Беларуская Служба

Палякі масава з'язджаюць з Вялікабрытаніі і вяртаюцца ў Польшчу

15.05.2023 16:48
Акрамя таго, Польшча таксама стала пятым месцам па папулярнасці пераезду сярод брытанскіх пенсіянераў.
Lotnisko Heathrow
Lotnisko Heathrow shutterstock/QiuJu Song

Тысячы палякаў з’язджаюць з Вялікабрытаніі з-за росту кошту жыцця, паведамляе сайт тэлестанцыі TVP.Info са спасылкай на брытанскае выданне The Sun. Палякі вяртаюцца на радзіму, між іншым, дзякуючы ўздыму польскай эканомікі. Эканамічны рост у Польшчы ў мінулым годзе склаў 4,9 працэнта. Паводле некаторых прагнозаў, калі захаваецца тэмп росту ў абедзвюх краінах, дык да 2030 года ВУП Польшчы на душу насельніцтва будзе вышэйшы, чым у Вялікабрытаніі.

Моніка, якая працавала ў Брытаніі прадаўцом, і яе муж-айцішнік, у студзені пакінулі трохпакаёвы дом у Кембрыджы, каб пасля 18 гадоў жыцця ў Вялікабрытаніі пераехаць у Гдыню, дзе кватэра каштуе адну пятую частку таго, колькі яны плацілі на выспах. «Хуткасць, з якой цэны растуць у Англіі, жахлівая. З таго часу, калі мы вярнуліся ў Польшчу, мы амаль не ходзім у крамы. Цэны настолькі нізкія, што ежу можна заказаць з дастаўкай на дом. Цягнікі настолькі танныя, што можна сабе дазволіць падарожнічаць першым класам», – цытуе выданне выказванне палякаў.

The Sun піша, што пара была сярод больш чым мільёна палякаў, якія, скарыстаўшыся свабодай перамяшчэння людзей у ЕЗ, пасяліліся ў Вялікабрытаніі. І нагадвае, што палякі сталі другой па колькасці нацыянальнай групай сярод жыхароў гэтай краіны, якія нарадзіліся за мяжой, і да нядаўняга часу складалі 23% мігрантаў з Еўразвязу. Але цяпер тэндэнцыя адваротная. Варшава стала тэхналагічным цэнтрам з офісамі такіх кампаній, як Google і Netflix; на інтэрнэт-форумах і ў сацсетках палякі абмяркоўваюць, як вярнуцца на радзіму. Акрамя таго, Польшча таксама стала пятым месцам па папулярнасці пераезду сярод брытанскіх пенсіянераў.

нг