Беларуская Служба

Беларускі мастак у эміграцыі: І тут нешта адбываецца, але дадому хочацца…

24.06.2023 14:33
У Польшчы мастак апынуўся з прычыны таго, што ва Украіне стала праблематычна легалізавацца з беларускім пашпартам.
Аўдыё
  • Беларускі мастак у эміграцыі: І тут нешта адбываецца, але дадому хочацца…
         , 15  2020 .. radyjo.net
Пікет салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі ў Старым горадзе Варшавы, 15 ліпеня 2020 г.А. Вялічка/radyjo.net А. Вялічка/radyjo.net

Аляксей – беларускі мастак, графік, відэамастак, інсталятар, сцэнічны артыст, куратар. Скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава. Працаваў і жыў у Мінску, пасля падзеяў 2020 года апынуўся ў эміграцыі.

Парад калючага дроту, аўтазакі, вадамёты…

Згадваючы пратэсны час, Аляксей звяртае ўвагу на тое, што настроі ў грамадстве пачалі мяняцца яшчэ падчас пандэміі. Улады тады не прызнавалі наяўнасці каранавірусу, а людзі аб’ядноўваліся і самі дапамагалі лекарам, якія былі бадай у самай складанай сітуацыі і часта не зусім ведалі што і як рабіць.

-Канешне, адчуваў тады сябе вельмі абражаным. Бо, як чалавек, аказваецца, ты не ўяўляеш сабой ніякай каштоўнасці. Я разумею, што ніхто не быў гатовы да пандэміі, але дзяржава павінна была размаўляць з сваімі грамадзянамі. Бо менавіта яны і ёсць дзяржава, а не тыя чыноўнікі ў мяккіх крэслах.

Ужо падчас выбарчай кампаніі Аляксею, як чалавеку эмацыйнаму было даволі трывожна, ён разумеў і адчуваў, што гэтым разам беларусы не будуць глядзець на фальсіфікацыі ўладаў праз пальцы. Было страшна, але не ўдзельнічаць было немагчыма.

Пасля першых пратэстаў, калі выявіліся пабітыя і пакалечаныя, Аляксей у шэрагу тых мастакоў, хто адразу адрэагаваўна гэта сваёй творчасцю.

-І супрацоўнікі Нацыянальнага музею і філармоніі – ва ўсіх кропках Мінску ўзнікалі стыхійныя акцыі. Адна з іх адбывалася каля Палаца мастацтваў, дзе я стаяў разам з іншымі мастакамі, мы трымалі ў руках плакаты, якія былі неверагодна маментальна зробленыя. На іх былі здымкі пабітых людзей, раздрукаваныя на вялікім фармаце. Я потым нават не мог уцяміць, як так хутка мы маглі ўсё гэта зрабіць тэхнічна.

Мужчына згадвае, што пабачыўшы ў тыя дні тое, што адбывалася на вуліцах Мінску – як збівалі, катавалі людзей – у яго раптам паўстала ў памяці сям’я яго забітага фашыстамі падчас вайны дзядулі.

-Мне здавалася тады, што ўсе мае продкі аб’ядналіся разам, што іх забіваюць яшчэ раз. І тую дзяўчынку, і таго хлопчыка, якога забілі фашысты пад час вайны. І тады адбылася такая нейкая моцная склейка. Адчуванне сваёй вялікай сям’і, прыналежнасці да яе. І што гэта не нешта такое, што з некім адбываецца, а адбываецца з маёй сям’ёй.
Мой суразмоўца вёў лік затрыманых ягоных сяброў, але ўжо на 40-ой асобе спыніўся. Кажа, што далей папросту не мог гэтага рабіць.

Беларусь пачала для Аляксея тухнуць, з’явілася адчуванне выпаленай зямлі, пустога поля.

-Я яшчэ жыў у Мінску з відам на праспект і мая нядзельная раніца пачыналася з таго, што я бачыў гэты парад калючага дроту, аўтазакаў, вадамётаў, аўтобусаў і аўтобусікаў, якія былі прыгатаваны для беларусаў і ў тым ліку і для мяне. А потым слухаў навіны і ўглядаўся ў вакно. А потым у нейкі момант табе трэба было адчыніць дзверы і выйсці. І гэта кожны раз было досыць цяжка зрабіць.

«Кожны дзень» – тое, што застанецца ў нашай гісторыі

Потым быў Кіеў. Украінскія сябры настаялі, каб прыязджаў і не чакаў пакуль арыштуюць. А ў Кіеве быў удзел у групавой выставе беларускіх мастакоў «Кожны дзень». Яна была прысвечана падзеям 2020 года і адбывалася на адной з лепшых пляцовак украінскай сталіцы «Мастацкі Арсенал».

