Беларуская Служба

Беларуская настаўніца ў эміграцыі: «Жыць чаканнем – гэта бессэнсоўна…»

01.07.2023 20:03
У школе спадарыня Ларыса яўна вылучалася сярод іншых настаўнікаў хаця б тым, што заўсёды размаўляла па-беларуску, але ўрокі, згодна з праграмай, вымушана была праводзіць на рускай мове.
Аўдыё
  • Беларуская настаўніца ў эміграцыі: «Жыць чаканнем – гэта бессэнсоўна…»
Нацыянальныя колеры Беларусіфота: Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Справа спадарыні Ларысы ў 2022 годзе ўразіла многіх яе знаёмых і незнаёмых людзей. За дзве стужкі ў валасах – жоўтую і блакітную, з якімі яна прыйшла на працу ў школу з пачаткам вайны ва Украіне, яе аштрафавалі на 2240 рублёў. Ёй пашчасціла своечасова разам з сям’ёй выехаць у Польшчу, дзе яны працягваюць жыць, вучыцца, а яна спрабуе выкладаць гісторыю Беларусі.

Стужкі ў валасах

Тады ў судзе супраць жанчыны сведчылі яе калегі настаўніцы – адна з якіх была ўкраінка, а другая – замужам за ўкраінцам. Цяпер, калі мінула ўжо больш за год, спадарыня Ларыса спакойна, згадваючы тыя падзеі, кажа, што дагэтуль так і не здолела патлумачыць паводзіны так званых калегаў, якія практычна ўчынілі над ёй расправу.

-Адна з іх была маёй блізкай знаёмай. Мы часта разам нешта абмяркоўвалі, віншавалі адна адну на святы. Яна, дарэчы была ўкраінкай… Гэта людзі, якія выконваюць загады зверху. Я ім спрабавала тлумачыць, што тут нічога асаблівага няма, гэта толькі стужкі ў валасах, але…

У школе спадарыня Ларыса яўна вылучалася сярод іншых настаўнікаў хаця б тым, што заўсёды размаўляла па-беларуску, але ўрокі, згодна з праграмай, вымушана была праводзіць на рускай мове. Тым, што яшчэ да гэтых падзеяў насіла ў валасах бел-чырвона-белую заколку, часта прыходзіла на ўрокі ўбраная ў бел-чырвона-белыя строі.

А з іншага боку яе ведалі, як настаўніцу, якая ўзнагароджвалася прэзідэнцкім дыпломам за выдатную падрыхтоўку вучняў да ўдзелу ў школьных алімпіядах, дзе яны займалі прызавыя месцы.

А таму многія калегі ў той складаны час падтрымлівалі яе: прыходзілі на суд, супакойвалі, прапаноўвалі матэрыяльную дапамогу, каб было чым выплаціць штраф. Тады яна атрымала шмат лістоў ад сваіх былых вучняў і бацькоў дзетак, якіх вучыла. І ўсе прапаноўвалі дапамогу. Тады, як прызнаецца мая суразмоўніца, напоўніцу зразумела значэнне слова «неверагодныя».

Але адзін выпадак з праяўленай салідарнасцю незнаёмымі людзьмі папросту прымусіў заплакаць. У шпіталі яна праходзіла абследаванне, здавала рознага кшталту аналізы, праводзілі агляд на розных апаратах – за ўсё трэба было плаціць і немалыя грошы. І вось яна стаіць у чарзе да касы.

-Да мяне падыходзіць медсястрычка і кажа, што не трэба вам нічога плаціць, вось заключэнне лекара. Мы вас вельмі добра ведаем, любім і падтрымліваем. Я аж прысела на калені, у мяне не было слоў. А яна працягвае: мы добра ведаем, якая ў вас сітуацыя – беражыце сябе і не хвалюйцеся. Вас вельмі шмат людзей падтрымліваюць. І тут я ўпершыню не вытрымала і заплакала…

Галоўнае, выкажы свой погляд і абгрунтуй яго

Нават пасля таго, як спадарыні Ларысе не працягнулі кантракт у школе, яна адразу атрымала прапановы з прыватных школаў, займацца анлайн-навучаннем. Але ёй вельмі балела, што яна пакінула сваіх вучняў, не змагла давесці іх да выпускнога класа, бо сама даволі крытычна ставіцца да сістэмы адукацыі і многіх яе калегаў з якімі раней працавала.

-Нават з тымі дасягненнямі з якімі дзеці выходзяць падчас алімпіяднага руху, дзе яны змагаюцца за вышэйшыя балы, яны не атрымоўваюць там веды, а атрымоўваюць толькі адзнакі. Крытычнае мысленне амаль не існуе. А таму галоўнай задачай у мяне, як у настаўніка гісторыі, было навучыць дзетак даваць свае ўласныя адказы. І не важна ці яны падабаліся настаўніку. Галоўнае: ты скажы свой погляд і абгрунтуй яго.

Паводле маёй суразмоўніцы, асабліва апошнім часам ідэалагізацыя ў школах стала асабліва адчувальнай, адукацыю скіроўваюць на тое, каб яна не вучыла, а замбавала вучняў.

