Беларуская Служба

Адну з намінацый конкурса «Майстар польскай мовы» атрымаў беларускі палітвязень

13.06.2023 16:28
Выбар сёлетніх лаўрэатаў стаў вельмі сімвалічным.
Аўдыё
  • Намінацыя на "майстра польскай мовы"
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne Juan Ci/shutterstock.com

Грамадская праграма «Майстар польскай мовы» існуе з 2000 года. Яе формула грунтуецца на адборы асобаў, якія, паводле агульнапрызнаных канонаў, заслугоўваюць называцца майстрамі роднай мовы. Гэта людзі, якія вядомыя не толькі ў польскім, нацыянальным, або нават сусветным маштабе, але і ў меншых, мясцовых супольнасцях. Выбар «майстроў» адбываецца дзякуючы галасам групы экспертаў, у якую ўваходзяць вядомыя лінгвісты, літаратуразнаўцы і сацыёлагі мовы. Акрамя таго, жыхары Польшчы таксама выбіраюць свайго пераможцу ў адкрытым галасаванні.

Сёлета ў праграме прагучаў беларускі акцэнт. Намінацыю на «Майстра польскай мовы» і лаўры Акадэміі майстроў польскай мовы атрымалі журналіст, адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут, а таксама актор Кшыштаф Глёбіш. Ён пакутуе ад афазіі (адсутнасць магчымасці карыстацца мовай), якая паявілася ў выніку інсульту.

Падчас цырымоніі ў Каралеўскім замку ў Варшаве дырэктар праграмы «Майстар польскай мовы» Пётр Касакоўскі падкрэсліў, што выбар сёлетніх лаўрэатаў стаў вельмі сімвалічным.

- Ранейшыя майстры дзякуючы сваёй вялікай мудрасці вырашылі ў гэтым годзе ўзнагародзіць двух чалавек, якія раней дэманстравалі выдатны ўзор польскай мовы. А ў дадзены моманты яны, у выніку зусім розных, але пры гэтым і падобных прычын, не могуць гаварыць. Анджэй Пачобут – палітвязень, ён знаходзіцца ў калоніі ў Беларусі, а Кшыштаф Глёбіш, як ён сам напісаў, стаў вязнем уласнага цела. Яны не могуць гаварыць, але пры гэтым яны свабодныя. І выдатна, што гэта заўважылі таксама майстры.

Падчас цырымоніі абвясцілі таксама намінантаў на званне майстра польскай мовы. Сёлета сярод людзей, якія былі заўважаныя за выдатнае валоданне польскай мовы, між іншым, актрыса Ольга Балондзь (Olga Bołądź), джазавая спявачка Уршуля Дудзяк (Urszula Dudziak), прафесар, гісторык Анджэй Новак (Andrzej Nowak) і шэф-повар Караль Окраса (Karol Okrasa).

Прафесар Анджэй Новак вядзе разам з Даротай Трушчак перадачу «Жывая гісторыя» у эфіры Першай праграмы Польскага радыё.

- Я, канешне, адчуваю вялікі гонар ад гэтай намінацыі. Гэтай узнагародай былі ўганараваныя раней многія выдатныя асобы. Гэтае званне вельмі добра нагадвае вялікую прыгажосць і значэнне нашай мовы, якая з’яўляецца не толькі сродкам зносінаў паміж людзьмі, але таксама элементам дапамогі, дзякуючы якому мы можам быць лепшымі, больш годнымі, калі мы правільна карыстаемся моваю. А радыё, на маю думку, гэта эталон польскай мовы.

Гражына Бастэк – мастацтвазнаўца і журналіст, шмат гадоў звязаная з Другой праграмай Польскага радыё, таксама была намінаваная на званне майстра польскай мовы.

- На працягу шматлікіх гадоў я вяла ў эфіры Другой праграмы Польскага радыё перадачу, якая называлася «Ёсць такая карціна». І гэтых перадач, паводле маіх падлікаў, было запісана каля 170. Гэта шмат, шмат гадоў нашай цяжкай працы. Па радыё вельмі цяжка расказваць пра мастацтва, паколькі нельга нічога паказаць. І таму, акрамя таго, што мова павінна быць правільнай, вельмі важна, каб яна была вобразнай. Каб слухачы, нават не бачыўшы рэпрадукцыі, маглі ўявіць, пра што ідзе гаворка.

«Майстар польскай мовы» – сацыяльная праграма, накіраваная на папулярызацыю польскай мовы і ўручэнне ўзнагарод людзям, якія заслугоўваюць звання асобы, што па-майстэрску карыстаецца польскай мовай. Пераможцы будуць абвешчаныя ў верасні.

За мінулыя выпускі на конкурс былі заяўленыя звыш 1000 кандыдатаў, пераможцамі сталі каля 70 чалавек. Акрамя звання «Майстар польскай мовы», пераможцы атрымліваюць таксама тытулы: «Майстар выступлення», «Майстар гутаркі» і «Майстар размовы аб мове».

IAR/нг