На сацыяльныя дапамогі для замежнікаў, якія чакаюць прытулку ў Польшчы, дзяржава ўжо выдае больш за 100 мільёнаў злотых штогод. Дзесяцігоддзем раней Польшча выдаткоўвала на бежанцаў толькі 40 мільёнаў злотых, піша Rzeczpospolita.
Вялікі скачок у фондзе для ўтрымання замежнікаў, якія папрасілі прытулку ў Польшчы, адбыўся два гады таму – толькі бюджэт сацыяльнай дапамогі павялічыўся за год на 29,4 млн злотых і дасягнуў рэкорднай сумы ў 93,5 млн злотых. У 2021 годзе колькасць заяваў на прытулак вырасла прыкладна на 75%. Дзесяць год таму, у 2013 годзе, бюджэт на сацыяльныя дапамогі, працу цэнтраў для замежнікаў і медычную дапамогу складаў толькі 40,4 мільёна злотых, а праз год быў толькі на 5 мільёнаў злотых большы. Чаму цяпер удвая большы? У асноўным гэта вынік павялічанай колькасці заявак, а адпаведна і бенефіцыяраў (у выніку крызісу бежанцаў на мяжы з Беларуссю, вайны ва Украіне і няспыннай эміграцыі беларусаў) і павелічэння колькасці зваротаў, піша Rzeczpospolita.
Толькі за студзень-красавік Упраўленне па справах замежнікаў разгледзела ажно 3,3 тысячы хадайніцтваў аб міжнароднай абароне. Станоўчыя рашэнні атрымалі 1,5 тысячы замежнікаў – пераважна грамадзяне Беларусі і Украіны. У сярэдзіне мінулага года сацыяльную дапамогу атрымалі 4,9 тыс. іншаземцаў, якія папрасілі прытулку ў Польшчы, у большасці сваёй беларусы. Міжнародную абарону атрымалі менш за палову – 2,3 тысячы людзей. Годам раней такіх заявак было пададзена ажно 7,7 тысячы (у Польшчы абарону атрымалі толькі 2,1 тыс. чалавек).
Праблема ў тым, што польскае права архаічнае, піша газета, паколькі іншаземец у часе правядзення т.зв працэдуры афармлення бежанства не можа працаваць. Фармальна яго хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку павінна быць разгледжана цягам дзевяці месяцаў, але на практыцы ён можа знаходзіцца ў руках дзяржавы доўгія гады – значная колькасць замежнікаў неаднаразова абскарджвае адмоўнае рашэнне (і гэта рашэнне трох інстанцый, у тым ліку адміністрацыйнага суда).
«Прычыны практыкі шматразовага звароту па міжнародную абарону аднымі і тымі ж асобамі дваякія – гэта спроба пазбегнуць вынясення і/або выканання рашэння, якое абавязвае іх вярнуцца, або магчымасць працягваць карыстацца льготамі для іншаземцаў, якія звяртаюцца па міжнародную абарону», – гаворыцца ў апошняй справаздачы аб дзейнасці ўпраўлення.
Іншаземец, які чакае прытулку, мае права на пражыванне з харчаваннем у цэнтры для іншаземцаў, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу і вывучэнне польскай мовы. Яны таксама могуць жыць па-за межамі цэнтраў. Упраўленне па справах іншаземцаў плаціць 750 злотых у месяц на аднаго чалавека і 1500 злотых на сям'ю з чатырох чалавек.
Rzeczpospolita пералічвае, што яшчэ атрымлівае іншаземец, які чакае прытулку ў Польшчы? Гэта 50 злотых кішэнных грошай на невялікія асабістыя выдаткі, 20 злотых на набыццё сродкаў асабістай гігіены і аднаразовая матэрыяльная дапамога на набыццё адзення і абутку (140 злотых). Калі ён хоча жыць па-за цэнтрам, то атрымлівае 25 злотых у дзень.
ав/Rzeczpospolita