Беларуская Служба

База польскай культурніцкай спадчыны за мяжой стала даступная ў інтэрнэце

09.03.2023 15:07
Больш за 44 тысячы запісаў пра польскія помнікі за мяжой можна знайсці на новым інтэрнэт-партале «Спадчына за мяжой. База дадзеных».
Аўдыё
  • База польскай культурніцкай спадчыны за мяжой стала даступная ў інтэрнэце
.
..

На старонцы baza.polonika.pl знаходзіцца інфармацыя пра польскія помнікі, надмагіллі і польскія могілкі, у тым ліку ваенныя, якія размешчаныя за межамі Польшчы, расказвае Дарота Янішэўская-Якубяк, дырэктар Нацыянальнага інстытуту культурнай спадчыны замежжа «Polonika»:

-Гэта аб'екты з цэлага свету. Гэта не толькі спадчына былых тэрыторый Рэчы Паспалітай. Гэта таксама спадчына польскай міграцыі падчас падзелаў Польшчы, перш за ўсё спадчына эміграцыі. Гэта база абʼектаў, якія стваралі, будавалі палякі, але і абʼекты, якія будаваліся ці ствараліся для палякаў. Такіх абʼектаў у цэлым свеце ёсць вельмі шмат. Напрыклад, гэта працы нашых інжынераў, як Рудольф Маджэеўскі ў Злучаных Штатах.

Гісторык мастацтва і рэдактар парталу, доктар Бартламей Гутоўскі гаворыць, што партал адрасаваны навукоўцам, польскай супольнасці і палякам, якія вандруюць па свеце:

-Нашая база – гэта не проста база пра абʼекты культурніцкай спадчыны. Гэта інфармацыя, сабраная спецыялістамі, правераная. Таму гэта інфармацыя адпавядае рэчаіснасці. Гэта людзі, якія вядуць рознага тыпу геаналагічныя даследаванні. Многія з нас цікавяцца сваімі продкамі. Палякі сяліліся ў розных месцах. І тут, дзякуючы інфармацыі аб могілках, часамі можна знайсці такія звесткі.

Неад’емнай часткай парталу зʼяўляецца база даных польскіх ваенных пахаванняў і могілак за мяжой, расказвае Ежы Платайс, намеснік дырэктара Дэпартаменту культурнай спадчыны за мяжой і мемарыяльных мясцінаў Міністэрства культуры:

-Цяпер у нас правераныя дадзеныя з 58 краін. Украіна, Расія, Літва, Усход. Кожны, хто думае пра ваенныя могілкі, пералічвае гэтыя месцы. Гэта таксама Монтэ-Касіна, Танзанія, Лібан, Узбекістан. Многімі месцамі мы апякуемся. На канец 2021 году гэта было каля 90 месцаў.

Падчас прэзентацыі парталу віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі падкрэсліў, што гэта надзвычай важная справа. Ён гаварыў, што партал з’яўляецца часткай гістарычнай палітыкі Польшчы, накіраванай на захаванне памяці аб культурнай спадчыне і на развіццё ведаў аб матэрыяльнай спадчыне.

-Мы чакалі ўзнікнення такога парталу, то бок доступу да ведаў аб польскай спадчыне за мяжой. Была патрэба, каб такая база была ў інтэрнэце. Яна працуе ў трох катэгорыях: надмагіллі і могілкі. Як гэта выглядала, як выглядае цяпер. Другое – гэта самыя розныя месцы, звязаныя з польскай спадчынай. І нарэшце – ваенныя магілы і могілкі. Усё гэта служыць дэбатам, абмену інфармацыяй. Усе, хто ездзіць па свеце, мае цяпер значна больш спрошчаны доступ да інфармацыі. Яны таксама могуць дзяліцца ведамі, звяртаць увагу на патрэбу зменаў і напрамак развіцця, паколькі партал жывы, стала развіваецца. Такія планы аўтараў парталу, – гаварыў Гліньскі.

На дадзены момант налічваецца 44 293 запісы, у тым ліку каля 300 пра польскія месцы, дакументацыя 168 грамадзянскіх могілак, 10 752 надмагіллі, 26 617 апісанняў асобаў і звесткі пра ваенныя могілкі.
Упісваючы ў пошукавую сістэму слова «Беларусь» паяўляецца каля 100 вынікаў. Ёсць там, як польскія магілы, так і прыклады польскай архітэктуры (Дом афіцэраў у Гродне – адзін з найбольш цікавых узораў авангарднага мадэрнізму ў польскай архітэктуры міжваенных гадоў), а таксама мастацтва (карціна Фердынанда Рушчыца «Перад касцёлам»). Кожны абʼект суправаджаецца змястоўным апісаннем.

Партал baza.polonika.pl будзе пастаянна развівацца. Яго стваральнікі заахвочваюць усіх да супрацоўніцтва: дасылаць інфармацыю, фатаграфіі і артыкулы пра польскую культурную спадчыну за межамі Польшчы.

Інстытут «Polonika», пачынаючы сваю дзейнасць у канцы 2017 года, адной з найважнейшых задач вызначыў неабходнасць збору і прэзентацыі дакументацыі, якая ўзнікла ў Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны, так і падчас бягучых праектаў Інстытуту. Установа з самага пачатку хацела стварыць інструмент, якім маглі б скарыстацца і іншыя.

слухайце аўдыё

ав