Беларуская Служба

Сацапытанне: звыш 80% палякаў мяркуе, што трэба лібералізаваць закон аб перарыванні цяжарнасці

10.03.2023 11:58
З іх 56,8% лічыць, што аборт павінен быць магчымы па жаданні да 12 тыдня цяжарнасці.
Ілюстрацыйны здымакфота: Shutterstock/GagliardiPhotography

Rzeczpospolita прыводзіць вынікі апытання наконт закона, які забараняе аборты: звыш 80% палякаў выказваецца за лібералізацыю заканадаўства. У тым ліку 56,8% лічыць, што аборт павінен быць магчымы па жаданні да 12 тыдня цяжарнасці.

Амаль 27 працэнтаў хацелі б вярнуць кампраміснае рашэнне, калі аборт быў магчымы пры выяўленні сурʼёзнага і незваротнага дэфекту плоду. Толькі 11,5% лічаць дзейнае заканадаўства правільным (яно амаль цалкам забараняе перарыванне цяжарнасці – рэд.).

Выбарцы Абʼяднаных правых сілаў вельмі разʼяднаныя па пытанні абортаў. 39 адсоткаў хацелі б захаваць актуальнае права, але 42% жадаюць вярнуць так званы «кампраміс па пытанні абортаў». Сярод прыхільнікаў апазіцыі каля 70 адсоткаў выступае за дапушчальнасць аборту да 12 тыдня цяжарнасці.

Доступ да абортаў стаў ужо актуальнай тэмай выбарчай кампаніі. Дарэчы, пазіцыя Дональда Туска і яго партыі – апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» не выклікае здзіўлення. Калі раней яны хацелі вярнуцца да сітуацыі, якая існавала перад рашэннем Канстытуцыйнага суда, то з мінулага года апазіцыя рашуча выступае за шырокую лібералізацыю. «Аборт да 12 тыдня цяжарнасці – гэта рашэнне жанчыны, а не святара, пракурора ці партыйнага актывіста», – заявіў Туск у жніўні. І абвясціў, што гэта будзе першы законапраект, прадстаўлены пасля выбараў. Лібералізацыю паслядоўна падтрымліваюць левыя сілы.

Змена стаўлення палякаў да абароны жыцця бачная няўзброеным вокам. Маятнік усё больш хіліцца ў бок лібералізацыі. Амаль палова апытаных палякаў (45,8%) выступаюць за правядзенне рэферэндуму па гэтым пытанні.

нг