Беларуская Служба

Псіхолаг Наталля Скібска: Цяпер падлеткі скардзяцца, што мала часу праводзяць менавіта з мамаю, бачаць яе са спіны

29.05.2023 15:20
Паразмаўлялі з псіхолагам Наталляй Скібска пра псіхалогію сямейных адносінаў, на што скардзяцца падлеткі і ў чым заганнасць сучаснай адабраемай грамадствам мадэлі паводзінаў жанчыны.
Аўдыё
  • Псіхолаг Наталля Скібска: Усе імкнуцца патрапіць у нейкія вакенцы, грамадскія мадэлі.

Слухайце размову ў далучаным файле!

– Калі мы параўноўваем сацыяльную мадэль жанчыны ў грамадстве з часамі сто гадоў таму, то змены ёсць, калі ўзяць апошняе дзесяцігоддзе, то змены неістотныя. Калі глядзець на механізмы, то ёсць той жа патрыярхат, з элементамі сексізму, але ўсё пад іншым соусам ужо.

Калі я гляджу на гэтую сітуацыю, то разважаю так: жанчыну лёгка абвінавачваць у чым заўгодна, і асабліва маці. Бо маці – гэта галоўная асоба, якая даглядае дзяцей, адказвае за сям’ю. На жанчыну ёсць вялікі ціск: ты павінна заставацца маці, выхоўваць дзяцей, рабіць хатнія справы, а яшчэ і грошы зарабляць. Калі мы глядзім на Савецкі саюз, дык там жанчына павінна была будаваць камунізм, цяпер яна мусіць будаваць нешта іншае. Хтосьці скажа, што яна павінна працаваць, хтосьці скажа, што павінна адпавядаць нейкім сучасным крытэрам. І нават тое, што ёсць фемінізм, жанчыны атрымалі правы, гэта ўсё ўмоўна.


Наталля Скібска. Наталля Скібска.



Жанчыны рызыкуе, калі нараджае дзіця. І не толькі здароўем, але і жыццём, цяжарнасць – складаная справа, і было б добра, каб мужчыны ў гэты час бралі на сябе тое, што магчыма. Нараджэнне дзіцяці стварае сітуацыю, быццам жанчына вінная і тое, і гэта. А пра бацьку так не кажуць, няма ў нас такіх патрабаванняў да татаў, якія ёсць да мам. Мужчыны, канешне, актыўней цяпер уключаюцца ў працэсы выхавання, але іх унёсак мусіць быць большым.

Няма ў нас такіх патрабаванняў да татаў, якія ёсць да мам.

Нараджэнне дзіцяці робіць жанчыну вельмі ўразлівай, яна вельмі залежыць ад іншых падчас цяжарнасці, пакуль дзіця малое. І гэта часта з’яўляецца прычынай, чаму жанчына застаецца ў таксічных стасунках – ёй няма куды ісці. І грамадства больш патрабуе, чым падтрымлівае. А ў такія перыяды патрэбныя падтрымка, ахова, абарона. Дарэчы, жанчыны часта чуюць патрабаванні, крытыку ад іншых жанчын. Нам бы больш падтрымліваць адна адну.

– Больш жаночай салідарнасці.

– Абсалютна! Трэба спыняць і не падтрымліваць той эмацыйны гвалт, які ёсць у грамадстве, а хто, як не жанчына разумее гэты ціск.

– На постсавецкай прасторы жанчыны часта ўспрымаюць іншых жанчын як канкурэнтак, адсюль і нізкі ўзровень салідарнасці. Чаму так?

– Зараз, дзякуй Богу і людзям, найперш людзям, якія на гэта ўплывалі, мы маем істотна больш высокі ўзровень медыцыны, адпаведна, іншая каштоўнасць жыцця. Раней часта паміралі менавіта дзеці і жанчыны. Гавораць: «І ў полі раней нараджалі». Канешне, і ў полі. Але гэта жах, што адбывалася пасля. Таксама цяпер маем контрацэптывы, жанчына ўжо мае магчымасць выбіраць, калі ёй нараджаць.

Каштоўнасць жыцця раней была малой, бо немагчыма губляць тое, што табе занадта дарагое. У грамадстве і былі адпаведныя псіхалагічныя настроі, ажно да наўпроставага абясцэньвання: Памерла маці? Будзе мачыха, мужчына знойдзе іншую.

