Выданне Dziennik друкуе артыкул, які можа зацікавіць частку беларусаў у Польшчы. У сувязі з адменай стану эпідэміялагічнай пагрозы ў краіне, 1 ліпеня пачаўся 30-дзённы пераходны перыяд, пасля якога перастануць дзейнічаць спрошчаныя правілы прабывання іншаземцаў. Гаворка ідзе галоўным чынам пра падоўжанне дазволаў на прабыванне. Калі іншаземец (або яго наймальнік) да канца ліпеня не падасць на афармленне адпаведныя дакументы, яго знаходжанне ў Польшчы стане нелегальным.
Гаворка ідзе пра іншых замежнікаў, чым украінцы, паколькі яны маюць спецыяльны статус. Праблема можа датычыць соцень тысяч іншаземцаў. Нават асоб, якія прыехалі ў 2018 годзе. Калі ў іх былі сапраўдныя карты побыту ў сакавіку 2020 года (тады пачалася пандэмія), то цяпер іх тэрмін дзеяння закончыцца. Можа аказацца, што яны кінуцца афармляць дазволы ў апошнюю хвіліну, тады маштаб пададзеных заяваў значна перавысіць магчымасць дзяржаўных органаў.
Выданне прыводзіць меркаванне прафесара Мацея Душчыка (Maciej Duszczyk) з Цэнтру вывучэння міграцыі. Ён адзначае, што патрэбная інфармацыйная кампанія для замежнікаў, каб не аказалася, што вялікая частка з іх страціць легальны побыт. Ён кажа нават пра 300 тысяч асобаў. А жнівень – гэта па традыцыі вакацыйны месяц, калі шмат людзей бярэ водпуск, таксама гэта датычыць супрацоўнікаў дзяржаўнай адміністрацыі. Больш за тое, адзначае прафесар, ужо цяпер разгляд заявы працягваецца ў шматлікіх выпадках значна даўжэй, чым прадугледжвае закон (90 дзён). Эксперт таксама мяркуе, што ўлады не маюць разумнай, прадуманай палітыкі адносна мігрантаў. Гэта наступства выбарчай кампаніі – тэма мігрантаў стала надта небяспечнай.
нг