Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы шукалі падтрымку ў захаванні беларускага характару ліцэяў у Гайнаўцы ды Бельску Падляскім у канцылярыі прэзідэнта Польшчы. У прэзідэнцкім палацы кіраўнік канцылярыі Гражына Ігначак-Бандых ды міністр Войцех Калярскі сустрэліся з дырэктарамі беларускіх ліцэяў ды прадстаўнікамі беларускіх арганізацый у Польшчы.
Бацькі, дырэкцыя школаў ды арганізацыі беларускай меншасці ў Польшчы выступілі са зваротам у абарону беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляскім. На старонцы petycjeonline.com з’явілася супольная заява да падляскага куратара асветы і Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы з патрабаваннем не змяняць характараў беларускіх школ на Падляшшы.
Беларускія ліцэі ў Бельску Падляскім і Гайнаўцы ўжо амаль 80 гадоў маюць характар меншасных, дзе ўсе вучні вывучаюць беларускую мову і здаюць абавязковы выпускны экзамен па гэтым прадмеце. У сваю чаргу чыноўнікі, якія займаюцца пытаннем адукацыі, мяркуюць, што любы вучань гэтых дзвюх школ мае права адмовіцца ад заняткаў і экзамену па беларускай мове ў працэсе навучання. Збор подпісаў пад петыцыяй працягваецца.
Сярод удзельнікаў сустрэчы быў і старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа.
слухайце аўдыё