Падзеі 2020 году паўплывалі на многіх людзей у Беларусі. Шмат хто змяніў свае погляды ў цэлым на жыццё, нехта палітызаваўся, а некаму давялося прайсці выправанні праз турмы і катаванні. Гераіня рэпартажу – Вольга, якая з’ехала за мяжу да 2020 году, дзеліцца сваім досведам і распавядае, як тое, што адбывалася ў Беларусі, паўплывала на яе асобу.
У пошуках сябе
Вольга – чалавек творчы, у яе педагагічная адукацыя, яна малюе, займаецца камп’ютарнай графікай, арганізуе рознага кшталту вечарыны, друкавалася ў беларускіх выданнях, у яе шмат розных ідэй і яна ўвесь час у пошуку.
Магчыма менавіта таму лёс творчага чалавека прывёў яе ў Польшчу яшчэ да 2020 году. Не знайшоўшы сябе ў рэалізацыі сваіх планаў і задумаў на радзіме яна палічыла, што, зрабіўшы прынцыповыя крокі ў жыцці, зменіць яго ў лепшы бок.
Як сама заўважае, давялося сутыкнуцца з усімі праблемамі эмігранта: складанасці з легалізацыяй, а праз гэта цяжкасці з уладкаваннем на працу, безграшоўе… Усё гэта давялося прайсці.
Паводле яе, у Польшчы ёсць шмат магчымасцяў для творчага чалавека, каб зарабляць грошы, але пры ўмове, што ты афіцыйна ўладкаваны і маеш дамову аб працы, фірма плаціць за цябе падаткі і робіць усе неабходныя адлічэнні.
Атрымалася беларуская кавярня
Не маючы асаблівага досведу ў перыяд пандэміі наважылася разам з сяброўкай адчыніць кавярню ў Познані.
-Ідэя была простай. Нам у нейкі момант здалося, што будзе цікава і спакойна, калі ў нас будзе нешта сваё і мы будзем там рабіць канапкі і падаваць людзям каву.
Але ўсё аказалася не так проста. Да ўсяго пачалася другая хваля кавіду, справы ў кавярні складваліся не лепшым чынам. І ёй, і сяброўцы давялося, працуючы штодня за барнай стойкай, мыючы посуд і падлогу, яшчэ падпрацоўваць у іншых месцах, каб ставала на жыццё. Было нават жаданне зачыніцца, але цудам пераадолелі гэтыя складанасці.
Дзеля таго, каб развіваць справу і прывабліваць кліентаў Вольга выкарыстоўвае ўсе свае творчыя здольнасці: арганізуе ў кавярні адмысловыя вечары, сустрэчы, ладзіць выставы, майстар-класы нават такога кшталту – як цыраваць шкарпэткі. І гэта дало свой плён. Кліенты зацікавіліся.
Дзяўчына прызнаецца, што ад пачатку, адчыняючы з сяброўкай кавярню, нават не задумваліся аб тым, каб яна была менавіта беларускай. Але самі кліенты, пераважна палякі, знаёмячыся з дзяўчатамі, пачуўшы іх беларускую мову, і ацэньваючы творчы падыход да справы казалі, што ідуць у беларускую кавярню.
Той год не забываецца
А пасля 2020 сюды пайшлі і беларусы, якія па вымушаных прычынах аказаліся ў Польшчы. Над кавярняй лунае бел-чырвона-белы сцяг. Тут гучыць беларуская мова, абмяркоўваюцца праблемы, вырашаюцца розныя справы.
Цікаўлюся ў Вольгі – як успрымаліся тут беларускія падзеі 2020 году? Яна згадвае, што перад выбарамі быў прыўзняты настрой. Большасць яе знаёмых і яна сама паехалі ў Варшаву, каб прагаласаваць у амбасадзе.
Побач з беларускай амбасадай, распавядае дзяўчына, таксама панаваў святочны настрой. Была вялікая чарга, людзі хваляваліся, што не здолеюць патрапіць туды, каб аддаць свой голас. Жартавалі, што дыпламаты робяць штучныя перашкоды, каб беларусы не маглі абраць новага прэзідэнта, але нават гэта не псавала тады атмасферы.
-Такая вялікая, вялікая чарга і яна ўжо ператварылася проста ў тое, што людзі размаўлялі паміж сабой, дзяліліся думкамі, хто ішоў у краму набывалі ваду не толькі для сябе, а і для астатніх. Такая салідарнасць панавала…
Тады Вользе здавалася, што ўсё відавочна, зразумела і хутка наступіць сапраўднае свята.
