Надоечы стала вядома, што беларуская пракуратура спыніла справу ў адносінах старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс. Падрабязнасцяў дагэтуль мала, паколькі кантакт з ёй вельмі складаны – паведамляе Gazeta Wyborcza. Вядома, што на працягу двух гадоў следства следчыя органы не знайшлі складу злачынства ў яе дзеяннях. Гэта дзіўна, паколькі іншы актывіст СПБ, журналіст Анджэй Пачобут па гэтай жа справе быў асуджаны на восем гадоў турмы. Такім чынам, арганізацыя беларускіх палякаў трапіла ў яшчэ больш цяжкае становішча, чым раней, аб чым пісала пасля вызвалення Борыс дырэктарка тэлебачання Белсат Агнешка Рамашэўска-Гузы.
Паводле інфармацыі беларускай прапаганды, Анджэй Пачобут не згадзіўся выехаць у Польшчу, калі атрымаў такую прапанову. Аб гэтым заявіў Юрый Васкрасенскі ў адным з апошніх інтэрв’ю. Ён сказаў, што прыйшоў да вязня ў турму разам з польскім дыпламатам. І – цытую: «Пачобут на мяне накінуўся, паводзіў сябе як сапраўдны сацыяпат. Можа, ён не хацеў вяртацца ў Польшчу». У сваю чаргу Лукашэнка заявіў у пятніцу, што ён не выпусціць Пачобута з турмы, нягледзячы на патрабаванне польскага боку. Па словах дыктатара, абмен быў бы магчыма толькі ў тым выпадку, калі б Польшча вырашыла перадаць Беларусі прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, якія знаходзяцца ў краіне. А пра Борыс Лукашэнка заявіў, што ён даўно ўжо яе памілаваў, яна можа свабодна перамяшчацца: «Была ў Польшчы, Грузіі, але з Беларусі не збіраецца з’язджаць. Так, гэта полька, але мая полька».
нг