Беларуская Служба

На будучым тыдні ў Польшчы адкрыюць тэндар на набыццё ноўтбукаў для вучняў пачатковай школы

11.04.2023 14:48
Урад пастанавіў, што школьнікі, якія пойдуць у верасні ў чацвёрты клас, першымі атрымаюць бясплатныя камп’ютары.  
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Kamil Zajaczkowski / Shutterstock.com

У рамках новай урадавай праграмы, пра якую было заяўлена ў пачатку гэтага года, 370 тысяч вучняў атрымаюць ноўтбукі. Аб гэтым казаў, у прыватнасці, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі. На думку кіраўніка ўраду, камп'ютары цяпер зʼяўляюцца неабходным інструментам навучання, таму ўлады стараюцца прадставіць роўныя магчымасці для ўсіх навучэнцаў. Гэта адзін з элементаў падтрымкі лічбавай трансфармацыі.

- Пачынаючы з верасня гэтага года, усе вучні чацвёртых класаў атрымаюць бясплатна кампʼютары, якімі школьнікі змогуць карыстацца на чарговых этапах адукацыі. У гэтым годзе такую тэхніку атрымаюць 370 тыс. вучняў. Гэта адзін з элементаў падтрымкі лічбавай трансфармацыі, а таксама чарговы аргумент, каб пачаць ажыццяўляць нацыянальную праграму адбудовы. Справа ў тым, што мы карыстаемся рознымі элементамі аблічбоўкі, якія ўтрымліваюцца ў Next generation EU, гэта значыць, у Нацыянальнай праграме адбудовы.

«Мы хочам, каб вучань браў з польскай школы не толькі веды, але і веру ў тое, што мае роўныя шанцы на старт у жыцці. Прыйшоў час нарэшце ўвесці польскія школы ў XXI стагоддзе і вывесці адукацыю на максімальна высокі ўзровень», – дадаў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі.

Міністр лічбавых тэхналогій Януш Цешыньскі патлумачыў, чаму тэхніку атрымаюць вучні чацвёртых класаў, а не першых ці другіх. Па словах міністра, вучні ў чацвёртым класе ўжо ўмеюць добра чытаць і пісаць, таму ім будзе лягчэй навучыцца карыстацца ноўтбукам. Ён падкрэсліў, што школьнікі атрымаюць уласныя ноўтбукі, каб яны вучыліся таксама адказнасці за давераную ім тэхніку. Вучань павінен разумець, што гэтае абсталяванне застаецца з ім на наступныя гады навучання, яго можна выкарыстоўваць як у школе, так і дома.

Міністр Януш Цешыньскі спадзяецца, што паступіць шмат прапановаў ад кампаній, якія захочуць удзельнічаюць у конкурсе на забеспячэнне вучняў ноўтбукамі. У верасні ўрад хоча раздаць усім вучням чацьвёртага класа пачатковай школы кампʼютары з дзяржаўным гербам – арлом і надпісам «Rzeczpospolita Polska».

Януш Цешыньскі паведаміў Польскаму радыё, што заяўкі на тэндар будуць адкрытыя на наступным тыдні.

- Паводле інфармацыі, якая ёсць у маім распараджэнні, 19 красавіка, калі адбудзецца старт тэндару, могуць паступіць прапановы ад самых буйных кампаній з усяго свету. Гэты тэндар выклікае зацікаўленне ў розных краінах свету. Так што мы не павінны скардзіцца на адсутнасць прапановаў. А калі будзе шмат прапаноў і вялікая канкурэнцыя, гэта заўсёды добра для таго, хто набывае (тэхніку).

Згодна з планамі ўраду, ноўтбукі для ўсіх вучняў чацвёртых класаў павінны быць аднолькавыя. Іх закуп будзе адным з самых буйных тэндараў у гісторыі польскай адукацыйнай сістэмы.

«Мы хочам, каб гэтае абсталяванне было аднолькавым, бо школа павінна быць школай роўных магчымасцяў. Не павінна быць так, што тыя, у каго больш заможныя бацькі, змогуць набыць лепшую тэхніку, а іншыя альбо ўвогуле не маюць камп’ютара, альбо маюць горшую мадэль», – адзначыў Януш Цешыньскі.

На думку экспертаў, сур’ёзным слабым месцам усёй аперацыі зʼяўляецца праграмнае забеспячэнне ноўтбукаў. Як прызнаў Януш Цешыньскі, камп’ютары не заменяць дзецям ні падручнікаў, ні сшыткаў. У закупленых ноўтбуках не будзе навучальных праграм, якія маглі б заменяць існуючыя падручнікі. Такім чынам, гэта будзе яшчэ адзін дадатковы кілаграм у школьным заплечніку. А ўжо цяпер лекары пастаянна нагадваюць, што заплечнікі вучняў важаць рашуча зашмат.

IAR/PAP/нг