Беларуская Служба

Гісторыя мігранткі: Здавалася б, усё тут маю, але радасці на 100% не стае

20.05.2023 11:14
Аліна наладзіла прыстойнае жыццё ў Польшчы, але так і не можа атрымаць ад яго поўнага задавальнення.
Аўдыё
  • Гісторыя мігранткі: Здавалася б, усё тут маю, але радасці на 100% не стае
         , 15  2020 .
Пікет салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі ў Старым горадзе Варшавы, 15 ліпеня 2020 г.А. Вялічка/radyjo.net

Гісторыя адной эмігранткі, якая ўдзельнічала ў падзеях 2020 года ў Мінску, вымушана была з’ехаць за мяжу, наладзіла там прыстойнае жыццё, але так і не можа атрымаць ад яго поўнага задавальнення.

Аліна – мінчанка. З 2021 году жыве ў Польшчы і працуе ў сферы IT. Як і многія з цяперашніх эмігрантаў да 2020 года хоць і цікавілася палітыкай, то ніколі не была актывісткай. Праўда, адсутнасць дэмакратыі ў краіне, свабоды слова ўсё ж адбівалася і на яе жыцці.

Дзяўчына згадвае, як яшчэ ў 2017 годзе хадзіла на святкаванне Дня Волі, бачыла жорсткія затрыманні людзей у цэнтры сталіцы і гэта моцна яе кранула. Потым не магла глядзець па тэлебачанню прапагандысцкую хлусню.

-Усе гэтыя гісторыі на мяжы з джыпамі мяне моцна тады абуралі, з такім стаўленнем – як да дурняў нейкіх, – распавядае Аліна.

А таму ўжо ў 2020 годзе апынулася ў ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі. Стала назіральнікам менавіта ў невялікім мястэчку, бо хацелася данесці да людзей, што змены ў краіне магчымыя. Але там сама пабачыла, як нягледзячы на пануючы ў краіне страх перад уладай людзі станавіліся ў чаргу, каб аддаць подпіс за дэмакратычнага кандыдата, бо праглі пераменаў.

У якасці назіральніка на ўчастак не патрапіла па зразумелых прычынах, аднак зафіксавала, што яўка выбаршчыкаў розніцца з дадзенымі ўчастковай камісіі прыкладна ў 30%. Пасля закрыцця ўчасткаў да яе пачала даходзіць інфармацыя аб падзеях у Мінску. На наступны дзень, вярнуўшыся ў родны горад, пабачыла яго нейкім іншым.

-Гэта было лета, спёка, ты ўязджаеш днём і бачыш паўпусты горад. А на душы нядобрае адчуванне, – згадвае Аліна.

Далей штодня з сябрамі і калегамі на акцыях. Было страшна, бо побач рваліся шумавыя гранаты, людзі ў чорных балаклавах з дручкамі, як шалёныя, і ногі былі ватныя, і ўцёкі былі, але побач плячом да пляча стаялі цяпер ужо блізкія табе людзі.

-Увесь час было адчуванне, што ты не адзін, што побач тыя, хто мяркуе аб гэтай сітуацыі, як і ты. Ты іх бачыла, як яны ішлі, далучаліся і таксама хацелі выказаць сваю пазіцыю, – гаворыць суразмоўца.

Да гэтага Аліна ўжо пабывала ў аўтазаку, калі яе везлі з галоўнага будынку КДБ у раённы пастарунак.

Пасля арышту яе кандыдата, Віктара Бабарыкі, Аліна напісала асабістае хадайніцтва аб змене меры ўтрымання для яго і аднесла ў КДБ. Разам з іншымі грамадзянамі, якія такім чынам выказалі сваю пазіцыю адразу з прыёмнай КДБ апынулася ў аўтазаку і ехала ў «стакане» нягледзячы на тое, што церпіць на клаўстрафобію.

Гэта дадало яснасці ў тым, што дзяржаўная ўстанова, якая існуе ў тым ліку і на яе падаткі, дзейнічае супраць свайго народу, а таму яшчэ больш узрасла ўпэўненасць, што ім не ўдасца яе запалохаць.
Нягледзячы на тое, што Аліна хадзіла амаль на ўсе акцыі ў Мінску, затрымання ўдавалася пазбегнуць, хаця ўжо многія яе калегі з ініцыятыўнай групы, суседзі пабывалі на Акрэсціна альбо ў Жодзіна. Тым не менш, паводле дзяўчыны, у паветры над сталіцай яшчэ лунала надзея.

-Яшчэ пэўны час многія, і я ў тым ліку, спадзяваліся, што арэлі калыхнуцца ў наш бок і мы здолеем вырашыць сітуацыю нашай масавасцю. Спыніцца было немагчыма, бо паўставала пытанне – як вярнуцца да таго жыцця, якое было перад гэтым. І пакуль людзі былі актыўныя я не магла выйсці з пратэсту, – кажа мая суразмоўца.

