Беларуская Служба

Беларуская спявачка ў эміграцыі: «Я хачу быць аўтэнтычнай артысткай…»

27.06.2023 14:42
Беларуская спявачка Алена Каданава прэзентавала ў Познані свой першы сольны альбом – «Зернейка».
Аўдыё
  • Беларуская спявачка ў эміграцыі: «Я хачу быць аўтэнтычнай артысткай…»
Алена Каданавафота: П.Залескі

Яна ўжо тры гады жыве ў Польшчы, піша вершы і музыку, выступае на беларускіх, украінскіх, польскіх імпрэзах, займаецца выкладчыцкай дзейнасцю і на сваіх канцэртах знаёміць палякаў з беларускай культурай. Жанрава яе альбом можна абазначыць, як фольк-джаз.

Мае бацькі былі супраць музычнай кар’еры…

Алена нарадзілася і вырасла побач з Гродна, на беразе возера Белага і ўскрайку Гарадзенскай пушчы, якая была ўлюбёным месцам палявання караля Стэфана Баторыя. Музыкай пачала займацца з школьных гадоў, калі настаўніца спеваў заўважыла, што ў яе добры музычны слых.

Скончыла ў сваім мястэчку музычную школу па класу фартэпіяна і марыла працягваць адукацыю ў гэтым кірунку, але дома не знайшла падтрымкі.

-Так выйшла, што мае бацькі не верылі ў гэтую музыку, маўляў, ёй на жыццё не заробіш. Натуральна, яны думалі такім стэрэатыпам, што музыканты вядуць несур’ёзны вобраз жыцця…

Але Алена не была б сама сабой, калі жыла б толькі бацькоўскім розумам. Пасля дзевяці класаў паехала патаемна паступаць у гродзенскі каледж мастацтваў, вось толькі спазнілася – уступныя экзамены скончыліся.

Да беларускасці прыйшла праз універсітэт. Да музыкі – самастойна

Адвучылася 11 класаў і паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэту Гродзенскага ўніверсітэту імя Купалы. Паводле яе, менавіта тут па-сапраўднаму зразумела і адчула беларускую мову, культуру, праніклася яе няпростым лёсам. Менавіта тут забурліла ўнутры супраць таго, што беларускае не шануецца ў самой Беларусі.

Цяпер побач з мовай, літаратурай, гісторыяй сваёй краіны заўсёды была яе музыка.

-Музычную адукацыю я атрымоўвала сама, чэрпала веды з крыніц інтэрнэту, цікавілася музычнай гармоніяй і адчула, што навучыцца разумець музыку можна і самому, калі па-сапраўднаму цікавіцца гэтым.

Да выдання альбома яна прайшла доўгі і няпросты шлях: спявала ў гродзенскіх рэстаранах, выступала на гарадскіх канцэртах, затым пяць гадоў працавала ў арабскіх краінах і вось толькі ў Польшчы выйшаў яе першы альбом.

Цікаўлюся ў артысткі – што яна адчувала, калі ўзяла яго ў рукі? Акрамя слёз радасці і падзякі самой сабе было яшчэ нешта. Калі яна пачынала сваю дзейнасць у Польшчы многія здзіўляліся, што яна спявае па-беларуску, маўляў, навошта табе гэта, патрэбны песні на польскай альбо англійскай мовах. Але ў яе першы альбом не ўвайшлі тыя песні, якія тады для яе пісалі.

-Бо на канцэртах я не адчувала гэтых песень. І гэта быў адказ. Я добра чую сябе, калі нешта ідзе ад маёй унутранай праўды. Я пішу па-беларуску, а для палякаў зраблю пераклад. Я хачу быць аўтэнтычнай артысткай. Не хачу губіцца сярод колькасці, дзе імкнуцца толькі задаволіць слухачоў. Хачу перад усім, каб мне было з гэтай музыкай прыемна. Ты нага стаіш на сцэне і выпускаць сваю ўнутраную праўду – гэта не такая простая рэч.

