Беларуская Служба

Ці вызваляць Пачобута? Ва ўладных колах Беларусі ідуць спрэчкі

14.03.2023 11:08
У Мінску разглядаюць магчымасць вызвалення пяці палітвязняў.
Kadr z procesu Andrzeja Poczobuta
Kadr z procesu Andrzeja PoczobutaKadr z YouTube/Materiał telewizji CTVBY/https://youtu.be/q9ZCXF2ADiM

Аднак суразмоўцы выдання Rzeczpospolita сцвярджаюць, што спецслужбы блакуюць паляпшэнне стасункаў з Польшчай.

Выданне піша са спасылкаю на ўласныя крыніцы, што нядаўна кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сяргіенка мусіў правесці адпаведную нараду. Заяўлена, што ўведзеныя Польшчай абмежаванні руху на мяжы, дзеянні Літвы, якая далучылася да іх, і перспектыва спынення грузавога чыгуначнага руху ствараюць пагрозу інтарэсам Беларусі. Таму яны абмяркоўваюць дзеянні, якія б аслабілі гэты ціск – сказаў Rzeczpospolita Павал Латушка, адзін з лідараў апазіцыйнага Аб’яднанага пераходнага кабінету, былы дыпламат, які знаходзіцца ў Варшаве.

Крыніцы Rzeczpospolita у польскім МЗС падкрэсліваюць, што абмежаванні польскага ўрада на мяжы з Беларуссю дзейнічаюць, але ён не пацвярджае інфармацыю аб магчымым вызваленні Пачобута і іншых палітвязняў.

Яшчэ адна крыніца выдання, звязаная з рэжымам Лукашэнкі, сцвярджае, што пытанне аб вызваленні Пачобута можа быць разгледжанае толькі ў выпадку, калі ён прызнае віну і напіша просьбу аб памілаванні: «У адваротным выпадку гэта выклікала б незадаволенасць некаторых сілавікоў». Суразмоўцы Rzeczpospolita кажуць, што рашэнне аб вызваленні Пачобута і іншых палітвязняў можа блакавацца беларускім КДБ.

Раней намеснік міністра замежных справаў Аркадыюш Мулярчык заявіў, што Польшча патрабуе ад генеральнага сакратара Рады Еўропы і Камітэту Рады міністраў прыняць меры для вызвалення Анджэя Пачобута і іншых польскіх актывістаў.

Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года, у лютым ён быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі абвінаваціў актывіста Саюзу палякаў Беларусі, журналіста ў «распальванні варожасці» і «дзеянні на шкоду дзяржаве праз заклікі да абмежавальных мераў (увядзення санкцый)». На думку праваабаронцаў, прысуд палітычна матываваны.

вх