У ёй, паводле майго суразмоўцы, бралі ўдзел каля сарака беларускіх мастакоў, адразу некалькі куратараў. На яго думку, выстаўленыя творы сталі вынікам падсумавання тых падзей, якія адбываліся ў жніўні 2020 году ў Мінску.

-Адной з асаблівасцяў гэтай выставы было тое, што ўдалося перадаць атмасферу тых падзей. Украінскія мастакі і мастацтвазнаўцы, пабачыўшы яе, казалі, што ў іх не атрымалася такім чынам асэнсаваць іх майданы праз мастацтва. А ў вас, маўляў, атрымалася.

Паводле Аляксея, беларускім мастакам удалося стварыць атмасферу тых падзей і дадаць адпаведную інтэлектуальную частку.

-Гэта значыць скарыстаць рэальныя своеасаблівыя дакументы, чым мастацтва часта карыстаецца – па першае. А па-другое – вобразы. І ўсё разам па-сутнасці складала такі канцэнтрат таго часу. І ты мог яго на сабе адчуць. Таму што колькі б мы не распавядалі пра гэтыя падзеі праз інтэрв’ю ці яшчэ нейкім чынам вельмі важна, каб чалавек патрапіў у гэтае асяроддзе, у тую сітуацыю і адчуў яе эмацыйна, а не толькі інтэлектуальна. Вось мастацтва гэта можа зрабіць.

Аляксей пражыў ва Украіне паўгады ва ўмовах вайны. Яму не вельмі хочацца распавядаць пра той час, але згадвае, што цэлы месяц не мог узяцца за працу, не мог паверыць і да гэтага часу не зусім уяўляе, што гэта такая ж вайна падчас якой загінулі яго блізкія ў гады Другой сусветнай. Усё гэта не ўкладваецца ў галаве.

-Разумееце, такая штука з пачаткам вайны. Ракеты ж ляцелі і з боку Беларусі, а ты ж адчуваеш сябе беларусам. І тады я думаў, як добра, што я знаходжуся тут і як мне пашанцавала, што я знаходжуся пад ракетамі, якія ляцяць з маёй краіны. Таму што я не магу сабе ўявіць што б адбывалася са мной, калі б я знаходзіўся ў Беларусі і ведаў, што ад мяне да маіх сяброў, у маю любімую Украіну ляцяць ракеты…

Шукаю новае месца на новым месцы

У Польшчы мастак апынуўся з прычыны таго, што ва Украіне стала праблематычна легалізавацца з беларускім пашпартам. У прынцыпе нейкім чынам уладкаваўся і пра свае бытавыя ўмовы не спяшаецца казаць, маўляў, яшчэ не так доўга пажыў тут.

Тым не менш наведванне музею з творамі мастацтва зрабіла на яго ўражанне.

-Такое дзіўнае ўражанне было. Ты бачыш даволі цікавае моцнае мастацтва, шмат розных мастакоў, а пры ўсім пры гэтым разумееш, што прозьвішчы табе невядомыя. І адчуваеш сябе ніякавата, бо як такое багацце прайшло з боку ад цябе.

Але Аляксей ўжо паўдзельнічаў у сумеснай выставе з польскімі і ўкраінскімі мастакамі, завёў знаёмствы ў мастацкім асяроддзі і працягвае працаваць.

-Узнікаюць новыя сувязі і з палякамі таксама. Я вельмі рады гэтаму, бо з’явіліся мастакі з якімі я некалі марыў сябраваць, а зараз ужо нават і пазнаёміўся. І неяк гэты працэс ідзе, я адкрыты да яго і мне цікава.

У той самы час мастак кажа, што і дом пастаянна ўзгадваецца і думаеш пра яго, але і тут час траціць не варта.

-З аднаго боку гэта так крута, што мы так пашырыліся, шукаем новае месца на новым месцы. Сваё чалавечае месца на новым месцы. І мы нейкім чынам уліваемся ў новую культуру, а з іншага боку імкнёмся захоўваць і сваю культуру. Нешта адбываецца, але дадому хочацца.

Паедзеце, калі будзе такая магчымасць?

-Паеду, канешне…

Павел ЗАЛЕСКІ

«Беларускія ногі Варшавы» – футбольная ініцыятыва для ўсіх

19.06.2023 14:32
А пра тое як у Польшчы ўладкаваны аматарскі футбол, а таксама як далучыцца да суполкі «Беларускія ногі Варшавы» слухайце ў далучаным гукавым файле!

Беларуская акторка пра падзеі 2020: «Я перажыла тады тое, чаго ні ў жыцці, ні ў творчасці не сустракала…»

10.06.2023 06:11
З беларускай акторкай пра 2020 год у Мінску, пра польскі тэатр, наагул мастацтва і вяртанне дадому.

Імпрэза «Яднайся!» - паказаць тое добрае, што робяць беларусы (ФОТА)

15.06.2023 10:52
«Яднайся!» – імпрэза для беларусаў і беларусак прайшла ў Варшаве.