Беларуская Служба

У Польшчы ідзе вострая спрэчка вакол дакументальнага фільма пра Папу-паляка

13.03.2023 12:44
Улады і некаторыя СМІ абараняюць добрае імя Яна Паўла Другога.
Jan Paweł II
Jan Paweł IIPAP/Paweł Kopczyński

Інтэрнет-выданне niezalezna.pl змясціла крытычны артыкул адносна тэксту партала Onet, які з'яўляецца папулярным польскім СМІ з нямецкім капіталам.

Сёння раніцай Onet змясціў артыкул пад назвай «А як наконт таго, каб абмяркоўваць папу ў школе? Настаўнік размаўляў з вучнямі пра Яна Паўла Другога: яны казалі, што хочуць ведаць праўду». Niezalezna.pl лічыць, што тэкст выглядае моцна антыпапскім. Адрэагаваў таксама міністр адукацыі Пшэмыслаў Чарнэк, які не хаваў збянтэжанасці чарговым нападам на Польшчу і палякаў.

Onet напісаў, што настаўнік ліцэю ў Вроцлаве Марэк Ендрыхоўскі абмяркоўваў з вучнямі рэпартаж пра Яна Паўла Другога, у якім «прадставілі доказы, якія б сведчылі аб прыкрыцці Каралем Вайтылам педафіліі ў польскім касцёле».

– Я спытаў у сваіх вучняў, як яны ўспрымаюць рэпартаж пра Яна Паўла Другога. Ці яны, як некаторыя палітыкі, таксама лічаць, што гэта ўдар па Польшчы? (...) Яны сказалі, што хочуць ведаць праўду. У апошнія гады шмат гавораць пра педафілію. Яны лічаць, што ўсе гэтыя пытанні трэба высветліць да канца – сказаў для Onet Марэк Ендрыхоўскі.

Ён сам [Ендрыхоўскі] таксама лічыць, што справу трэба высветліць да канца, але без удзелу палітыкаў. 

«Касцёл у той час быў у вельмі моцнай апазіцыі да ўладаў ПНР. (...) Касцёл тады быў абложанай крэпасцю. Але гэты час мінуў, таму прыйшоў час сказаць праўду. Надышоў час аднавіць пазіцыю Касцёла, які павінен функцыянаваць у грамадстве, бо для многіх людзей гэта важная ўстанова, таму яна павінна быць адкрытай для таго, каб сутыкнуцца з мінулым», тлумачыў настаўнік.

Niezalezna.pl лічыць, што падобныя артыкулы маюць палітычны сэнс і зʼяўляюцца мэтанакіраванай атакай супраць Польшчы і палякаў. Інтэрнет-выданне нагадала, што некалькі дзён таму ў Сэйме была прынятая рэзалюцыя ў абарону добрага імя св. Яна Паўла Другога.

На сайце зазначаецца таксама, што «міністр адукацыі Пшэмыслаў Чарнэк не застаўся абыякавым да тэксту, які падарваў добрае імя Папы-паляка. Міністр дадаў запіс у Twitter, у якім крытыкуе агідны тэкст Onet.

«Сцвярджэнні, маніпуляцыі, фэйкі службаў бяспекі не адпавядаюць рэчаіснасці (аўтар дакументальнага фільму ў якасці доказаў выкарыстаў архівы камуністычных службаў бяспекі- рэд.) І на фоне выбітных і пaцверджаных дасягненняў Караля Вайтылы/Яна Паўла Другога гэта проста поўная дэзынфармацыя», – напісаў палітык.

Niezalezna.pl нагадала, што ў панядзелак, 6 сакавіка, тэлеканал TVN 24 паказаў рэпартаж Марціна Гутоўскага «Franciszkańska 3», у якім гаварылася, што нібыта Папа Ян Павел Другі ведаў пра выпадкі педафіліі сярод святароў. «Палякі не згодныя з абвінавачаннямі, у прыватнасці таму, што Папа Рымскі, як асоба, якая памерла ўжо гады таму, не можа абараніць сябе...», канстатуе niezalezna.pl

яс