На тэрыторыі Украіны перад вайной налічвалася звыш 5 тысяч музеяў, 65 гісторыка-культурных запаведнікаў і каля 170 тысяч помнікаў, у тым ліку сем абʼектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Паводле звестак Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны, за 11 месяцаў вайны расіяне знішчылі або пашкодзілі 1271 мясцовы абʼект культуры.
-Вайна ва Украіне з’яўляецца выключнай, калі казаць пра знішчэнне культуры, паколькі мэта расіян – сцерці памяць пра існаванне ўкраінскай нацыі, – гаворыць Анна Смігельска з Нацыянальнага інстытуту спадчыны Польшчы. -Іх палітыка з часу захопу Крыму заключаецца ў тым, што не было ўкраінскага народу, што там былі расіяне. Яны паслядоўна гэта паўтараюць, прычым ва ўсім свеце, на розных міжнародных мерапрыемствах, дзе яшчэ яны прымаюць удзел, а такія месцы яшчэ ёсць. Яны ўвесь час знаходзяцца ў міжнародных арганізацыях. Расіяне прыязджаюць і стала паўтараюць, што ўкраінцаў, як народу, няма.
Знішчэнне ўкраінскага народу ўключае ў сябе знішчэнне ўкраінскай культуры. Нацыянальны інстытут спадчыны дапамагае ўкраінскаму боку дакументаваць і дакладна ацэньваць усе ваенныя злачынствы. Знішчэнне культуры адносіцца да ваенных злачынстваў у разуменні міжнародных канвенцый, нагадвае Анна Смігельска.
-Канешне, мы не можам параўноўваць гэта да чалавечага жыцця, але гэта надзвычай важна. Гэтыя людзі менавіта за гэта паміраюць. Паміраюць за сваю нацыянальную тоеснасць, за сваю спадчыну, за гэтую памяць. У нас дакументуюцца канкрэтныя выпадкі. Гэта вельмі мэтавае знішчэнне канкрэтных калекцый, музеяў, памятных месцаў. Значная частка знішчаных музеяў – гэта этнічныя і этнаграфічныя музеі. Нішчацца канкрэтныя кнігазборы, архівы, якія як раз пра гісторыю Украіны расказваюць. А расіяне пераконваюць, што гэта выпадковыя знішчэнні, што гэта памылка. Аднак, самае галоўнае, гэта тое, што хоча пачуць свет. А свет гэтага не чуе. Трэба разумець, што нечым іншым зʼяўляюцца прамовы палітыкаў, а нечым іншым тое, як думаюць іх грамадзяне. Гэта яны пойдуць галасаваць і будуць мець уплыў на будучую палітыку. Сёння для нас і Украіны гэта выглядае карысна, але нам трэба моцна змагацца, каб укараніць гэтыя перакананні. І гэта мы стараемся рабіць у рамках Цэнтра дапамогі культуры ва Украіне.
Анна Смігельска дадае, што Цэнтр быў пакліканы не толькі для аказання матэрыяльнай дапамогі, але і для цэласнай падтрымкі ўкраінскай спадчыны. Цэнтр дапамогі культуры ва Украіне аказвае дапамогу па захаванні культурніцкіх рэсурсаў на розных узроўнях.
-З аднаго боку, мы дапамагаем абараняць і пастаўляем згаданую матэрыяльную дапамогу. З іншага боку, мы праводзім, напрыклад, абучэнне мытных службаў, каб узмацняць мяжу, каб абмежаваць нелегальны вываз спадчыны з Украіны, што здараецца. Мы падтрымліваем археолагаў. Насамрэч гэта сусветная спадчына, паколькі археалагічныя помнікі зʼяўляюцца сусветнай спадчынай, якія знаходзяцца пад пагрозай. Украіна зʼяўляецца найбольш замінаванай краінай у свеце, таксама там, дзе ёсць археалагічныя абʼекты. Мы стараемся дапамагаць у сапраўды шырокім маштабе, дзелячыся нашым досведам.
Па замове Нацыянальнага інстытуту спадчыны ўзнік дакументальны фільм рэжысёра Томаша Гжывачэўскага пад назвай «Сцерці нацыю» пра расійскія злачынствы супраць культурнай спадчыны Украіны. Стужка паказвае маштаб і бязлітаснасць расійскага захопніка. Яна зʼяўляецца пасланнем да арганізацый і міжнароднай супольнасці, каб паказаць маштаб і бязлітаснасць разбурэнняў, якія там робяцца.
«Сцерці нацыю» паказвае наўмыснае знішчэнне расійскімі войскамі ўкраінскіх помнікаў – ад Львова праз Чарнігаў, Іванкаў, Кіеў, Харкаў да Ізюму і Багародзічнага на ўсходзе Украіны. На свецкай і сакральнай культурнай спадчыне Украіны – ад археалагічных помнікаў да сучасных бібліятэк і школ – расійскія агрэсары пастаянна здзяйсняюць шматлікія злачынствы.
Выказванні ўкраінскіх прадстаўнікоў свету культуры паказваюць барацьбу варвараў-захопнікаў супраць украінскай ідэнтычнасці і культуры, барацьбу, у якой аддаюць жыцці ўкраінскія жаўнеры і мірныя жыхары.
Фільм даступны з субцітрамі на англійскай, украінскай, польскай, персідскай і румынскай мовах. Неўзабаве таксама будуць даступныя пераклады на іншыя мовы.
ав
слухайце аўдыё