Беларуская Служба

Большасць палякаў, якія выжылі падчас Валынскай разні, засталіся ў жывых дзякуючы дапамозе ўкраінскіх суседзяў

11.07.2023 18:10
Антыпольскія акцыі пачаліся ў лютым 1943 году, а кульмінацыяй стала «крывавая нядзеля» 11 ліпеня, калі былі праведзены атакі ў амаль сотні населеных пунктаў.
Аўдыё
:
фота: PAP/Darek Delmanowicz

11 ліпеня ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці ахвяр Валынскай разні. Гэта ўжо 80-ая гадавіна трагічных падзей, якія на доўгія гады ўнеслі разлад у польска-украінскія адносіны і дагэтуль адбіваюцца горкім рэхам у польскім грамадстве. Гаворка ідзе пра масавае забойства палякаў бандамі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), заснаванай Сцяпанам Бандэрам і Украінскай паўстанцкай арміі (УПА). Пік разні прыйшоўся на 11-12 ліпеня 1943 году.

Масавыя забойствы палякаў на Валыні сталі для многіх нечаканасцю. Перад вайной гэтыя землі насялялі прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў – украінцы, палякі, габрэі, а нават татары. Палякі не маглі паверыць, што іх суседзі, з якімі раней жылі ў згодзе, маглі здзейсніць такія жудасныя забойствы. Тым не менш, масавая разня палякаў рыхтавалася не адзін год, ужо ў 30-ыя гады ідэолаг украінскіх нацыяналістаў Міхал Каладзінскі падрыхтаваў план этнічнай чысткі на Валыні і ўсходняй Малапольшчы, але таксама ў некаторых месцах Палесся.

Антыпольскія акцыі пачаліся ў лютым 1943 году, а кульмінацыяй стала «крывавая нядзеля» 11 ліпеня, калі адначасна былі праведзеныя атакі ў амаль сотні населеных пунктаў. Нападнікі забівалі без разбору старых і малых, мужчын і жанчын.

Тэадоры Зглінецкай тады было 6 гадоў. Ёй удалося перажыць разню, але гэты дзень яна будзе памятаць да канца жыцця.

- Богаслужэнне падыходзіла да канца. І раптам мы пачулі першыя стрэлы і крыкі. Бацька ўзяў мяне на рукі. З касцёлу можна было выйсці ў рызніцу, а рызніца была спалучана з вялікім будынкам. Я не магу сказаць, адкуль прагучаў стрэл, але мой бацька ўпаў. Я нават памятаю, у які бок ён упаў галавой. Я пачала плакаць і адступаць, бо ў мой бок пацякла кроў з яго цела. Хтосьці ўзяў мяне за руку і завёў на верхні паверх, і дзякуючы гэтаму я выжыла.

Гэта быў сапраўдны апакаліпсіс для мясцовых палякаў, якія не спадзяваліся, што іх будуць выразаць толькі за прыналежнасць да польскай нацыі. Аднак, не ўсе ўкраінцы паддаліся ідэалогіі нацыяналістаў. Некаторыя палякі знайшлі прытулак сярод сваіх украінскіх суседзяў. Маштаб дапамогі не мог быць вялікім, паколькі тым украінцам, якія вырашылі дапамагчы сваім суседзям, палякам, таксама пагражала смяротнае пакаранне з боку чальцоў АУН і УПА. Яны таксама маглі быць жорстка забітыя за адмову далучыцца да гэтых арганізацый.

Украінец Лукаш Каленнік, не зважаючы на небяспеку, дапамагаў сваім польскім суседзям – між іншым перасцерагаў іх аб падрыхтоўцы атакі. Яго няма ўжо ў жывых, але ягоны подзвіг памятаюць у Польшчы. Дачка Лукаша – Аляксандра Васейко атрымала за гэта медаль ад прэзідэнта Анджэя Дуды. Спадарыня Аляксандра расказала нам, што бацька заўсёды вучыў яе любіць палякаў.

- Польшча – гэта добрыя людзі, як нашы браты і сёстры. Ён расказваў, як яны добра жылі разам, сустракаліся, дапамагалі, хадзілі на вячоркі, разам спявалі па-польску. І казаў: любіце нашых суседзяў, яны як сям'я. Казаў: можа, прыйдзе такі час, будуць па Украіне ездзіць польскія людзі, шануйце іх. Паказаў мне магілы забітых палякаў і сказаў: калі я памру, пакажы, дзе гэтыя людзі закапаныя, хай забяруць іх да сябе.

Большасць палякаў, якім удалося перажыць генацыд, выжылі дзякуючы дапамозе з боку ўкраінцаў, якія папярэджвалі іх аб набліжэнні банды забойцаў або хавалі палякаў у сваіх дамах. Улічваючы жахлівы тэрор, які чынілі члены АУН і УПА ў адносінах усіх, хто быў супраць іх ідэалогіі, гэта было ледзь не актам вялізнага гераізму.

У мінулую суботу, з нагоды 80-ай гадавіны Валынскай разні, у горадзе Кельцэ прайшоў Марш маўчання з мэтаю ўшанаваць памяць нявінных ахвяр. Адзінаццаты раз у падобным шэсці ўдзельнічае старшыня камітэту будаўніцтва помніка валынскай разні Анджэй Лонцкі (Andrzej Łącki).

- Я паляк, для мяне важная нацыянальная памяць і гістарычная праўда. Кожны год гэтае шэсце праходзіць па вуліцах гораду, пасля богаслужэння ў касцёле да Партызанскіх могілак. Гэта быў генацыд. 11 ліпеня ўстаноўлены Нацыянальным днём памяці ахвяр генацыду на Валыні. Так што гэта дзень, пра які мы не можам забыць.

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў суботу з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, каб разам ушанаваць ахвяр разні. Яны ўдзельнічалі ў памятных мерапрыемствах у Луцку на Валыні.

- Я сустрэўся з панам прэзідэнтам Дудаю, была размова з ім, малебен, былі прадстаўнікі ўсіх канфесій і рэлігійных супольнасцяў у луцкім касцёле. Разам з Анджэем мы ўшанавалі памяць усіх ахвяраў на Валыні. Давайце цаніць кожнае жыццё, памятаць пра гісторыю і разам бараніць свабоду.

Сёння пра генацыд на Валыні палякі ведаюць усё больш, але зусім іншая сітуацыя ва Украіне, дзе на месцах злачынстваў практычна адсутнічае інфармацыя пра тое, што там адбылося. Дагэтуль не былі пахаваныя тысячы астанкаў ахвяр. Добрыя адносіны паміж Польшчай і Украінай даюць надзею, што ўдасца правесці поўную эксгумацыю і перапахаванне ахвяр.

нг

Даследчык Валынскай разні: «Калі мы не будзем размаўляць з украінцамі пра балючае, мы ніколі не будзем партнёрамі»

07.07.2023 10:55
Гэта глыбокая траўма, якая выклікае ў польскім народзе ўсё яшчэ жывыя і горкія эмоцыі.