Газета піша, што алгарытмы штучнага інтэлекту павінны падказваць лекарам, як лячыць пацыентаў. Міністэрства аховы здароўя плануе ўкараніць новыя, цэнтральныя лічбавыя сэрвісы, якія будуць падтрымліваць аналіз стану здароўя пацыента, таксама будзе створана цэнтральная база медыцынскіх даных. Як паведамляе Rzeczpospolita, гэта вынік Нацыянальнай праграмы рэформаў 2023/24.
«Выкарыстанне штучнага інтэлекту ў штодзённай працы лекара можа спатрэбіцца, напрыклад, пры ацэнцы рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў. У некаторых заходніх сістэмах такія алгарытмы ўжо існуюць», – кажа Яцэк Краеўскі, старшыня Зялёнагурскага пагаднення лекараў.
Алгарытм зможа, напрыклад, стварыць справаздачу з указаннем парушэнняў у стане здароўя пацыента або ў працэсе лячэння. Дзякуючы гэтаму лекарам не трэба будзе аналізаваць дадзеныя з праграм маніторынгу, напрыклад, узровень цукру, артэрыяльны ціск або сардэчны рытм.
Rzeczpospolita адзначае, што змены звязаныя з двума важнымі рэгламентамі, якія распрацоўваюцца ў Еўрасаюзе: аб еўрапейскай прасторы звестак пра здароўе і законе аб штучным інтэлекце.
Газета паведамляе, што ЕС створыць міжнародную інфраструктуру, якая дазволіць выкарыстоўваць медыцынскія дадзеныя – MyHealth@EU. Яны павінны быць даступныя ў кожнай дзяржаве-члене, каб, напрыклад, пацыенты маглі купляць лекі ў іншай краіне ЕС, і каб лекар за мяжой меў доступ да іх скарочанай карты здароўя. На сваёй роднай мове медык даведаецца пра алергію пацыента, лекі якія ён прымае, якімі хваробамі хварэў, чытаем у Rzeczpospolita.
ав