У Кракаве не будуць будаваць раён шматпавярховых хмарачосаў. Планы пабудовы так званага «Новага горада» на Рыбітвах (прыгарад Кракава) не будуць рэалізаваныя. Пад уплывам пратэсту прадпрымальнікаў і пасля бурнай дыскусіі кракаўскія радныя (адпаведнік бел. саветнікаў) адхілілі план прасторавага развіцця Рыбітваў.
План, які шмат гадоў рыхтаваў віцэ-мэр Кракава Ежы Музыка, прадугледжваў пабудову новага жыльлёва-гандлёвага раёну для ста тысяч чалавек:
- Я ўспрымаю гэта як паразу ідэі, да якой, па-мойму, цяжка будзе вярнуцца. Я не ведаю, што далей будзе адбывацца з гэтай ідэяй. Мне вельмі шкада гэтага праекту, шкада высілкаў, якія былі зробленыя. Мабыць, трэба было прыняць іншую формулу камунікацыі паміж мэрыяй і прадпрымальнікамі.
Уладальнікі прадпрыемстваў і іх супрацоўнікі пратэставалі супраць квартала хмарачосаў у Рыбітвах. На мінулым тыдні каля мэрыі на пратэст выйшлі амаль 5 тысяч чалавек.
Улады Кракава хацелі змяніць характар раёна і ператварыць яго са старой складска-прамысловай зоны ў самадастатковы жылы і офісны квартал, дзе можна было б узвесці нават 50-павярховыя хмарачосы.
Жыхары Рыбітваў вельмі чакалі «Новага горада». У адзін голас яны адзначаюць, што якасць жыцця там цяпер жахлівая, скардзяцца на адсутнасць дарог, камунікацый, інфраструктуры і, перш за ўсё, на непрыемнасці з боку прадпрыемстваў, якія там працуюць, у асноўным на смурод, шум і запыленасць.
IAR/яс