Памежная служба выключае магчымасць пропуску ў Польшчу групы мігрантаў, якія знаходзяцца па беларускі бок памежнай агароджы, піша Gazeta Wyborcza.
Прэс-сакратар Падляшскага аддзелу памежнай аховы сказала, што патэнцыйнае прыняцце заявы аб міжнароднай абароне, калі гэтыя людзі маюць намер атрымаць абарону ў Польшчы, немагчымае.
На польска-беларускай мяжы ў Белавежскай пушчы знаходзяцца каля 26 чалавек, у тым ліку жанчыны (адна цяжарная) і паўтара дзясятка дзяцей.
Інфармацыя пра іх дакладную колькасць адрозніваецца. Гэтыя людзі знаходзяцца тут з суботы (27 траўня). Яны сцвярджаюць, што хочуць атрымаць прытулак у Польшчы (міжнародную абарону).
Пастаянную падтрымку ім аказваюць валанцёры групы «Граніца», якія знаходзяцца побач.
Актывістаў не пускаюць бліжэй, бо дзейнічае забарона набліжацца да агароджы на мяжы бліжэй за 15 метраў. Польскія памежнікі перадавалі з-за агароджы замежнікам ваду і ежу (сокі, хлеб, булачкі, шакаладныя батончыкі), але не пагадзіліся даставіць паўэрбанк, як прасіў адзін з валанцёраў.
Беларускія недзяржаўныя медыя паведамлялі, што група гэтых людзей не можа вярнуцца ў Беларусь праз пагрозы з боку беларускіх службаў.
Усяго з пачатку года памежная служба зафіксавала 10 тысяч спробы незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. У сакавіку і красавіку было каля 2,5 тысяч такія спробаў, у траўні – больш за 2,7 тысячы. Мігранты, якія спрабуюць патрапіць на тэрыторыю Польшчы, паходзяць больш чым з 40 краін.
На 206 км польска-беларускай мяжы ўсталяваная электронная агароджа – гэта значыць сістэма камер і датчыкаў.
Яна дапаўняе металічны плот вышынёй 5,5 метраў, пабудаваны летась на 186 км мяжы.
вх