Беларуская Служба

«Мой добры сябра гісторык кажа, што так дрэнна ў Беларусі не было нават у часы Расійскай Імперыі»

31.05.2023 14:26
Алесь з’ехаў з Беларусі пасля пераследу – цяпер жыве ў Познані, дзе трымае беларускую бібліятэку, чытае лекцыі па беларускай мове і кіруе хорам.
Аўдыё
  • «Мой добры сябра гісторык кажа, што так дрэнна ў Беларусі не было нават у часы Расійскай Імперыі»
Нацыянальныя колеры Беларусіфота: Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Алесь з’ехаў з Беларусі пасля пераследу за ўдзел у пратэстах 2020 году. Акрамя таго, што вучыцца і працуе, актыўна ўдзельнічае ў жыцці беларускай дыяспары ў Познані, трымае беларускую бібліятэку, чытае лекцыі па беларускай мове і кіруе хорам. З ім гутарыць Павел Залескі.

Алесь: Я зараз студэнт першага курсу ў Познаньскім універсітэце імя Адама Міцкевіча на Факультэце класічнай філалогіі, вывучаю старагрэцкую мову і латынь.

Карэспандэнт: Распавядзіце, калі ласка, як вы сюды патрапілі. Я так разумею, вы ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году…

Алесь: Так, менавіта з 2020 году ўсё і пачалося. Гэта ўдзел у пратэстах і ўдзел у «Вольным хоры». Я аднойчы быў яго дырыжорам. Прычым адзіным, каго не пасадзілі. Хаця некалькі разоў мяне, як і маю сям’ю, арыштоўвалі. Пасля гэтага я падаўся на навучальную Праграму імя Каліноўскага і з 2021 году знаходжуся ў Польшчы.

Карэспандэнт: Вы сказалі, што былі дырыжорам. Гэта значыць маеце музычную адукацыю?

Алесь: Так, я вучыўся ў Каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка як скрыпач. То бок музыкай займаюся з дзяцінства. Спачатку займаўся на фартэпіяна, а з сямі гадоў іграю на скрыпцы. Мяне заўсёды цягнула да дырыжорства, і вось, «Вольны хор» падараваў мне такую магчымасць упершыню спраўдзіць сябе як дырыжора.

Карэспандэнт: Вы чалавек дастаткова малады – як вы перажылі тыя падзеі 2020 года?

Алесь: Я б сказаў, што яны прайшлі для мяне значна лягчэй, чым маглі. Я ведаю шмат людзей, для якіх гэта значна цяжэй адбылося ў жыцці. Прынамсі, мяне не знявечылі, ніякіх вялікіх штрафаў не атрымаў. Гэта быў такі досвед, калі я ўпершыню сутыкнуўся з тым, што сабой уяўляе сучасная Беларусь, бо да 2020 года жыў адносна палітычна несвядомым жыццём.

Карэспандэнт: І як вас сустрэла Польшча? І чаму вы вырашылі тут вучыцца?

Алесь: Па-першае, Праграма Каліноўскага абумовіла мой выбар у навучанні. А па-другое, Польшча добра прыняла. Я паспеў пажыць у трох польскіх гарадах: Любліне, Варшаве, Познані. Спыніўся на Познані. Нягледзячы, што тут адносна невялікая беларуская дыяспара, даволі маладая, якая толькі праходзіць шлях станаўлення, тут можна яшчэ шмат што зрабіць для беларускасці. Бо ў той жа Варшаве альбо Кракаве беларусаў шмат, там усё наладжана.

Карэспандэнт: І што вы тут робіце для беларусаў?

Алесь: У Познані ў гэтым сэнсе такая вольніца. І перш за ўсё я працую з хорам. Я яго не арганізаваў, ён існаваў да мяне. Я туды прыйшоў як чалавек, які мае музычны досвед і досвед дырыжора. Мы працуем ужо паўгода і з таго моманту хор разросся і называецца цяпер «Пазнаньскі спеўны сход».

Карэспандэнт: А акрамя хору ёсць яшчэ нейкая дзейнасць?

Алесь: Я ствараю беларускую бібліятэку, якая перажывае свае складанасці, але існуе, і кожны беларус можа прыйсці пазычыць у нас кніжкі.

