Беларуская Служба

Вясна – цудоўны час, але не для людзей з алергіяй. Якія сімптомы часцей за ўсё суправаджаюць алергію?

02.05.2023 15:05
У цяперашні час найбольш сімптомаў выклікае пылок дрэваў, асабліва шмат цяпер у паветры пылку бярозы.
Аўдыё
Wiosna to szczególnie trudny czas dla alergików. Jak sobie radzić z przykrymi objawami?
Wiosna to szczególnie trudny czas dla alergików. Jak sobie radzić z przykrymi objawami? Shutterstock

Вясна – самая цудоўная пара года, калі прырода абуджаецца пасля зімовага сну, птушкі вяртаюцца з выраю, зямля адраджаецца, усё квітнее і радуецца жыццю. Амаль усё і ўсе. Выключэннем з'яўляюцца людзі з алергіяй, якія якраз вясною як правіла найбольш востра адчуваюць сваё захворванне.

Агулам, алергія – гэта празмерная рэакцыя, калі імунная сістэма чалавека рэагуе на звычайныя рэчы, такія як пыл, пылок, грыбы і гэтак далей. У здаровага чалавека яны не выклікаюць моцнай рэакцыі, а арганізм алергіка ўспрымае іх як вельмі шкодныя і небяспечныя. Сярод алергічных рэакцый, якія часта зʼяўляюцца ў вясну, можна назваць алергію на пылок, які ў іншы час года не выклікае рэакцыі.

Таму, вясна можа быць цудоўнай парой года для людзей, якія не маюць алергіі, але для алергікаў гэты час цяжкі і непрыемны, паколькі выклікае некаторыя абмежаванні ў жыцці.

Якія сімптомы часцей за ўсё суправаджаюць алергію? Насмарк, кашаль, дыхавіца, сверб або слязлівасць вачэй. Паводле падлікаў лекараў, у Польшчы ад алергіі пакутуе да 12 мільёнаў чалавек. У цяперашні час найбольш сімптомаў выклікае пылок дрэваў, асабліва шмат цяпер у паветры пылку бярозы, – адзначае доктар Пётр Дамбравецкі (Piotr Dąbrowiecki) з кафедры інфекцыйных хвароб і алергалогіі Ваенна-медыцынскага інстытуту.

- Цяпер пылку бярозы асабліва шмат у атмасферы. Людзі, у якіх прысутнічае алергія на пылок бярозы, рэагуюць вельмі інтэнсіўна – слязлівасць вачэй, закладзены нос, насмарк, чханне, сверб скуры, часам сып на скуры. У асоб, якія асабліва ўражлівыя, можа назірацца кашаль, дыхавіца, гэта ўжо сімптомы астмы. Нехта можа сказаць, маўляў, я прастыў – на дварэ было цёпла, я не апрануў курткі і прастыў. Аднак пры алергіі сімптомы змяншаюцца, калі чалавек вяртаецца дахаты, і зноў паяўляюцца, калі выходзіць з хаты.

Цяпер, вясной, абвастраюцца сімптомы алергіі, у тым ліку астмы, пра што казаў доктар. Нездарма менавіта 2 мая ў свеце адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з астмай. У Польшчы толькі 10% пацыентаў з астмай працягваюць лячэнне праз год пасля пастаноўкі дыягназу. З-за гэтага становіцца немагчымым кантроль над хваробай, расце рызыка абвастрэнняў. Пра гэта спецыялісты гаварылі на прэс-канферэнцыі, арганізаванай з нагоды Сусветнага дня барацьбы з астмай.

Эксперты нагадалі, што астма – гэта захворванне, якое характарызуецца хранічным запаленнем у дыхальных шляхах. Узнікаюць перыядычныя абвастрэнні ў выглядзе дыхавіцы, хрыпу і кашлю. У Польшчы каля 4 мільёнаў жыхароў маюць сімптомы, якія сведчаць пра астму, але толькі каля 2,2 мільёна чалавек лечацца. Гэта азначае, што амаль у паловы пацыентаў з астмай дыягназ не пастаўлены. Вялікай праблемай зʼяўляецца невыкананне медычных рэкамендацый хворымі на астму – усяго кожны дзясяты пацыент працягвае фармакатэрапію праз год пасля пастаноўкі дыягназу. У сваю чаргу адсутнасць кантролю над хваробай павялічвае рызыку шпіталізацыі, а нават смерці.

У аснове сімптомаў астмы ляжыць запальны працэс, які адбываецца ў бронхах. Таму яе лечаць прэпаратамі, якія купіруюць запаленне. На думку экспертаў, у Польшчы ў лячэнні астмы празмерна выкарыстоўваюць сімптаматычныя прэпараты, якія расслабляюць бронхі, але не лечаць запалення, якое ляжыць у аснове хваробы.

«Пацыент з дыягназам «астма» павінен мець пісьмовы план дзеянняў, які інфармуе, як сябе паводзіць, калі прымаць лекі, таму што вусныя інструкцыі звычайна неэфектыўныя», – кажуць лекары.

А як адрозніць алергію, у тым ліку астму, ад звычайнай прастуды? Кіраўнік клінікі дзіцячай пульманалогіі і алергалогіі Варшаўскага медычнага ўніверсітэту прафесар Марэк Кулюс (Marek Kulus) тлумачыць, як гэта зрабіць.

- Інфекцыя звычайна суправаджаецца тэмпературай, а пры алергічным рынаканʼюктывіце тэмпературы не будзе. Калі ў нас свярбяць вочы, нос – трэба памятаць, што сверб характэрны для алергічных захворванняў. Калі ёсць мокры кашаль, гэта хутчэй за ўсё інфекцыя, у той час як сухі, стомны кашаль, асабліва ўначы, сведчыць пра алергію, а таксама можа сведчыць аб астме.

Самае распаўсюджанае алергічнае захворванне – гэта алергічны рыніт. Ад яго пакутуюць 9 мільёнаў палякаў, але толькі невялікая частка (10%) атрымлівае адпаведнае лячэнне. Некаторыя пацыенты проста недаацэньваюць сімптомы або не ведаюць, што ў іх алергія.

IAR/PAP/нг