– Вы крыху закранулі, што новыя сацыяльныя мадэлі акрэсліваюць новыя патрабаванні: быць паспяховай, займацца грамадскай дзейнасцю і г.д. І некага гэта вымушае адпавядаць падобнаму ўзору, нават калі, паводле складу характара, хочацца іншага. І вось імкнецца, бяжыць некуды такая жанчына, ашто атрымлівае?

– Гэта спрыяе таму, што нараджаюцца новыя ўнутраныя канфлікты. Так, цяпер трэба адпавядаць вобразу будаўніцы новага светапогляду з тымі ж інстадзівамі і г.д.

– А што адбываецца з мужчынамі?

– Слухайце, нам усім вельмі складана – змяняецца парадыгма. Ёсць запыт, каб усе былі больш чалавечныя. А калі чалавека ўсё жыццё вучаць «ты ж хлопчык, ты павінен…». Калі б мы маглі жыць з таго, што ёсць у нас саміх, было б цудоўна. А так атрымліваецца, што ўсе імкнуцца патрапіць у нейкія вакенцы, грамадскія мадэлі.

– Пакаленне тых, каму цяпер за 30 гадоў, скардзяцца на тое, што бацькі мала надзялялі ім увагі, шмат патрабавалі ад дзяцей, не так шмат праводзілі разам часу, не было прынята ў беларускім грамадстве, і цяпер такое ёсць, хваліць сваіх дзяцей – нават выслоўе ёсць «трэба, к аб людзі хвалілі». А на што скардзяцца сучасныя дзеці, што датычна бацькоў і ўзаемаадносінаў?

Падлеткі скардзяцца, што мала часу праводзяць менавіта з мамаю, бачаць яе са спіны.

– Самае цікавае, што на тое ж самае, толькі крыху з іншага ракурсу. Бацькі таксама адсутнічаюць у іх жыцці. Я працую з падлеткамі, і яны скардзяцца, што мала часу праводзяць менавіта з мамаю, бачаць яе са спіны. Яна можа быць дома, але цяпер шмат хто працуе дыстанцыйна, і атрымліваецца, што яна ўвесь час занятая. Таксама ёсць патрабаванні быць кімсьці. Увогуле сітуацыя не надта адрозніваецца ад таго, што было ў нашым дзяцінстве: раней мама была на працы, а цяпер, калі яна і дома, то сядзіць за кампутарам і для дзяцей яе няма.

– І што б вы параілі ў такім кантэксце?

– Змяняць светапогляд, не глядзець на сябе і іншых, як на мадэль паводзінаў. З цікавасцю глядзець адзін на аднаго, а не спрабаваць нешта адмысловае зрабіць са сваіх дзяцей, мужоў, жонак.

– Цяпер шмат інфармацыі пра выхаванне, педагагічныя падыходы і гэтак далей. Але ці можна выхаваць чалавека без траўмаў?

– Ніхто ў гэтым свеце не можа пазбегнуць траўмаў, заўсёды нета будзе – хваробы, войны, рэвалюцыі. Гэта ўсё стрэс і ўсё можа ўплываць. Але што могуць зрабіць бацькі, забяспечыць добры, грунтоўны падмурак. І гэта не пра выхаванне, а пра здаровыя адносіны са светам. Яшчэ немагчыма некага пералюбіць. Трэба глядзець з цікаўнасцю на чалавека, дазваляць эксперыменты, дазваляць рабіць выбар. Калі для чалавека норма – здаровыя, цёплыя адносіны, ён будзе іх шукаць. Таксічныя адносіны будуюць часта тыя, хто зазнаў падобныя адносіны ў дзяцінстве, бо такая мадэль у галаве. Калі ў чалавека добры падмурак, ён зможа спраўляцца з любым стрэсам, зможа выходзіць з нездаровых адносінаў, будзе адчуваць сваё цела.

– Ці можаце параіць нашым слухачам некалькі кніг па педагогіцы, псіхалогіі, якія б дапамаглі лепш будаваць унутрысямейныя адносіны?

– Я ўсім раю працаваць над сваім эмацыйным інтэлектам. Магу параіць кнігу Наталлі Кедравай «Азбука эмоцый». Бацькам раю чытаць кнігі Юліі Гіппенрэйтэр. Глядзіце ўнутр сябе і спрабуйце палюбіць сябе, працуйце са сваім эмацыйным інтэлектам, працуйце з траўмамі, каб не перадаваць іх наступным пакаленням. Не трэба свае траўмы перакідваць на дзетак.

вх