Карэспандэнт: Адчуваю, што гэта яшчэ не поўны пералік вашай дзейнасці на ніве беларускасці…

Алесь: Мяне яшчэ запрасілі праводзіць лекцыі па беларускай мове. Я б не сказаў, што з’яўляюся вельмі дасведчаным выкладчыкам, але паціху прасоўваю ўжыванне беларускай мовы сярод беларусаў. Стараюся выбіраць цікавыя тэмы, даю чытаць кніжкі, праводжу розныя гульні, імкнуся, каб людзі, як мага больш карысталіся беларускай мовай.

Карэспандэнт: Калі вы чытаеце лекцыі тут беларусам, то ці параўноўваеце сітуацыю са станам мовы ў самой Беларусі, бо там жа існуюць вялікія праблемы з мовай…

Алесь: Я не схільны, каб людзей у нечым вінаваціць. Таму я заўсёды шукаю для іх нейкія цікавосткі, бо не бачу, каб людзі ставіліся варожа да мовы. Праўда, аднойчы сустрэў тут адну беларуску і запытаўся ў яе, чаму не гаворыць на роднай мове. Яна адказала: «…я ненавіжу белорусскій язык». Але я разумею, што яна не нейкі там «рускі мір» – проста чалавек праз усё жыццё мае стасунак з беларускай мовай толькі ў школе ды яшчэ праз нейкую гадкую настаўніцу, з беларускай культуры ведае толькі нешта кшталту «дажынак» і падобнае. Канешне, усё гэта лёгка ўзненавідзець, калі не маеш доступу да сапраўднага беларускага.
Я бачу, што людзі змяняюцца. Тыя, хто паўгода таму яшчэ ні слова не маглі сказаць па-беларуску, адказвалі мне на дзякуй – «пожалуйста», зараз ужо і вітаюцца па-беларуску, і кніжку беларускую просяць, каб пачытаць. І гэта прыемна.
Больш за тое, я яшчэ шукаю гэты рэцэпт сапраўднага прасоўвання мовы ў народ. Пакуль яшчэ не ведаю, дзе ён ляжыць, але дакладна, што не ў агрэсіўным навязванні. Ён напэўна там, каб самому шчыра любіць і актыўна нешта рабіць, нягледзячы ні на якія перашкоды.

Карэспандэнт: Я разумею, што вы студэнт, стыпендыя напэўна невялікая... Як даводзіцца вырашаць матэрыяльныя праблемы?

Алесь: Так, я маю Стыпендыю Каліноўскага. Некалі гэтых грошай хапала на тое, каб пражыць. Зараз іх у лепшым выпадку хапае толькі на тое, каб заплаціць за жыллё.

Карэспандэнт: А як з усім астатнім?

Алесь: Падпрацоўваю. Уначы інвентарызую крамы – лічу тавар…

Карэспандэнт: А гэта не цяжка – і вучыцца, і працаваць?

Алесь: Цяжка, але я думаю, што многім людзям яшчэ цяжэй.

Карэспандэнт: Вы, напэўна, сочыце за навінамі, якія адбываюцца ў Беларусі. Што думаеце на гэты конт?

Алесь: Мой добры сябра гісторык кажа, што так дрэнна ў Беларусі не было нават у часы Расійскай Імперыі. Што за царом было лягчэй развівацца, чым цяпер пры незалежнай дзяржаве. Сітуацыю можна параўнаць з трыццатымі гадамі мінулага стагоддзя – там проста жах. Жывучы ў Польшчы ад гэтага несвядома абстрагуешся, губляецца гэта нітка, сувязь з той Беларуссю, якая там. Упэўнены, што Беларусь стане вольнай, адзінае пытанне – калі? І думаю, што гэта не будзе так хутка, як бы многім хацелася.

Карэспандэнт: А вучыцца ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча – гэта нешта значыць для вас?

Алесь: Мне здаецца, што ўніверсітэт неяк выпадкова атрымаў гэтую назву, бо я, шчыра кажучы, не знайшоў ніякай сувязі паміж Міцкевічам і Познанню і асабліва гэтым універсітэтам. Але, вядома, гэта нешта значыць, прыемна, што імя нашага земляка носіць універсітэт. Сувязь існуе, хаця даволі часта даводзіцца палякам нешта аб ім распавядаць.

Карэспандэнт: Дзякуй за гутарку.

Размаўляў Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл