Беларуская Служба

Беларуская пенсіянерка ў эміграцыі: Я б не хацела, каб Лукашэнка проста памёр. Ён павінен адказаць па закону

27.05.2023 16:22
Адна з старэйшых беларускіх эмігрантак у Польшчы. У жніўні 2020 году ўдзельнічала ў пратэстах пенсіянераў, адбывала суткі на Акрэсціна і ў Жодзіне.
Аўдыё
  • Беларуская пенсіянерка ў эміграцыі: «Я б не хацела, каб Лукашэнка проста памёр. Ён павінен адказаць па закону»
 .
Ілюстрацыйнае фота. Billion Photos/Shutterstock

Спадарыня Валянціна адна з старэйшых беларускіх эмігрантак у Польшчы. У жніўні 2020 году ўдзельнічала ў пратэстах пенсіянераў, адбывала суткі на Акрэсціна і ў Жодзіне. Дагэтуль трымаецца аднаго з лозунгаў тых незабыўных дзён: «Верым! Можам! Пераможам!». Удзельнічала ва ўсіх маршах пенсіянераў

Са спадарыняй Валянцінай сустрэліся ў беларускай кавярні ў Познані. Яна ў адмысловай белай цішотцы з чырвоным надпісам: 23.34. Падпісвае паштоўкі для палітвязняў і сумна заўважае, што ім цяпер патрэбная дапамога, як нікому іншаму.

Беларуска, нарадзілася аж у Хабараўскім краі – яе тата быў вайскоўцам, беларусам па нацыянальнасці. Мяне ўражвае яе ўзрост, хаця зразумела запытацца наўпрост пра гэта ў жанчыны не магу, а яна разумеючы маё жаданне тактоўна кажа, што на пенсіі знаходзіцца ўжо даўно.

Апавядае, што ў пратэсты разам з іншымі пенсіянерамі пайшла ад самага пачатку, удзельнічала ва ўсіх маршах пенсіянераў, якія адбываліся ў Мінску. Зрэшты, тады на ўсю краіну прагрымелі іх сталічныя акцыі.
Адбывала пакаранні на Акрэсціна і ў Жодзіна

Першы раз спадарыня Валянціна была затрымана за ўдзел у дваравых маршах і асуджана на 14 сутак. Тры з іх правяла на Акрэсціна, а астатнія ў Жодзінскай турме.

Згадваючы пра Акрэсціна, спадарыня Валянціна кажа, што там ёй ніякіх скідак на ўзрост ніхто не рабіў. Як і астатнім давялося прайсці ўсе катаванні: 5 гадзін у стакане (высокая вузкая бетонная камера без вакон), гучная музыка, лямпачка, якую ніколі не адключалі, а яшчэ знаходзілася ў адной камеры з жанчынай-бамжом.

Другі раз яе затрымалі за ўдзел у акцыі ў падтрымку беларускай мовы. Тады ў электрычцы арыштавалі 26 пенсіянераў за тое, што яны чыталі кніжкі беларускіх пісьменнікаў.

Паколькі з моманту першага затрымання мінуў толькі месяц, паводле маёй суразмоўніцы, у РАУС допыт быў жорсткі. Адуль хуткая завезла яе ў шпіталь з дыягназам «гіпертанічны крыз». Там спадарыня Валянціна заразілася Ковідам і суд над ёй адбыўся пасля выздараўлення. Паводле рашэння суда яна мусіла заплаціць 45 базавых велічынь штрафу, што складала тры яе месячныя пенсіі.
Ёй згадваецца тая атмасфера, якая панавала падчас затрыманняў і арыштаў, калі баішся адказваць па тэлефону, баішся адчыніць дзверы, калі звоняць у кватэру.

-У нас у кватэры коцікі жывуць і раней, калі нехта званіў у дзверы, яны палохаліся і з грохатам разбягаліся. А падчас арыштаў, калі нехта званіў у дзверы, мы заміралі, хавалі тэлефоны, а коцікі таксама спыняліся, паціху разварочваліся і на цыпачках разыходзіліся ў розныя бакі. Гэта было нешта неверагоднае.

Спадарыня згадвае, што знаходзячыся ў турме ў Жодзіна, ёй, як і многім іншым здавалася, што вось-вось усё гэта скончыцца, перамога блізка. І нават ахоўнікі імкнуліся быць з імі лаяльнымі, скардзіліся на свой цяжкі лёс. Ёй да канца тады не верылася, што ўсё гэта адбываецца з ёю. І як наагул яе, законапаслухмяную грамадзянку, маглі пасадзіць у турму.

