Беларуская Служба

Вольга Якубоўская пра серыю «Коцікі свабоды»: Я не спынюся, пакуль не выйдзе апошні палітвязень

19.01.2023 10:18
У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве можна паглядзець выставу карцін Вольгі Якубоўскай, якая праходзіць пад назвай «Малюю нашае жыццё».
Аўдыё
  • Вольга Якубоўская пра серыю «Коцікі свабоды»: Я не спынюся, пакуль не выйдзе апошні палітвязень
Вольга Якубоўская на выставе ў Музеі Вольнай Беларусіфота: Алена Ляшкевіч, budzma.org

Калі ў 2020 годзе пачаліся масавыя рэпрэсіі, беларусы пачалі шукаць шляхі барацьбы, кожны абіраў дарогу па сваіх магчымасцях і жаданнях. Творчыя людзі пісалі вершы, запісвалі песні, малявалі графіці, стваралі малюнкі. Сярод апошніх паявіліся малюнкі з коцікамі, якія былі ўвасабленнем адважных і смелых людзей пратэстаў. Іх аўтаркай з’яўляецца Вольга Якубоўская.


Першая карціна В.Якубоўскай пра Ніну Багінскую Першая карціна В.Якубоўскай пра Ніну Багінскую

Мастачка расказвае, што пасля 9 жніўня 2020 году яна была ў шоку, а малюнак стаў ратункам.

-Гэта быў стан, калі чалавек нічога не можа зрабіць, акрамя таго як плакаць. Было адчуванне, што ў табе велізарная дзірка, праз якую сыходзяць усе твае сілы. У пэўным моманце я зразумела, што, калі я не пачну нешта рабіць, то я з’еду з глузду. Я разумела, што я мастак і нічога акрамя таго, што маляваць, не магу нічога. Я пачала ўгаворваць сябе сесці і маляваць. Я і малявала коціка.

У гэты момант, расказвае Вольга Якубоўская, перад вачамі паяўляецца здымак Ніны Багінскай са сцягам. Так паявілася першая карціна з серыі, прысвечаная легендарнай беларусцы. Яна ідзе з бел-чырвона-белым сцягам, а вакол яе – ваўкі. Змясціўшы здымак карціны ў сацсетках мастачка пачала атрымліваць водгукі.

-Мне напісала велізарная колькасць людзей. У гэты момант яны адчувалі сябе таксама як і я: белым, пушыстым коцікам, які ў жыцці не рабіў нічога кепскага, які проста хацеў прагаласаваць і нешта змяніць. А атрымалася, што на нас выйшлі ваўкі са сваімі дубінамі. Я не спадзявалася, што будзе такая рэакцыя, мяне прасілі працягваць.

Так паяўляліся чарговыя карціны. Вольга Якубоўская расказвае, што ў пэўны момант яна адчула сябе ілюстратарам-рэпарцёрам, які ілюструе жыццё, якое бачыць. На жаль, дакументацыя жахлівай казкі працягваецца, гаворыць мастачка. Адначасова верыць, што беларуская казка закончыцца добра.

Вольгу сустрэў лёс эмігранта. Яна лічыць, што не мае права стаміцца і апусціць рукі.

-Гэта будзе несправядліва ў дачыненні да тых, хто застаўся ў краіне, хто сядзіць у турме. Ім у сто разоў горш, чым мне, а яны з турмы стараюцца падтрымліваць тых, хто на волі. Пакуль апошні палітвязень не выйдзе з турмы, пакуль Беларусь не стане краінай, пра якую мы ўсе марылі, я не спынюся, я буду працягваць. Працы ў мяне на некалькі жыццяў. У нас толькі па афіцыйных дадзеных 1,5 тысячы палітвязняў, а не па афіцыйных – пяць. І гэта толькі тыя, хто пацярпеў на прамую, а ёсць тыя, хто пацярпеў ускосна. Калі маляваць кожнага з іх, то ў мяне намаляваны шлях на доўгія гады наперад. Я б хацела, канешне, каб яны выйшлі хутка. У мяне няма іншай магчымасці, я буду далей маляваць. Нават калі мне перастануць пісаць, пачнуць гаварыць, што гэта глупства і нікому не трэба, але гэта дапаможа аднаму чалавеку, я ўсё роўна буду гэта рабіць.

Пачуцці, якія беларусы перажылі ў жніўні 2020, Вольга Якубоўская нанова адчула 24 лютага. Так нарадзілася серыя карцін пра Украіну, на якой не коцікі, а анёлы.

-Для мяне гэта так жахліва, што акрамя анёлаў мне нічога ў галаву не прыйшло. Бо спадзяешся на божыя сілы, што людзі выстаяць у гэтым жаху. Украіна пераможа адназначна, варыянтаў быць не можа. Немагчыма перамагчы цэлы народ. Адна карціна была прададзеная на аўкцыёне, я б з радасцю перадала ўсе астатнія, прысвечаныя Украіне, каб яны прынеслі карысць. Паколькі ўсе працы былі зробленыя з любоўю і болем.


. фота: Алена Ляшкевіч, budzma.org

Беларусам Вольга Якубоўская жадае захоўваць веру і памяць аб тым, дзеля чаго ўсе паўсталі ў жніўні 2020 года.

У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве да апошніх дзён студзеня можна паглядзець выставу карцін (арыгіналы і рэпрадукцыі) Вольгі Якубоўскай, якая праходзіць пад назвай «Малюю нашае жыццё». Там ёсць серыі «Коцікі свабоды» і «Анёлы», прысвечаная Украіне.

ав

Поўная размова з Вольгай Якубоўскай - у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё