Міністр развіцця Вальдэмар Буда
Камісія па стандартызацыі геаграфічных назваў за межамі Рэспублікі Польшча рэкамендуе выкарыстоўваць польскую назву Królewiec (чыт.: Крулевец), а не Калінінград.
Для адміністрацыйнай адзінкі, у якой знаходзіцца гэты горад, рэкамендавана польская назва obwód królewiecki і не рэкамендуецца выкарыстоўваць назву Калінінградская вобласць на польскай мове. Камісія абвясціла, што змяненне ўступае ў сілу з дня яго абвяшчэння, гэта значыць 9 траўня 2023 года.
«Мы не хочам русіфікацыі ў Польшчы, таму вырашылі змяніць на нашай мове назву Калінінграда на Królewiec», – падкрэсліў міністр развіцця Вальдэмар Буда. Польшча вяртаецца да традыцыйнай наменклатуры, звязанай з польскай гісторыяй і культурнай спадчынай, адзначылі ў міністэрстве. Там адзначаецца, што змяненне не ўводзіць новых абавязкаў для прадпрымальнікаў і неабходнасці абнаўляць дакументы. На мапы будзе ўнесена назва Królewiec, дадалі ў міністэрстве.
У паведамленні Камісіі па стандартызацыі геаграфічных назваў за межамі Рэспублікі Польшча адзначаецца, што камісія прыняла да ўвагі, што горад, які цяпер носіць рускую назву Калінінград, вядомы ў Польшчы пад традыцыйнай назвай Królewiec і што «цяперашняя руская назва гэтага горада з'яўляецца штучным хрышчэннем, не звязаным ні з горадам, ні з рэгіёнам». Камісія таксама ацаніла, што прысваенне імя Міхаіла Калініна, злачынца, суадказнага, між іншым, за вынясенне рашэння «аб масавых забойствах палякаў (катынскі расстрэл) мае ў Польшчы эмацыйны, негатыўны характар».
У камюніке таксама гаворыцца, што падзеі, звязаныя з расійскім уварваннем ва Украіну, увядзеннем г.зв. «рускага міру», інфармацыйная вайна, якую вядзе Расія, прымушаюць зірнуць на праблему навязаных імёнаў, якія выклікаюць вялікія спрэчкі, непрымальныя ў польскім грамадстве.
«Кожная дзяржава мае права выкарыстоўваць у сваёй мове традыцыйныя назвы, якія складаюць яе культурную спадчыну, але яе нельга прымушаць выкарыстоўваць непрымальныя для яе назвы на сваёй мове», – гаворыцца ў камюніке.
Перайменаванне ўладамі Польшчы расійскага Калінінграда ў Królewiec раскрытыкавалі расійскія ўлады. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў сказаў, што перайменаванне Калінінграда ў Крулявец зʼяўляецца ўжо «не русафобіяй, а працэсам, які мяжуе з варʼяцтвам».
Кіраўнік дэпартамента міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач заявіў, што не бачыць палітычнага кантэксту ў рэкамендацыі называць Калінінград Królewcem. Міністр нагадаў, што сотні гадоў горад на Гданьскім заліве называўся Królewiec. Ён спаслаўся на крытычныя ў адрас Польшчы словы прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова:
-Кожны, хто мае прынамсі мінімальныя гістарычныя веды памятае, Эмануэль Кант нарадзіўся ў Królewcu, а не ў нейкім іншым горадзе. Так гэты горад называецца. Таму прэс-сакратар Крамля ці нейкія іншыя каментатары павінны вывучыць гісторыю, я б нават сказаў асновы гісторыі.
Памяняць назву Калінінграда на Königsberg рэкамендуюць латвійскія мовазнаўцы. Паводле эксперцкай камісіі, замест расійскай назвы лепш выкарыстоўваць гістарычную назву, якая выводзіцца з нямецкай мовы.
З прапановай памяняць назву горада Калінінград на гістарычную назву «Karaliaucius» выступілі і літоўскія дэпутаты кансерватыўнай партыі.
Традыцыйная назва Калініграда на беларускай мове – Каралявец. Палітолаг Павал Усаў лічыць, што беларусы таксама маглі б называць горад Караляўцом, а не Калінінградам. Рашэнне польскіх уладаў ён лічыць слушным:
-Улічваючы кантэкст, у якім мы цяпер жывем, улічваючы інфармацыйна-гібрыдную вайну, пераўтварэнне гісторыі ў элемент вайны, аспекты дэкамунізацыі і дэсталінізацыі, вяртанне гістарычнай назвы – гэта добрая тэндэнцыя. Трэба мець разуменне гэтай тэрыторыі не як часткі Савецкага Саюзу і Расіі, а як тэрыторыі з самабытнай гісторыяй і культурай, якая па ялцінскіх дамоўленасцях з 1945 году апынулася пад савецкім, потым расійскім кантролем. У перспектыве, думаю, гэтая канцэпцыя будзе развівацца.
Каралявец быў пабудаваны вакол замка, узведзенага ў 1255 годзе Тэўтонскім ордэнам у вусце ракі Прэгола. Гэты замак называўся Coningsberg, або Каралеўская гара, у гонар чэшскага караля Пржэмысла Отакара II, які ўзначальваў тэўтонскае войска падчас паходу на Прусію.
Горад традыцыйна называецца па-літоўску Karaliaučius, па-латышску Karalauč, па-чэску Královec, а яго гістарычная расійская назва – Королевец.
Амаль 300 гадоў Каралявец уваходзіў у склад тэўтонскай дзяржавы, затым больш за 400 гадоў знаходзіўся ў межах Прусіі і Германіі. На працягу 190 гадоў Каралевец знаходзіўся ў залежнасці ад Польшчы, калі гэтыя тэрыторыі былі польскай вотчынай. Пасля Другой сусветнай вайны горад увайшоў у склад СССР, а ў 1946 годзе ўлады змянілі назву на Калінінград, якая да гэтага часу выкарыстоўваецца ў Расіі.
ав
слухайце аўдыё