З ёй у камеры знаходзіліся маладыя дзяўчаты-студэнткі. І яна, гледзячы, як няпроста ім даводзіцца, імкнулася падтрымаць і падбадзёрыць. Распавядала розныя гісторыі, дзялілася жыццёвым вопытам, каб нейкім чынам іх усцешыць.

-Калі я бачыла, што ім зусім няпроста, казала ўставаць і пачынаць танчыць. Калі нас у халодныя дні выводзілі на прагулку, то я заўсёды з дзяўчатамі танцавала на вуліцы, каб сагрэцца.
Той жнівень 2020 у Мінску забыць немагчыма

Што яшчэ назаўсёды застанецца ў яе памяці – атмасфера, якая панавала ў жніўні 2020 года ў Мінску. Спадарыня, пражыўшы добры адрэзак жыцця, ніколі нічога падобнага раней не перажывала.

-У 2020 годзе было нешта несамавітае. Там па вачах было відаць, што гэта нашы людзі, дух адзінства, разам…

Цяпер штодня спадарыня Валянціна сочыць за навінамі з Беларусі і не перастае здзіўляцца жорсткасці ўлады.Паводле яе, ім напэўна няма ўжо чаго губляць, бо за ўсё тое, што яны зрабілі давядзецца адказваць па Закону. Спадарыня за тое, каб ва ўсім і з кожным разабраўся справядліва суд.

-Я б не хацела, каб Лукашэнка проста памёр, а каб патрапіў на лаўку падсудных і адказаў перад Законам. Мне здаецца, што ён зараз не ў стане наагул ацаніць узровень зла, якое ён учыніў для грамадзян Беларусі.

Мая суразмоўніца не хавае, што сумуе па дому. Бо як жа інакш, там блізкія, сябры, коцікі, лецішча, кветкі пад балконам і ўсё, маўляў без яе. Яна, як і ўсе ў Беларусі, чакае зменаў і наколькі гэта магчыма імкнецца іх наблізіць.

-Хочацца перамен, прычым глабальных і ва ўсім. І ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў кіраванні краінай. Мы ўжо зайшлі ў такі тупік, што трэба ўсё пачынаць спачатку. Нельга здавацца…

Я запытаўся спадарыні – чаму яна носіць цішотку з надпісам 23.34? Аказалася – гэта падарунак. Яна атрымала яго, калі выйшла з сутак. Яе сустрэлі суседзі і сябры з кветкамі, тортам і з гэтым падарункам.

-Я калі ўсё гэта пабачыла, то сказала, што не плакала нават у турме, а вы мяне тут давялі да слёз…
Самае цікавае, як высвятляецца ў нашай размове, спадарыня Валянціна дажыўшы да пенсійнага веку, ніколі не была сярод актывістак, працавала ў банку і, як згадвае сама, за працай падчас не было калі нават галаву падняць, не тое, што яшчэ хадзіць на акцыі.

А вось 2020 год многае змяніў у яе жыцці. Цікаўлюся, што ўсё ж падштурхнула яе выходзіць на пратэсты? Паводле жанчыны, тады шмат што абурыла: стаўленне ўлады да людзей падчас Ковіда, якога нібыта не было, і цынічныя адносіны да апазіцыйных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі і ўрэшце тая ні з чым не параўнальная жорсткасць падчас разгону мірных пратэстаў.Ну таму што ўсё гэта абурыла, абурыла стаўленне да людзей. Пабоі, катаванні – усё гэта падняло не толькі мяне, але ўсіх людзей, таму і былі такія масавыя пратэсты, – упэўнена адказвае мне спадарыня Валянціна.

І яшчэ дадае:

-Здавацца нельга. І нават тут у эміграцыі праходзяць акцыі, але я адчуваю, што нам трэба часцей выходзіць на розныя акцыі. Нам нельга здавацца, бо тое, што і надалей адбываецца ў Беларусі абурае людзей.

Павел ЗАЛЕСКІ


Эмігрантка: Свядома адмаўляюся ад інтэграцыі дзеля захавання нацыянальнай культуры

28.03.2023 11:37
Наша суразмоўца валодае польскай дасканала, мае добрую і высокакваліфікаваную працу, але адмаўляецца ад інтэграцыі ў польскае грамадства.

Эмігрант: Польшча стала для мяне краінай магчымасцяў

17.05.2023 13:27
Рамана Ц., які пасля атрымання бакалаўрскай ступені ў адным з варшаўскіх ВНУ знайшоў добра платную працу ў сферы ІТ.