Беларуская Служба

Краіны Балтыі і Польшча не саступяць: яны хочуць адхіліць Расію і Беларусь ад Алімпіяды ў Парыжы

01.02.2023 10:41
Фронт супраць Расіі і Беларусі афіцыйна пашырыўся ў апошнія дні.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/anncapictures

Краіны Балтыі і Польшчы не саступяць. Яны хочуць адхіліць Расію і Беларусь ад Алімпіяды ў Парыжы, чытаем на партале niezalezna.pl.

Міжнародны алімпійскі камітэт прапанаваў план па вяртанні спартсменаў з Расіі і Беларусі, якія маглі б выступаць пад нейтральным сцягам. Гэта было сустрэча крытыкай. Краіны Балтыі і Польшча ў аўторак падтрымалі просьбу Украіны цалкам адхіліць усіх расійскіх і беларускіх спартоўцаў ад Алімпіяды-2024 у Парыжы, палічыўшы план МАК амаральным і памылковым.

«Рашэнне дазволіць удзельнічаць расіянам і беларусам у наступнай Алімпіядзе з'яўляецца амаральным і памылковым», – напісаў у Твітары міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс у кулуарах сустрэчы з польскім, эстонскім і літоўскім калегамі.
Латвійскі алімпійскі камітэт ужо прыгразіў байкатаваць Гульні: «Латвія не будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе разам з краінай-агрэсарам».

Латвія далучылася да пазіцыі Кіева, які выказаў рашучы пратэст, калі ў мінулую сераду Міжнародны алімпійскі камітэт прапанаваў план, накіраваны на вяртанне спартсменаў з Расіі і Беларусі пад нейтральны сцяг пры ўмове, што яны не будуць «актыўна падтрымліваць вайну ва Украіне».

Фронт супраць Расіі і Беларусі афіцыйна пашырыўся ў апошнія дні, тры балтыйскія краіны (Латвія, Літва, Эстонія) і Польшча выступаюць супраць прысутнасці расіян і беларусаў на Алімпійскіх гульнях.

На мінулым тыдні міністр спорту Польшчы Каміль Бартнічук заявіў, што «не можа ўявіць» магчымасць удзелу расіян і беларусаў у Алімпійскіх гульнях.

Прэмʼер-міністр Эстоніі Кая Калас заявіла ў панядзелак, што дазвол расіянам удзельнічаць у спаборніцтвах «быў бы здзекам з украінцаў».

Міністр адукацыі Літвы, якая павінна сустрэцца са сваімі калегамі па спорце Латвіі і Эстоніі, дала зразумець, што будзе заклікаць іх патрабаваць адхілення расіян і беларусаў ад Алімпійскіх гульняў.

ав/niezalezna.pl