Беларуская Служба

Гэтага пасажыры чакалі чатыры гады: у Гданьску пасля рамонту адкрылі чыгуначны вакзал PKP Gdańsk Główny

01.08.2023 16:48
У панядзелак, 31 ліпеня, уведзены ў эксплуатацыю чыгуначны вакзал PKP Gdańsk Główny, на мадэрнізацыю якога было затрачана больш за 100 мільёнаў злотых.
Аўдыё

Чыгуначны вакзал PKP Gdańsk Główny – гэта ўзор архітэктуры мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Мадэрнізацыя закранула як вонкавы выгляд, так і ўнутраны функцыянал будынка.

У галоўнай залі пасажыраў чакае каса, аздобленая дубовымі панэлямі, шматлікія сучасныя вітрыны. Асвятленне ў будынку зроблена на ўзор гістарычнага вобразу будынка. Па архіўных фотаздымках рэканструяваны вітражы і картушы з гербамі паморскіх гарадоў.

На ўзроўні -1 ёсць гульнявыя пакоі для самых маленькіх пасажыраў. Прыбіральні чыстыя і бясплатныя, ліфт і эскалатары на платформы працуюць бездакорна. Ёсць таксама вялікія чытэльныя экраны дынамічнай сістэмы інфармавання пасажыраў.

Яшчэ працягваюцца работы ў правым крыле аб'екта, на тэрыторыі былога рэстарана «Макдоналдс». Тут будзе вялікая зала чакання.

– На маю думку, гэта найпрыгажэйшы вакзал у Польшчы, таму прыемна, што яго нарэшце абнавілі. Вялікае ўражанне робіць новае аздабленне з дрэва вокнаў і дзвярэй, шкада, што яшчэ не гатовая зала чакання. Агульны эфект, аднак, безумоўна, вельмі пазітыўны, – сказаў спадар Марэк, які прыехаў на адпачынак з Малапольшчы.

– Шкада, што гэты рамонт зацягнуўся, але ў выніку мы маем вакзал на ўзроўні вялікага еўрапейскага горада. Спадзяюся, праз тыдзень не перастануць працаваць ліфты і лесвіцы, як гэта часта бывае з тымі, што вядуць з тунэлю на аўтавакзал. І няхай ён будзе дагледжаны і не заняты бяздомнымі, што часта было тут праблемай да рэканструкцыі, – адзначыў спадар Люцыян з гданьскага Прымор’я, які спецыяльна прыехаў паглядзець на вынікі мадэрнізацыі.

Паводле Gazeta Wyborcza / вх