Ужо вяртаючыся ўвечары дадому Вольга прачытала ў аўтобусе першыя навіны з Мінску і бачыла, як змяніліся ў тварах усе, хто прыязджаў галасаваць…
Дзяўчына згадвае, што два тыдні ў яе трэсліся рукі, пагоршыўся зрок, бо не выпускала з рук тэлефону.
-Адчувала такую трывогу, што ўвечары ўвесь час пачынала моцна плакаць. Праз тры гадзіны ў мяне, як у дзіцяці ўсё паўтаралася, як узахлёб. Так хацелася дамоў, не бачыла маці тры гады. А яна кажа: не прыязджай, бо баіцца. І плачаш, плачаш, плачаш…
Пабачыўшы ўсе зверствы і кроў на плошчы роднага гораду не магла сабе ўявіць, адкуль у яе сяброў бяруцца сілы і адвага, каб выходзіць на вуліцы супраць узброенага АМАПу. Пазней адна з сябровак ёй патлумачыла.
-Я калі там была, то ўспрымала ўсё інакш: стрэлы, выбухі…, людзей было шмат. Але пазней, калі паглядзела відэа, то толькі тады спалохалася…
Вольга згадвае, што ў той час, тут у Польшчы, яна асабіста адчувала вялікую падтрымку ад палякаў, якія праяўлялі з беларусамі салідарнасць.
-Яны імкнуліся быць побач, бачылі ў якім мы былі стане, што нехта не мог дазваніцца да родных ці блізкіх. Нават тыя, хто звычайна спазняўся на спатканні, цяпер заранёў стаялі, чакалі, прыйшлі. Памятаю, адзін мой знаёмы ўвесь час імкнуўся запрашаць мяне на нейкія імпрэзы, хоць мне было вельмі складана некуды хадзіць. Але я разумела, што ён хацеў, каб я адключылася, каб мы ўсе хоць трохі адключыліся…
Мы ўсе павінны дапамагчы сваёй краіне
Перажыўшы гэты няпросты для ўсіх беларусаў перыяд Вольга прызнаецца, што асабіста для яе гэта быў час пераацэнкі сваіх поглядаў і каштоўнасцяў і найперш на беларускасць.
Дзяўчына не хавае, што раней Беларусь атаясамлівалася для яе з буслом і васількамі. Паводле яе, прычына ў тым, што з дзяцінства дзяржаўная сістэма была скіравана на тое, каб дзеці не ведалі мовы, у школе не вучылі беларускай гісторыі, пазней не цікавіліся апазіцыяй, не сфармавалі грамадзянскай адказнасці. Тым не менш, Вольга ў дзяцінстве чытала беларускія кніжкі, спрабавала пісаць вершы па-беларуску, але пагаварыць на роднай мове практычна не было з кім.
-Я, на жаль, толькі ў дваццатым годзе даведалася, як выглядаюць катаванні, як выглядае палітычная барацьба, аб чым гавораць разумныя людзі ў нашай краіне і за што яны перажываюць.
Шкада толькі, паводле маёй суразмоўніцы, што змяніць погляды давялося праз такія страшныя абставіны. Яна звяртае ўвагу на тое, што праз гэтыя падзеі коштам людзей, якія дагэтуль знаходзяцца ў турмах, беларусы заслужылі паважлівае стаўленне ў свеце. А ёй, маўляў, вельмі карціць дамагчыся павагі проста сваім жыццём, сваімі ўчынкамі.
-Я вельмі спадзяюся, што мы ўсе тут адказныя за свае ўчынкі, удзячныя за дапамогу і ўвагу да нас у нашай бядзе, якую нам аказвае свет. Таму што насамрэч ніхто нам нічога не павінен даваць.
Вольга не загадвае, як складзецца яе жыццё далей, але разумее, што дэмакратыя наступіць рана ці позна і ў Беларусі. Ёй бы вельмі хацелася вярнуцца туды хоць на некалькі гадоў.
-Мы павінны будзем вярнуцца і дапамагчы сваёй краіне. Гэта будзе нашым адказам на тую ўвагу да нас, якая была ўвесь гэты час. Бо вельмі лёгка казаць, калі ты на добрай старане і ўвесь свет разам з табою. Важным крокам будзе той, калі мы будзем патрэбны толькі беларусам, а не ўсяму свету. Вось тады будзе момант адказнасці. Я спадзяюся, што ў мяне хопіць сіл.
А яшчэ дадае, што вельмі сумуе па Беларусі:
-Я якраз з тых, хто заўсёды кажа, што ў нас і малако лепшае, і сыркі ёсць, і цягнікі не спазняюцца. У мяне заўсёды вельмі шмат крытэрыяў – і гэта было лепей, і з тым было лягчэй…
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл