Беларуская Служба

Рашэнне пра эміграцыю - нялёгкі крок, асабліва для людзей, у якіх склалася жыццё на радзіме

18.04.2023 18:08
Тым не менш, часта няма іншага выйсця, акрамя эміграцыі, як цяпер у тысяч беларусаў.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: shutterstock.com/Song_about_summer

Эмігранты, прыбываючы ў новую краіну, часцяком павінны цалкам змяніць свае жыццё, адаптавацца да новай культуры і мовы. У эміграцыі людзі сутыкаюцца са шматлікімі выклікамі. Польшча – блізкая да Беларусі краіна, па мове, ментальнасці, культуры ды гісторыі. Тым не менш, гэта ўсё ж такі іншая дзяржава, тут іншыя правілы жыцця, больш прасунутая рынкавая эканоміка, адрозная, хоць і падобная, мова, нават клімат крыху адрозніваецца. Таму, асабліва на пачатку, многія беларусы адчуваюць сябе тут некамфортна. Аднак нельга ў гэтай сітуацыі закрывацца ў чатырох сценах уласнай кватэры, неабходна выходзіць да людзей, шукаць кантакты, праз якія прасцей за ўсё будзе знайсці працу і прайсці адносна безбалюча працэс адаптацыі, – адзначае эмігрантка з Беларусі Наталля Клінава.

- Галоўная праблема эміграцыі – што чалавек замыкаецца ў сваім вузкім коле, у сям’і, калі ёсць муж, дзеці. І ў яе праблемы, і ў яго праблемы, яны спрабуюць неякі іх вырашыць унутры, не выходзячы да людзей, у агульную прастору. Яшчэ я хацела б адзначыць ролю сарафаннага радыё для эмігрантаў. Нядаўна я слухала інтэрв’ю з адказнай чыноўніцай Швейцарыі, якая сказала, што на дадзены момант (гэта быў верасень мінулага года) толькі 3% украінцаў знайшлі працу. І яна дала вельмі важную раду – заяўляць пра сябе. Напрыклад, гаспадары кватэры, у якой вы жывяце – у іх ёсць суседзі, сябры, сваякі. Паразмаўляйце, вам дапамогуць. Мясцовае насельніцтва дастаткова асцярожна ставіцца да мігрантаў, без пратэкцыі нельга. Вопыт маіх калег, якія жывуць у розных краінах, пацвярджае карысць сарафаннага радыё.

Працоўны рынак кожнай краіны мае свае адметнасці. Здараецца, што ў эмігрантаў няма адпаведнай кваліфікацыі, таму яны абмежаваныя ў магчымасцях працаўладкавання. Часта эмігрантам прыходзіцца працаваць на працы, якая не адпавядае іх кваліфікацыі. Гэта можа прывесці да нізкай зарплаты, фрустрацыі і абмежавання ў сацыяльных магчымасцях. Асобна трэба сказаць пра людзей, якія самі арганізуюць сваю працу – прадпрымальнікаў. У Польшчы зарэгістравана звыш 4 тыс кампаній з беларускім капіталам, гэта вялікая лічба асоб, якія займаюцца бізнесам. Па словах вядомага прадпрымальніка Аляксандра Кныровіча, які ўдзельнічаў у дыскусіі Free Belarus Center, яны таксама сутыкаюцца з рознымі праблемамі на польскім рынку.

- Праблема – няведанне мясцовых умоваў – юрыдычных, бухгалтарскіх, розных правілаў, няведанне мясцовага рынку. Акрамя таго, мы сутыкаліся з нейкай праблемай недаверу да беларусаў – ім не адкрывалі рахункаў, была гісторыя, калі польскі ўрад пасля пачатку вайны выпусціў адмысловы цыркуляр і беларускія стартапы перасталі трапляць у польскія праграмы, паколькі Беларусь была прызнаная краінай, якая спрыяе агрэсіі.

Праблемай для эмігрантаў можа стаць культурны шок, калі яны не разумеюць мясцовую культуру і традыцыі. Перашкодай можа быць і адсутнасць валодання мовай. Гэта можа прывесці да нізкай самаацэнкі, цяжкасцяў з пошукам добрай працы, абмежавання ў сацыяльных магчымасцях. Менавіта пра неабходнасць перш за ўсё вучыць мову той краіны, у якую вы прыехалі, казала на сустрэчы ў Беларускім доме ў Варшаве прадпрымальніца Вераніка Галевска.

- Калі вы прыязджаеце ў краіну, трэба асвоіцца ў ёй і працаваць над сабой. Гэта датычыць мовы, адукацыі, трэба акружаць сябе людзьмі, якія ў гэтым разбіраюцца. З усімі трэба ўмець добра камунікаваць.

Праца, якая дае магчымасць жыць на адпаведным узроўні і паважаць сябе – гэта важнейшая патрэба чалавека. Перад некаторымі эмігрантамі можа ўзнікнуць пытанне перакваліфікацыі або працаўладкавання ніжэй за сваю кваліфікацыю. На думку Наталлі Клінавай, ёсць два варыянты. Некаторыя адразу ідуць працаваць, хаця б прыбіраць кватэры, нават калі ў іх вышэйшая адукацыя, а іншыя вучацца, здабываюць адпаведныя паперы і шукаюць працу, згодную са сваёй кваліфікацыяй. Яна сама, архітэктар па адукацыі, выбрала другі шлях.

- Ты збіраеш кантакты, вучыш мову, калі ў цябе ёсць падушка бяспекі. У мяне былі вялікія напрацоўкі, нягледзячы на хуткую эміграцыю, я рыхтавалася да яе маральна і крыху матэрыяльна. Таму я выбрала другі варыянт. Ведаеце, калі ў цябе дэпрэсія і ты ідзеш мыць падлогі, табе будзе яшчэ горш.

Эміграцыя – няпросты выбар, які для адных будзе азначаць падзенне ўзроўню жыцця і сентыментальныя ўспаміны пра былое, а для іншых стане выдатнай магчымасцю пашырыць свае гарызонты і заваяваць новыя вяршыні.

нг