-Гадуецца дзіця, чалавек, які павінен выконваць тое, што гавораць зверху і не мець свайго пункту гледжання на рэчы. І нават вельмі дрэнна яго мець.

А таму сваім калегам і не толькі гісторыкам спадарыня Ларыса прапануе выкарыстоўваць пры навучанні ў якасці сістэмы так званую ПАПС-формулу.

-Гэта – пазіцыя, абставіны, прыклад і выснова. І вось вучань пачынае свой адказ: я лічу, я магу гэта даказаць, раблю выснову і гэта мой пункт гледжання. І калі ёсць тыя, хто хоча нешта на гэта сказаць – калі ласка. Я не ўмешвалася, яны дыскутуюць самі. Я была такім куратарам. Але, на жаль, няшмат настаўнікаў, якія даюць дзецям такую волю.

Многія з яе калегаў часта скардзяцца на тое, што праца цяжкая, мала аплочваецца, а таму не паглыбляючыся ў навучальны працэс імкнуцца толькі своечасова зрабіць справаздачу перад адміністрацыяй.Спадарыня Ларыса лічыць, што гэта выбар кожнага настаўніка, бо заўсёды існуе магчымасць паступаць інакш.

-Я галоўны акцэнт рабіла не на справаздачу, а на тое, каб мае вучні раслі цікавымі, паўнавартаснымі, добрымі людзьмі. Калі ты працуеш і звяртаеш увагу толькі на справаздачы, то яны і будуць адзіным у тваім жыцці. Я больш увагі надавала стварэнню цікавых творчых заданняў, заняткаў, чым напісанню справаздач.

Цяпер у яе з’явілася магчымасць параўнаць сістэму адукацыі ў Польшчы і Беларусі, паколькі яе дачка наведвае польскую школу. Параўнанне, паводле настаўніцы, не на карысць беларускай адукацыі.

-Дачка прыходзіць і ёй цікава: ой, мне трэба тры старонкі напісаць. Там я не магла прымусіць яе тры сказы напісаць. Такія займальныя заданні, такія сучасныя. Удзельнічаеш у конкурсах у якіх табе падабаецца і няма вось гэтага – «нада». Ніхто не прымушае нейкія паробкі прыносіць – дзіця хоча і прыносіць без усякага прымусу…

Я хачу жыць, а не выжываць…

Пасля таго, як не стала працы ў Беларусі, хмары над сям’ёй маёй суразмоўніцы пачалі згушчацца, як і над многімі беларусамі. Больш таго, яна брала ўдзел у пратэстах, смела не хаваючыся каментавала ў сацсетках тое, што адбывалася і сведчанняў гэтаму было шмат. Праваабаронцы параілі з’ехаць. І такім чынам мая суразмоўніца разам з мужам і двума дзеткамі апынулася ў Польшчы.

Усё новае, але трэба жыць і працаваць. Старэйшую дачку ўладкавалі ў школку, малодшая пайшла ў садок, а спадарыня Ларыса праз інтэрнэт знайшла вучняў, якія таксама, як і яна разам з бацькамі апынуліся ў эміграцыі, і выкладае ім гісторыю Беларусі.

-У мяне таксама былі дзеткі, якіх я рыхтавала да ЦТ. І зараз я ствараю новы праект – заняткі для пашырэння ведаў па гісторыі Беларусі. У мяне ўжо ёсць дарослыя вучні. Да прыкладу, адзін лекар, якому жонка на Дзень закаханых падаравала мой курс. Ёсць дзеткі, якія не вывучалі гісторыі Беларусі – вучань з Іспаніі, Чэхіі. Іх бацькі даўно жывуць за мяжой, але хочуць, каб дзеці ведалі гісторыю і чулі родную мову. Яны вельмі класныя, з цікавасцю слухаюць і задаюць шмат пытанняў.

Спадарыня Ларыса разам з мужам вывучаюць польскую мову, а для дзяцей гэта не стала праблемай. І ў школе, і ў садку ім дапамаглі адаптавацца. Старэйшая дачка нават кажа, што не хацела б вяртацца назад у беларускую школу, бо ёй тут падабаецца больш. І мая суразмоўніца з мужам настроеныя на тое, каб наладзіць тут паўнавартаснае жыццё.

-Я хачу жыць, а не выжываць. Я не хачу больш думаць аб тым, што да мяне зараз уварвуцца. Я не хачу па гэтаму сумаваць. Гэта нешчаслівае жыццё – пастаянна баяцца, жыць у страху, думаць – звольняць ці не. Гэта не жыццё.

А таму і спадарыня Ларыса і яе муж імкнуцца глядзець на рэчы рэальна.

-Я разумею, што ніякіх зменаў у хуткім часе ў Беларусі не будзе. І жыць чаканнем – гэта бессэнсоўна. Трэба жыць кожным днём, бо жыццё ў нас адно. Я вельмі сумую па Беларусі і хачу туды прыехаць, хачу бачыць яе здаровай, цывілізаванай, але разумею, што гэта будзе не хутка. А Польшча – гэта месца, якое ўсё больш становіцца домам і якое патрэбна ўладкоўваць.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл