Журналіст выдання Gazeta Wyborcza Анджэй Клапатоўскі звярнуў увагу на вайскоўцаў, якія сустракаюць турыстаў на стаянцы, калі тыя прыязджаюць наведаць Белавежу.
Белавежа адкрылася для наведвання пасля 10 месяцаў надзвычайнага становішча ў сувязі з міграцыйным крызісам (забарона на ўезд была выдадзееная Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі ў ліпені мінулага года) і пандэмічных абмежаванняў, якія дзейнічалі раней. Турыстычны бізнэс у найстарэйшым польскім нацыянальным парку не хутка вернецца ў стан да 2020 года.
Аўтастаянка ў цэнтры Белавежы знаходзіцца побач з палацавым паркам. Тут спыняюцца ўсе госці горада, бо стаянка недалёка ад славутасцяў. Але тут жа знаходзяцца і вайскоўцы, што ўскладняе жыццё турыстам.
– Сярод турыстаў з маленькімі дзецьмі звычайна ходзяць салдаты з аўтаматамі. Акрамя таго, на гэтай стаянцы з-за прысутнасці вайскоўцаў аўтобусы маюць праблемы з паркоўкай, – каментуе праблему ў інтэрв’ю выданню Gazeta Wyborcza адзін з экскурсаводаў, які працуе на Падляшшы.
- Камунальная аўтастаянка на вуліцы Каляёвай выкарыстоўваецца для патрэб абароны Рэспублікі Польшча Войскам Польскім на падставе дамовы, заключанай з Раённай управай інфраструктуры ў Ольштыне. Таму зразумела, асабліва ў цяперашняй сітуацыі, калі ва Украіне працягваецца вайна і актывізуюцца дзеянні па перапраўцы нелегалаў праз польска-беларускую мяжу, што мы не можам паведаміць пра дэталі згаданай на дамовы – адказалі журналістам у гміне за запыт, як доўга будуць знаходзіцца вайскоўцы.
Экскурсаводы кажуць, што з-за такога суседства Белавежа не будзе мець добрай рэпутацыі сярод турыстаў, бо для многіх важна першае ўражанне. А першае, што яны бачаць цяпер у мястэчку, гэта вайскоўцы.
вх