Многія дзеці ўкраінскіх уцекачоў у Польшчы вучацца з перапынкамі на сігналы бомбавай трывогі або зусім не вучацца, піша ў панядзелак Rzeczpospolita.
Штодзённік нагадвае, што найбольшая колькасць дзяцей-уцекачоў наведвае польскія пачатковыя школы – 122 тысячы. У сярэдніх школах іх 28 тысяч. Такім чынам кожны чацвёрты падлетак 15-18 гадоў, які прыехаў у Польшчу пасля пачатку вайны, вучыцца ў польскай школе.
Украінскія бацькі запісваюць дзяцей у польскія школы з практычных меркаванняў. Калі б малодшыя школьнікі працягвалі вучыцца толькі ва ўкраінскай сістэме ў дыстанцыйнай форме, маці не маглі б працаўладкавацца на польскім рынку працы. Дзеці засталіся б без нагляду.
«Вядома, што польскія школы не змаглі б прыняць сотні тысяч дадатковых дзяцей за адну ноч. Аднак цяпер многія дзеці ўвогуле не карыстаюцца адукацыяй або мы не ведаем, ці карыстаюцца яны. Мы меркавалі, што яны вучацца онлайн ва ўкраінскіх школах. Аднак спадзявацца, што дзяржава, якая ваюе, бамбуецца і чыя інфраструктура разбураецца кожны дзень і дзе адключаецца электраэнергія, будзе несці цяжар навучання грамадзян, якія пражываюць у Польшчы, нерацыянальна», – ацаніла ў інтэрв'ю старшыня Польскага міграцыйнага форуму Агнешка Касовіч у інтэрвʼю газеце.
Паводле газеты, справай пачалі цікавіцца замежныя арганізацыі, у тым ліку Міжнародная фундацыя CARE у Польшчы, якая хоча вывучыць патрэбы ўкраінскай моладзі, якая не наведвае школы ў Польшчы.
Згодна з законам аб адукацыі, адукацыя ў Польшчы зʼяўляецца абавязковай да 18 гадоў. Школьны абавязак дзіцяці пачынаецца з пачатку навучальнага года ў каляндарным годзе, у якім дзіцяці спаўняецца сем гадоў. Аднак адукацыя – гэта не толькі абавязак, але і гарантаванае канстытуцыяй права, чытаем у Rzeczpospolita.
ав