Беларуская Служба

Гендырэктар прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы»: Прыродаахоўны наратыў – гэта маскіроўка

15.03.2023 10:56
Паводле дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства, атакі на «Дзяржаўныя лясы» – гэта спроба дэстабілізацыі кампаніі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар Photo:PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Я не сумняюся, што атака на прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы» мае найперш эканамічны характар. Увесь прыродаахоўны наратыў – гэта проста маскіроўка. Мы не можам пасіўна назіраць за гэтым», – заявіў генеральны дырэктар прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы» Юзаф Кубіца ў інтэрв'ю выданню Gazeta Polska.

«Нельга не заўважыць, што за апошнія 30 гадоў унутраныя атакі на «Дзяржаўныя лясы» аказаліся малаэфектыўнымі. Кожны раз, калі нехта рабіў інтрыгі, супраціў грамадства быў настолькі вялікі, што гэта не атрымлівалася. Я думаю, што менавіта таму асяроддзе, якое зацікаўленае падзеннем прадпрыемства, пачало скардзіцца сваім калегам за мяжой», – ацаніў Кубіца.

«Гэтую падтрымку яны атрымалі. Самая сурʼёзная справа – рашэнне Еўрапейскага суда. Асабліва небяспечнымі з’яўляюцца дзеянні па абскарджанні Планаў лесаўпарадкавання. Гэты механізм фактычна можа азначаць блакіроўку лясной гаспадаркі», – перасцерагае дырэктар прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы».

Ён адзначае, што «ўсё гэта адбываецца неадкладна пасля таго, як Камісія па навакольным асяроддзі, грамадскаму здароўю і бяспецы харчовых прадуктаў (ENVI) Еўрапейскага парламента, пры падтрымцы апазіцыйных палітыкаў з «Грамадзянскай платформы» і Польскай сялянскай партыі, прагаласавала за перадачу паўнамоцтваў ад дзяржаў-членаў на ўзровень усёй супольнасці».

«Гэта адбываецца, нягледзячы на тое, што ў Лісабонскай дамове прама сказана, што кіраванне лясамі зʼяўляецца выключнай кампетэнцыяй дзяржаў-членаў. Атрымліваецца, што чыноўнікі з Бруселю хочуць кіраваць лясамі ў Польшчы. Наступствы будуць жахлівыя, падобным чынам, як раней у выпадку Белавежскай пушчы», – ацаніў дырэктар прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы» Юзаф Кубіца ў інтэрвʼю выданню Gazeta Polska.

аз