраліся на горку на розных сродках транспарту і, канешне, пяшком. Памаліцца прыехалі таксама асобы, якія напярэдадні свята маліліся на Грабарцы. Стаяць тут таксама старыя крыжы, прывезеныя сюды жыхарамі навакольных вёсак. Самы вялікі драўляны крыж знаходзіцца ззаду Дзмітрыеўскай царквы. Прымацаваны ён зараз да бетоннага падмурку і замяніў стары струхлелы крыж. Пракоп Івацік з Пасечнікаў-Вялікіх пазбегнуў смерці ў 1946 годзе, што спасцігла трыццаць вазакоў з наваколля Белавежскай пушчы. Пасля малітваў да велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага ўдалося Пракопу ўцячы і выратавацца ад смерці з рук жаўнераў падполля, якімі камандаваў Рамуальд Райс «Буры». Каб падзякаваць Богу і святому велікамучаніку Дзмітрыю, Пракоп усталяваў на горцы каля царквы драўляны крыж, які з часам быў заменены новым. Многія вернікі ў Саках стаялі ў цяньку дрэў паміж старымі драўлянымі крыжамі і сучаснымі помнікамі. Сакоўскі краявід з векавымі дрэвамі крыху напамінае Гару Грабарку і спасылаецца на гару Фавор і здзейсненае там Праабражэнне Гасподняе.


У верасні Музей Малой айчыны ў Бельску зладзіў канферэнцыю пад лозунгам «Студзіводы – Бельск – Супрасль – Вільня». Нашага журналіста Аляксандра Вярбіцкага зацікавіла тая яе частка, якая звязана з цікавым і загадкавым месцам – Паўліновам. А цікавая там капліца Шульцаў, пра якую ў аўтара не было больш грунтоўных ведаў. І вось з'явілася нагода запоўніць гэты прабел інфармацыяй «з першых рук», паколькі з дакладам пра сямʼю Шульцаў выступіла там Багуміла Олех, дачка Ежы Шульца. Сямʼя Шульцаў выводзіцца з Паўночнай Германіі, з Любека, адкуль у пачатку XVIII стагоддзя трапілі ў Курляндыю, у Мітаву. Прадзед дакладчыцы Эдвард Шульц пасля завяршэння ляснога факультэту ў Пецярбургу, у 1864 годзе зʼявіўся ў Галадах на пасаду мясцовага ляснічага. І ён у даволі вялікім доме ў Галадах выхоўваў дванаццацера дзяцей. З часам Шульцы сталі паступова пераносіцца ў Паўлінова. Амаль усе яго дзеці, закончыўшы вучобу ў Пецярбургу, засталіся па тым баку; па польскім баку застаўся дзед дакладчыцы ды ягоная сястра, якая жыла каля Цеханоўца. Апошнія патомкі Эдварда распаўзліся па свеце, ад Уладзівастока па Фларыду. У Паўлінове засталася па ім адзіная ў наваколлі не рамантаваная гістарычная капліца. Капліца і могілкі занесены ў спіс помнікаў даўніны, таму Багуміла Олех нямнога можа сама зрабіць. Да таго патрэбная згода рэстаўратарскіх устаноў. Чатырохразавае хадайніцтва ў Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны аказалася безвыніковым.


Кожны год у верасні разам з пачаткам школы ў Беластоку ўручаюць ганаровую ўзнагароды – Медаль Diligentiae для самых выдатных вучняў і іх настаўнікаў, – піша Ганна Канлрацюк, якая паведамляе, што сярод дзевяноста ўзнагароджаных апынулася «ніўская» дзяўчынка Ніка Паўлоўская, дачка нашага дызайнера і тэхнічнага рэдактара. Медаль Diligentiae атрымала яна за сумленнасць і выдатныя вынікі ў навуцы. Асаблівасць адзнакі ў тым, што вучань сам вызначае настаўніка, якога хацеў бы ўзнагародзіць Медалём Diligentiae. І тут чарговая радасць – узнагарода трапіла ў рукі настаўніцы беларускай мовы Аліны Ваўранюк, аўтаркі падручнікаў і аніматаркі беларускай культуры, якая шчаслівай рукой суправаджала Ніку ад першага па восьмы клас пачатковай школы. Медаль мае доўгую гісторыю, яго ўстанавіў кароль Станіслаў Аўгуст у 1767 годзе для самых выдатных выхаванцаў корпусу кадэтаў у Варшаве. Узнагароду для Нікі Паўлоўскай і яе настаўніцы Аліны Ваўранюк уручыў сам прэзідэнт горада Беластока Тадэвуш Трускаляскі.

Віталь Луба


Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы