Беларуская Служба

Аляксандр Апейкін: Антываенная дэкларацыя – гэта адзіны шанец для беларускіх спартсменаў

23.09.2022 16:20
У 2022 годзе Фонд спартыўнай салідарнасці, які аб'ядноўвае вольных беларускіх спартсменаў, выступіў у падтрымку Украіны.
Аўдыё
  • Аляксандр Апейкін: Антываенная дэкларацыя – гэта адзіны шанец для беларускіх спартсменаў
Аляксандр Апейкінпрыватны архіў спартсмена

Вельмі істотным момантам стала стварэнне антываеннай дэкларацыі, якая стала адзіным шанцам для беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія хочуць выступаць на міжнародных спаборніцтвах.

Апошнія паўгады праца фонду прайшла пад знакам Украіны, расказвае выканаўчы дырэктар Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

-Мы сабралі рэальна вялікую колькасць гуманітарнай дапамогі. Змаглі знайсці агульную мову з украінскімі спартыўнымі ўладамі. Мы вядзем з імі дыялог, спрабуем дапамагаць і ўкраінскім спартсменам. Гэта вельмі важна, што ва Украіне нас прымаюць нармальна. У галіне спорту не было нагонкі і непаразумення. Канешне, украінцаў трэба зразумець. Там ідзе вайна, але канструктыў асабліва са спартсменамі, якія выказалі антываенную пазіцыю, ёсць. Канешне, цяпер украінскія спартсмены не прымаюць беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія не выказалі падтрымку, не далучыліся да антываеннай дэкларацыі.

Антываенная дэкларацыя – гэта ініцыятыва менавіта беларускіх спартсменаў. Яе падпісалі больш за 600 чалавек. З іх больш за 50 – алімпійскія чэмпіёны, больш за 120 – чэмпіёны свету і Еўропы. Аляксандр Апейкін кажа, што гэта ўнікальная ініцыятыва ў сусветным маштабе.

-Гэта вельмі сур’ёзная з’ява. Беларуская ініцыятыва стварае дэкларацыю, якую падпісваюць чэмпіёны і алімпійцы. Дзе яшчэ такая ініцыятыва? А гэта вельмі важны інструмент, над якім мы далей працуем. Для многіх беларускіх і расійскіх спартсменаў гэта будзе адзіная магчымасць атрымаць у бліжэйшым часе доступ да спаборніцтваў. Іншага шляху проста не будзе. Трэба разумець, што дапускаць беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў пачнуць дзесьці толькі ў 2025 годзе. Гэта з улікам, што ў 2023 годзе закончыцца вайна. Не ўсе столькі могуць чакаць. Падпісанне дэкларацыі дае магчымасць Фонду спартыўнай салідарнасці напісаць хадайніцтва. Гэта не дае, канешне, 100 працэнтаў гарантыі, але мы можам спрабаваць. Напрыклад, з Міністэрствам спорту Польшчы ў нас падпісаная дамоўленасць, распрацаваныя крытэрыі, па якіх спартсменаў будуць дапускаць да спаборніцтваў у Польшчы. Некаторыя федэрацыі таксама пачынаюць дапускаць, але ў чалавека павінна быць канкрэтна выказаная антываенная пазіцыя.

Аляксандр Апейкін кажа, што цяпер са спорту выпадае як мінімум два пакаленні беларускіх спартоўцаў. Беларускі спорт – у заняпадзе, светлыя перспектывы наступяць праз 10-15 гадоў.

-З-за бану, які існуе, выпадае два пакаленні спартсменаў. Спартсмены, якім каля 30, будуць заканчваць кар’еру. Тым, каму 18-21, яны не будуць бачыць перспектывы. Гэта не будзе іх жыццёвая перспектыва. Акрамя таго, спорт можа існаваць толькі ў міжнародным фармаце. На нацыянальным узроўні спорт нікому не цікавы. Сэнс у тым, каб выступаць на міжнародных спаборніцтвах, разам з наймацнейшымі атлетамі. Мы скацімся ў яму па ўсіх відах спорту. Футбол ужо там. Мы на апошніх месцах у рэйтынгах УЕФА. Гульнявыя віды спорту будуць страчаны надоўга. Хакей таксама. Хакей трэба будзе ўвогуле расфарматаваць, ці панізіць да рэйтынгу аматарскага. Выдаткі на хакей, якія цяпер у Беларусі, яны не натуральныя. Развіцця хакею няма, выдаткі высокія. За гэтыя сродкі можна падтрымліваць іншы від спорту, які будзе даваць вынік. Агулам, спорт сутыкнецца з вялікім падзеннем.

Фонд вызначыў 30-е верасня Днём спартыўнай салідарнасці. 30 верасня – гэта сімвалічная дата. Два гады таму, 30 верасня 2022 года, рэжымам Лукашэнкі была затрымала беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка. Алена пацярпела за тое, што выйшла падтрымаць свой народ і выступіць супраць гвалту і хлусні. Пасля яе затрымання шмат беларускіх спартсменаў і клубаў выказалі сваю салідарнасць з ёй і байкатавалі спартыўныя чэмпіянаты. Пачалася хваля спартыўнай салідарнасці.

ав

слухайце аўдыё

Свабодныя спартсмены стварылі грамадскую камісію для падтрымкі беларускага палка «Пагоня»

14.09.2022 10:45
Аўтарытэт вядомых спартсменаў павінен дапамагчы павысіць давер беларускага грамадства і беларускай дыяспары да збору сродкаў.