Беларуская Служба

Ускладненні пасля COVID-19 могуць выклікаць шмат праблем, у тым ліку поўную глухату

11.04.2023 12:09
Оталарынголаг распавядае пра магчымасці тэлемедыцыны і выклікі ў сваёй галіне. 
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/bohed

Тэлемедыцына будзе ўсё шырэй выкарыстоўвацца ў дыягностыцы, скрынінгу і прафілактыцы – піша Niezalezna.pl на падставе гутаркі са славутым ларынголагам праф. Пятром Генрыкам Скаржыньскім (Piotr Henryk Skarżyński).

На ягоную думку, тэлемедыцыну можна выкарыстоўваць, між іншым, падчас рэабілітацыі пацыентаў і назіранні за яе ходам. Дзякуючы ёй можна падтрымліваць сістэму навучання і павышаць веды спецыялістаў, дапамагаць ім прымаць медычныя рашэнні і падбіраць адпаведную тэрапію, – кажа прафесар.

У 2021 годзе каманда лекараў з клінікі ў падваршаўскіх Каетанах, якую ўзначальвае Скаржыньскі, была ўзнагароджана прэміяй «Залаты скальпель» за інавацыйную аперацыю, якая спалучае розныя хірургічныя метады. Як эксперт бачыць будучыню хірургіі, якую ролю адыграюць нейрасеткі і робататэхніка?

У сувязі з развіццём навукі важна ўзаемадзейнічаць са спецыялістамі розных галін у пошуку новых матэрыялаў, прыбораў і тэхналогій. Дзякуючы супрацы з інжынерамі і ўніверсітэтамі, такімі як Варшаўскі тэхналагічны ўніверсітэт, мы маем магчымасць выкарыстоўваць новыя рашэнні ў хірургіі, – адзначае прафесар. Распрацоўкі ў гэтай галіне цяпер дазваляюць пацыентам вярнуць не толькі здольнасць слыху, але і камфорт у паўсядзённым жыцці.

«У аперацыях па нашай спецыяльнасці доля робатаў пакуль невялікая – мы выкарыстоўваем іх у асобных працэдурах, але пастаянна шукаем новыя магчымасці, напрыклад, у выкарыстанні штучнага інтэлекту, у працэсах, якія могуць падтрымліваць працу лекараў. Штучны інтэлект і сучасныя тэхналогіі ўжо прысутнічаюць у ахове здароўя пры дыягностыцы пацыента і выбары метаду яго лячэння. Яны выкарыстоўваюцца там, дзе неабходны вельмі хуткі аналіз вялікіх аб'ёмаў дадзеных.

У галіне оталарынгалогіі сурʼёзнай праблемай стануць ускладненні пасля COVID-19. На жаль, іх вельмі шмат і яны ахопліваюць шырокі спектр праблем, у тым ліку і поўную глухату. Пакуль мы не можам вызначыць дакладны маштаб праблемы – многія людзі толькі праз некаторы час разумеюць, што са слыхам нешта не так. Другі аспект – рост колькасці алергіі, якая выклікае праблемы з верхнімі дыхальнымі шляхамі. Гэта асабліва актуальна для дзяцей, якія, як следства, часцей заражаюцца інфекцыямі, напрыклад, вушнымі інфекцыямі або маюць праблемы з міндалінамі», – распавёў Пётр Генрык Скаржыньскі.

нг