Што датычыць польскага гледача, то пасля беларускіх пратэстаў Алена давала шмат канцэртаў у розных польскіх барах і кавярнях. На іх прыходзілі не толькі беларусы якім гэта было найбольш патрэбна, але і палякі, якія ўсякім чынам імкнуліся выказаць сваю падтрымку.

-Цікава, што больш дыскаў на прэзентацыі майго альбому набылі палякі. І гэта для мяне была вельмі цікавая з’ява. Яны падыходзілі і казалі, што мы ўсё зразумелі пра што ты спявала. А гэта было маёй мэтай і яна дасягнута.

Ладзіла канцэрты для беларусаў, каб дапамагчы ім перажыць траўмы

Дарэчы, падзеі жніўня 2020 года Алена перажывала ўжо ў Польшчы. Хаця ў Беларусі бачыла, як падчас выбарчай кампаніі людзі стаялі ў чэргах, каб падпісацца за вылучэнне дэмакратычнага кандыдата. Ужо тады яна адчувала, што нешта павінна адбыцца.

9 жніўня вярталася ў Польшчу і на мяжы прачытала першыя навіны. Карцела ў горле, ліліся слёзы, было страшна за блізкіх, родных, за тое, што будзе. А потым кожны дзень гартала навіны і ўрэшце настаў момант, калі адчула, што важна нешта рабіць, каб дапамагчы людзям.

-Я пачала ладзіць канцэрты і спяваць па-беларуску для беларусаў, якіх станавілася ўсё больш і больш. Бо яшчэ ў 2019 годзе ў Познані не было так шмат беларусаў, не было беларускіх старонак, чатаў. А цяпер з кожным днём іх станавілася больш і больш…

Музыка – гэта тое, што мяне збудавала

Алена згадвае, як сама ў 2019 годзе прыехала ў Польшчу з марай стаць папулярнай спявачкай. Але давялося пачынаць з таго, што працавала ў  краме па продажы алкаголю, вывучала мову, часта мяняла месца працы, падчас было нават складана зарабіць на жыццё, але імкнулася кантактаваць з людзьмі, шукала месца дзе магла б спяваць.

І толькі з часам знайшла працу выкладчыка музыкі пачала ўдзельнічаць у розных праектах з польскімі і ўкраінскімі спевакамі, працягвае выступаць, пісаць вершы і сваю музыку.

-У мяне няма ніводнай песні пра нейкае трагічнае каханне, хаця іх наагул існуе шмат, якія слухаюць і плачуць. Я зразумела, што мае самыя блізкія адносіны былі нават не з хлопцамі, а з музыкай. Музыка – гэта тое, што мяне збудавала.

Я чалавек свету, а тое, што пакінула, яно застаецца ў сэрцы

Алена задумліва кажа, што не прывязваецца да нечага канкрэтнага, паколькі некалі зразумела – яна чалавек свету. Добра памятае дзе вырасла, удзячна таму прыгожаму краю, які сваёй адметнасцю не мог не паўплываць на станаўленне яе асобы.

-Але зразумела я сябе толькі ў іншых абставінах, калі аддзялілася ад роднага гнязда. Мне падаецца, што дома мне б гэта не ўдалося. Ты павінен недзе паехаць на пошукі, каб зразумець свет, хто ты ў гэтым свеце. І я зразумела, што дзе б ні была, адчуваю сябе добра. Знаходжу моманты радасці, прыгажосці, а тое, што пакінула, заўсёды знаходзіцца ў маім сэрцы. Я магу вяртацца туды ў снах, у думках…

Большасць песень у першым альбоме Алены на яе словы і яе ж музыку. А таму цікаўлюся – як яны ёй пішуцца?

-Будзе песня, калі я пражыла нейкую сітуацыю, прапусціла праз сябе і потым даю час, каб яно пагатавалася, як страва. Яно гатуецца ў ва мне дзень, два. Так нараджаюцца найлепшыя рэчы. Даў сабе час і не цісні на сябе, яно прыйдзе ў адпаведны момант.

слухайце аўдыё

Павел ЗАЛЕСКІ

Фота аўтара.