Беларуская Служба

103 гады таму польская Пінская флатылія нанесла сур’ёзны ўдар па сілах бальшавікоў (ФОТА + ВІДЭА)

29.04.2023 06:02
Месцам прыпіскі караблёў і галоўнай базай флатыліі быў беларускі Пінск.
Аўдыё
  • 103 гады таму польская Пінская флатылія нанесла сур’ёзны ўдар па сілах бальшавікоў
Monitory rzeczne Flotylli Pińskiej: ORP Horodyszcze i ORP Warszawa na rzece Prypeci. Data wykonania fotografii pomiędzy 1922 a 1931
Monitory rzeczne Flotylli Pińskiej: ORP "Horodyszcze" i ORP "Warszawa" na rzece Prypeci. Data wykonania fotografii pomiędzy 1922 a 1931Narodowe Archiwum Cyfrowe

Горад Чарнобыль несумненна асацыюецца з буйнейшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Але з гэтым горадам таксама звязаная іншая гістарычная дата. 103 гады таму ў ходзе польска-бальшавіцкай вайны польскі рачны флот нанёс сур’ёзны ўдар па сілах бальшавікоў. Бітва пад Чарнобылем з’яўляецца адначасова найбольшай бітвай польскага рачнога флоту ў яго гісторыі.

Пінская флатылія Ваенна-марскіх сіл Польшчы была створаная 19 красавіка 1919 году – літаральна праз некалькі месяцаў пасля таго, як краіна стала незалежнай. Флатылія называлася Пінскай да 1931 году, пазьней яе афіцыйная назва гучала наступным чынам: Рачная флатылія Ваенна-марскіх сіл Польшчы. Галоўным портам ваеннага рачнога флоту быў беларускі Пінск – у той час павятовы горад Палескага ваяводства.

Flotylla Pińska. Zdjęcie zostało zrobione w czasach dwudziestolecia międzywojennego. Źródło: Wikimedia commons/Domena publiczna
Flotylla Pińska. Zdjęcie zostało zrobione w czasach dwudziestolecia międzywojennego. Źródło: Wikimedia commons/Domena publiczna

Падчас польска-бальшавіцкай вайны ваенныя дзеянні інтэнсіўна праходзілі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, а таксама Украіны. Заняцце Чарнобыля на рацэ Прыпяць, які тады быў важным рачным портам, давала палякам магчымасці хуткага наступлення на Кіеў. Дарэчы, задача заняць Кіеў з паўночнага напрамку была дадзеная 9-й пяхотнай дывізіі, якой камандаваў былы царскі генерал, а пазней генерал Войска Польскага і польскі дзяржаўны дзеяч Уладзіслаў Сікорскі.

Узяцце Чарнобыля было таксама важным і таму, што ў ім дыслакавалася бальшавіцкая Дняпроўская флатылія. І вось, 27 красавіка 1920 года польскія сілы пачалі наступленне на Чарнобыль. Гісторыкі пішуць, што без падтрымкі рачных сіл сухапутныя войскі альбо ўвогуле б не ўзялі гораду, альбо яго б занялі з вялікімі стратамі і са спазненнем. У склад рачных адзінак Пінскай флатыліі, якія былі задзейнічаныя пры ўзяцці Чарнобыля, уваходзілі кананерскія лодкі, тры бронекатары і некалькі бронелодак. У выніку рачнога ўзброенага сутыкнення палякі пашкодзілі некалькі бальшавіцкіх плаўадзінак і затапілі адну кананерку. Пасля гэтага варожыя сілы пачалі адступленне.

Перамога польскіх рачнікоў 27 красавіка стала ключавой для кіеўскай аперацыі палякаў, таму што дазволіла стварыць бяспечны транспартны калідор для забеспячэння войск.

Statek uzbrojony ORP "Generał Szeptycki" i dwa monitory rzeczne na Prypeci (1922 - 1931) Statek uzbrojony ORP "Generał Szeptycki" i dwa monitory rzeczne na Prypeci (1922 - 1931)

У 1920-30 гадах Польшча пачала развіваць Пінскую флатылію. З часам на яе ўзбраенні з’явілася некалькі манітораў – цяжкіх рачных браніраваных артылерыйскіх караблёў, якія былі сур’ёзнай сілай у выпадку патэнцыйнага канфлікту. На ўзбраенні флатыліі таксама знаходзіліся кананерскія лодкі, бронекатары, тральшчыкі, штабное судна ды судны забеспячэння.

Перад пачаткам Другой сусветнай вайны флатылія налічвала больш за 100 розных плывучых адзінак. Асноўная мэтай флатыліі была абарона межаў міжваеннай Польшчы, а ў выпадку вайны – аператыўныя дзеянні ў каардынацыі з сухапутнымі сіламі. Варта нагадаць, што раён дзеяння флатыліі знаходзіўся на самай мяжы з Савецкім Саюзам.

Найбольш сур'ёзнай зброяй на рэках Палесся былі маніторы серыі Б, пабудаваныя на Гданьскай суднаверфі (тады горад Данцыг) у 1920-21 гадах. Галаўным караблём серыі быў манітор «Варшава».

Акрамя яго, на рэках і азёрах тагачаснай усходняй Польшчы служылі рачныя маніторы «Пінск», «Торунь» (да 1923 году называўся «Мазыр») і «Гарадзішча». Паводле тагачасных мерках, гэта былі сучасныя, добра ўзброеныя караблі.

Месцам прыпіскі караблёў і галоўнай базай флатыліі быў беларускі Пінск.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

здымкі: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Больш на гэтую тэму: Машына часу