Учора прайшоў фінал агульнанацыянальнай акцыі «Caritas Polska» пад загалоўкам «Школьны заплечнік поўны ўсмешак» – гэта адна з найважнейшых акцый «Caritas Polska» для дзяцей. Ейная мэта – падтрымка дзяцей з сем’яў, якія жывуць у нястачы. З моманту заснавання ў 2009 годзе арганізацыя перадала дзецям ужо больш за 210 тысячы камплектаў школьных набораў. Дапамогай карыстаюцца таксама дзеці з польскіх сем’яў у Беларусі.
У рамках фіналу акцыі «Caritas Polska» «Школьны заплечнік поўны ўсмешак», які адбыўся ў Старой Бірчы(Stara Bircza) каля Пярэмышля заплечнікі са школьнымі прыналежнасцямі атрымалі 1,5 тысячы дзяцей.
З моманту распачацця акцыі ў 2009 годзе каталіцкая дабрачынная арганізацыя разам са сваімі дыяцэзіяльнымі аддзеламі перадала патрабуючым дзецям больш за 210 тысяч камплектаў школьных набораў, нагадаў Мацей Дубіцкі(Maciej Dubicki) з «Caritas Polska»:
- Цягам 15 гадоў мы перадалі дзецям больш за 200 тысяч камплектаў школьных набораў. Сёлетняя акцыя мае крыху шырэйшы маштаб, гаворка ідзе таксама пра падтрымку дзяцей з больш далёкіх краінаў – Лівана і Сірыі, то бок з рэгіёну Блізкага Усходу, дзе дзецям больш цяжка, або яны наогул не маюць шанцаў на адукацыю. Апрача таго, дзве тысячы школьных заплечнікаў будуць перададзеныя ва Усходнюю Еўропу, то бок у Літву, Беларусь і Украіну. Каля пяці тысяч – атрымаюць дзеці ўкраінскіх бежанцаў у Польшчы.
«Caritas Polska»:перадасць Ліван і Сірыю 700 рознакаляровых заплечнікаў са школьнымі прыладамі. Каталіцкая арганізацыя паясняе, што больш за два мільёны малых сірыйцаў у цяперашні час не наведваюць школу. Таксама ў Ліване многія дзеці застануцца дома, бо частка навучальных установаў зачыненая.
Дзеці, якія атрымалі заплечнікі падчас учарашняга фіналу акцыі, неадкладна правяралі што ў іх знаходзіцца:
- Каляровыя алоўкі, пенал, фарбы…
- Ёсць пластылін, блакноты для малявання, сшыткі…
- Я вельмі задаволена падарункам. У ім шмат рэчаў, якія напэўна прыдадуцца.
Мэта акцыі – падтрымка дзяцей з малазабяспечаных сем'яў, нагадаў дырэктар «Caritas Polska» ксёндз Марцін Іжыцкі(Marcin Iżycki):
- Гэта дапамога прызначаная для найбяднейшых дзяцей у Польшчы, для дзяцей бежанцаў з Украіны, дзяцей з польскіх сем’яў у Беларусі таксама Літвы.
Акцыя таксама павінна дапамагчы выраўноўваць адукацыйныя шанцы, дадаў дырэктар «Caritas Polska»:
- Згаданая падтрымка дае многім дзецям шанец на выраўнанне адукацыйных шанцаў, якія вельмі важныя для іх развіцця. Сёлета мы падрыхтавалі для іх 13 тысяч новых каляровых школьных заплечнікаў. У кожным з іх знойдуцца сшыткі, ручкі, фарбы, каляровыя алоўкі, пеналы, блакноты для малявання і бутэлькі з вадой.
Да сёлетняй акцыі «Caritas Polska» «Школьны заплечнік поўны ўсмешак» традыцыйна далучылася і прэзідэнцкая пара Анджэй Дуда і Агата Карнгаўзер-Дуда. У запісе, апублікаваным у сацыяльных сетках, яны пажадалі дзецям поспехаў у новым навучальным годзе:
- Чым лепш падрыхтаваныя да школы будуць нашыя дзеці, тым больш прыемным будзе для іх пачатак новага навучальнага года. Таму нашыя намаганні, каб 4-га верасня кожны вучань у Польшчы меў у сваіх школьным заплечніку ўсё неабходнае.
- Як і ў мінулыя гады мы далучаемся да акцыі «Школьны заплечнік поўны ўсмешак» арганізаванай «Caritas Polska» і сардэчна заахвочваем усіх астатніх далучыцца да яе.
Дарэчы акцыя ўжо шмат гадоў праходзіць пад патранажам прэзідэнцкай пары. Сёлета падчас фіналу шасцёра дзяцей атрымалі заплечнікі з адмысловымі пісьмовымі пажаданнямі ад Анджэя Дуды і Агаты Карнгаўзер-Дуды. Такія ўнікальныя падарункі атрымаюць у тым ліку дзеці ў Ліване, Украіне і Літве.
Сёлета да акцыі далучыўся і Упаўнаважаны па правах дзіцяці. «Мы хочам, каб дзеці мелі роўны старт, каб на пачатку навучальнага года ў іх былі заплечнікі поўныя, не толькі ўсмешкі, але і школьных набораў », – сказаў Мікалай Паўляк.
Нагадваем, усяго ў гэтым годзе «Caritas Polska» раздасць 15 тысяч школьных заплечнікаў. Дзве тысячы будуць накіраваныя ў Літву, Беларусь і Украіну. Пяць тысяч атрымаюць украінскія дзеці, якія жывуць у Польшчы, з якіх больш за дзве тысячы праз Цэнтр дапамогі мігрантам і бежанцам у Варшаве.
Падчас фіналу сёлетняй акцыі «Школьны заплечнік поўны ўсмешак» на стадыёне ў Старой Бірчы каля Пярэмышля былі арганізаваны атракцыёны для дзяцей і сямейны пікнік.
У заплечніках, якія раздавалі падчас фіналу, дзеці, акрамя школьных прыладаў, атрымалі зубныя шчоткі і пасту, а таксама календары з налепкамі, якія заахвочваюць да рэгулярнай гігіены зубоў.
Нагадваем, акцыю пад загалоўкам «Школьны заплечнік поўны ўсмешак» можна падтрымаць ахвяраваннямі. Нумар банкаўскага рахунку можна знайсці на старонцы caritas.pl/dzieci
IAR/аз