Беларуская Служба

У Беларусі зусім не да законаў

03.02.2023 12:06
У Мінску працягваецца суд над праваабаронцамі з «Вясны». З агучаных матэрыялаў вынікае, што законнасці ў краіне не засталося.
Аўдыё
  • Суд над праваабаронцамі з цэнтру "Вясна"
Ілюстрацыйны здымакsb.by

Лукашысты два гады вялі «аператыўную распрацоўку» праваабаронцаў, каб сфальсіфікаваць справу, дзеля дэманстрацыі таго, што за дапамогу людзям у адстойванні іх правоў у Беларусі пагражае турма.

У судзе Ленінскага раёна Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна СтэфановічаУладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва (завочна). На днях завяршылася стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе «Вясны» — агучаны ўсе 284 тамы. З агучаных матэрыялаў вынікае, што лушакашысты ішлі на любыя парушэнні, каб асудзіць праваабаронцаў. Супрацоўнкі ГУБАЗіКа ў верасні 2020 года пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. Таксама сілавікі ўстанавілі назіранне за брэсцкім праваабаронцам, а ў офісе — відэакамеру. Яны ж праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку.

Мы папрасілі пракаментаваць справу праваабаронцу Змітра Салаўёва. Гэта абсалютна «сталінскі» працэс, кажа адмысловец.

- Гэта цалкам сфальсіфікаваная справа ў дыху прапагандыстаў 1930-ч гг.. Яны робяць паказальны суд. Тады рабілі суды над нібыта «ворагамі народа», насамрэч над тымі, хто не падтрымліваў дзеянні сталіністаў. Цяпер спрабуюць пакараць ды абліць брудам людзей, якія па-сапраўднаму дапамагалі людзям абараняць свае правы. Яны дзейнічаюць як прапагандысты Гебельса, а ў дадатак фізічна здзекуюцца над праваабаронцамі на камеру.

Якія канкрэтныя прыклады вы можаце назваць?

- Пасля прысуду будзе сэнс разбіраць, цяпер працэс працягваецца, і я не хацеў бы, каб яны выкарыстоўвалі нейкія каментарыі. Цяпер у Беларусі немагчыма абараніць свае правы ў судовым працэсе. Відавочна, што яны даўно рыхтавалі кампанію супраць праваабаронцаў, рабілі мноства незаконных захадаў. У іх няма ніякіх законаў. Яны хацелі нашкодзіць людзям, якія абараняць правы іншых ва ўмовах дыктатуры, ліквідаваць праваабарончую падтрымку.

У сваёй праваабарончай дзейнасці вы сутыкаліся з прадстаўнікамі лукашысцкай сістэмы. Больш за 20 год яна дзейнічала абапіраючыся на законы. Што сталася за 2 гады, што цяпер законнасць знікла і адраджаюцца сталінскія практыкі?

- Тое, што зараз адбылося, рыхтавалася лукашыстамі ўсе 26 гадоў. З 1995 года гэта практыка ўзмацнялася. Цяпер у Беларусі сфармаваная сістэмы выканаўцаў па прынцыпу Гестапа – карны механізм. Незалежных судоў у Беларусі за Лукашэнкам ніколі не было. Раней было так, што нейкія законы выконваліся, але людзі пагаджаліся на дыктатуры, жылі па прынцыпу «не звяртай увагі». Беззаконне проста не было такім жорсткім.

У Беларусі лукашысты «судзяць» праваабаронцаў з цэнту «Вясна». Галоўная іх віна ў тым, што яны дапамагалі беларусам бараніць свае правы, якія парушалі лукашэнкаўскія «праваахоўнікі». Справа «Вясны» паказвае, што беларуская праваахоўная сістэмы пераўтварылася ў карную.

Юры Ліхтаровіч