Калі пачаліся масавыя арышты, стала вядома пра катаванні, Аліна разам з іншымі ўдзельнічае ў арганізацыі падтрымкі сем’ям палітзняволеных, дапамагае збіраць перадачы, таму што без гэтай дапамогі ім не абысціся.

Падчас гэтай супольнай дзейнасці з іншымі, раней незнаёмымі людзьмі, адкрывае для сябе тое пра што ніколі не магла раней нават падумаць. З сумнай усмешкай згадвае, што раней нават не ведала сваіх суседзяў, а цяпер – вось побач, усе разам, салідарныя і блізкія ёй людзі.

-Гэтыя падзеі звялі мяне са шматлікі цудоўнымі людзьмі і тады марылася, як магло быць хораша пасля перамогі. І наагул, якія б магчымасці маглі адкрывацца для падобных супольнасцяў.

На жаль, мары засталіся толькі марамі. З’язджаць Аліне давялося, калі стала зразумела, што мірны пратэст не здолеў перамагчы. І яна добра ўсведамляла, што раней ці пазней з’явіцца на радары сілавікоў. За некаторымі сябрамі ініцыятыўнай групы ўжо пачалі прыходзіць і не хацелася проста чакаць сваёй чаргі.

-Некалькі сітуацый у мяне ўжо было такіх трывожных, калі здавалася, што ўжо прыйшлі. І ты разумееш, што ў такім напружанні не можаш больш жыць.

Дзякуй Польшчы, але думкі толькі пра Беларусь

ІТ-кампанія, у якой працавала Аліна, дала ёй магчымасць працягваць працу за мяжой, з ад’ездам таксама праблемаў не стала. З’явіліся новыя клопаты з легалізацыяй, з наладжваннем быту ў чужой краіне. Але дзякуючы гасціннасці і разуменню палякаў гэта ўсё, паводле яе, хутка наладзілася.

Польскай мовы наагул не ведала, але дзякуючы беларускай удавалася дамовіцца не толькі са звычайнымі людзьмі, а і вырашыць праблемныя пытанні ў дзяржаўных установах.

-Я вельмі ўдзячна Польшчы, што дае прытулак беларусам, – падкрэслівае Аліна. – Было б значна складаней для тых, хто ўцякае ад рэжыму, каб яны так не ставіліся да нас. І чалавечае стаўленне вельмі важнае. Мне пашанцавала, бо я не мела адмоўнага досведу.

Тым не менш думкі пра Беларусь, родны Мінск, блізкіх і сяброў не пакідаюць штодня. Жыць з гэтым не проста і тут трэба шукаць нейкае выйсце.

-Я сябе ментальна падрыхтавала да горшага, што магу ніколі не вярнуцца ў Беларусь, але спадзяванне, што сітуацыя зменіцца і можна будзе вярнуцца да дому не адпускае, – прызнаецца дзяўчына.

Штодня чытае навіны з Беларусі і нават не гледзячы на тое, што мае працу, матэрыяльна забяспечана, радасці напоўніцу ад жыцця не стае.

- Самае галоўнае, што я магу сфармуляваць зараз – радасці цяпер не бывае напоўніцу. Ты не можаш расслабіцца і сказаць, што вось я зараз шчаслівая, хаця ў мяне асабіста ўсё здаецца няблага. Няма гэтай шчырай радасці ад жыцця. Ты пайшоў, пачытаў навіны і разумееш, што там папросту знішчаюць людзей. І гэта тая сітуацыя, якую цяжка адпусціць, калі ў цябе не здарыцца амнезіі, – сумна заўважае Аліна.

Цяпер, гледзячы на Беларусь з боку яна часта задумваецца над тым, як падзелены беларускі народ, як магчыма, каб адныя катавалі іншых толькі за тое, што яны думаюць інакш. Як такое можа быць, калі беларус беларусу беларус? Пытанні, пытанні, пытанні і зусім, як заўважае суразмоўца, няшмат адказаў. Тым не менш Аліна спрабуе для сябе гэта неяк тлумачыць.

-Яны няшчасныя людзі, – пераканаўча кажа дзяўчына пра катаў. – Яны не ведаюць што такое любоў у жыцці, што такое апека блізкіх людзей. Я наагул не разумею, як у чалавеку можа выключыцца гэта чалавечае? Калі ў іх не было гэтай любові, гэтай эмпатыі ў дзяцінстве, то напэўна гэта цяжка ўключыць у сабе ў дарослым жыцці. Я не думаю, што і ў іх сем’ях ёсць шчасце і ўсё добра. Я так тлумачу сабе гэтую сітуацыю.

Напрыканцы нашай размовы запытаўся ў Аліны – ці вернецца яна на радзіму, калі гэта стане магчымым, бо многім з беларускіх эмігрантаў спадабалася жыццё за мяжой і яны не збіраюцца да дому.

-Я б хацела, я б вельмі хацела вярнуцца, але як гэта будзе і колькі яшчэ часу зойме. І што са мной тут будзе. Усё гэта пакуль даволі складана зараз уяўляць. Неяк так…, – задумліва кажа Аліна.

Павел Залескі

слухайце аўдыё