Беларуская Служба

Першым быў Велюнь – бамбардзіроўкай мірнага польскага гарадка немцы пачалі Другую сусветную вайну (ФОТА)

01.09.2023 06:01
Першыя бомбы ўпалі на гарадок а 04:40 раніцы – бамбілі горад пікіруючыя штурмавікі «Юнкерс» Ю-87.
Аўдыё
  • Першым быў Велюнь – бамбардзіроўкай мірнага польскага гарадка немцы пачалі Другую сусветную вайну
Бамбардзіроўкай мірнага польскага гарадка Велюнь немцы пачалі Другую сусветную вайнуInstytut Pamięci Narodowej

1 верасня 1939 года нападзеннем Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Лічыцца, што крывавы ўзброены канфлікт пачаўся са стрэлу з нямецкага эскадранага браняносца «Шлезвіг-Гольштэйн», які прышвартаваўся ў Гданьску некалькімі днямі раней. Нямецкі карабель абстраляў польскі гарнізон «Вестэрплятэ» ў Свабодным горадзе Гданьск. Аднак большасць гісторыкаў схіляецца да таго, што вайна пачалася бамбардзіроўкай гарадка Велюнь. І пра гэта сёння раскажам у гістарычнай рубрыцы.

Горад Велюнь размешчаны ў Лодзінскім ваяводстве ў цэнтральнай Польшчы. Гэта спакойны невялікі гарадок – актуальна яго насельніцтва складае крыху больш за 22 тыс. чалавек. Да вайны Велюнь размяшчаўся недалёка ад мяжы з Германіяй, бо, нагадаем, тады частка сённяшняй заходняй Польшчы ўваходзіла ў склад Трэцяга Рэйху.

У Велюні не было важнай стратэгічнай прамысловасці – гэта быў гарадок, дзе людзі перш за ўсё займаліся гандлем, рамеснай вытворчасцю і сельскай гаспадаркай. Таму бамбардзіроўка Велюня самалётамі Люфтвафэ ўспрымаецца як прыклад нямецкага тэрору і злачынства.

Першыя бомбы ўпалі на гарадок а 04:40 раніцы. І ў дадзеным выпадку некалькі хвілін мае ключавое значэнне, таму што браняносец «Шлезвіг-Гольштэйн» абстраляў польскі гарнізон а 04:45. 5 хвілін розніцы, паводле гісторыкаў, сведчаць пра тое, што менавіта Велюнь стаў першай цэллю немцаў.

Бамбілі горад пікіруючыя штурмавікі «Юнкерс» Ю-87, якія адыгралі важную ролю пры нападзенні немцаў на Польшчу, а пазней – на Савецкі Саюз.
Злачынная бамбардзіроўка Велюня адбывалася ў рамках аперацыі «Остмаркфлюг» – так немцы назвалі паветраную частку ваенных дзеянняў супраць Польшчы. Налёты, бо было іх некалькі, гітлераўцы правялі неспадзявана, без аб’яўлення вайны Варшаве. У выніку бамбардзіроўкі горада было знішчана 75% яго будынкаў – цэнтр Велюня амаль поўнасцю ляжаў у руінах. Падчас першага заходу нямецкія самалёты скінулі 22 авіяцыйныя бомбы. Прычым першыя бомбы ўпалі на бальніцу Усіх святых, якая выразна была абазначаная Чырвонымі крыжамі, бачнымі з паветра.

У выніку бамбардзіроўкі горада было знішчана 75% яго будынкаў – цэнтр Велюня амаль поўнасцю ляжаў у руінах/Henryk Sędziwy, ”Historia najnowsza Polski 1870-1945”, Warszawa 1965/Wikipedia/domena publiczna
У выніку бамбардзіроўкі горада было знішчана 75% яго будынкаў – цэнтр Велюня амаль поўнасцю ляжаў у руінах/Henryk Sędziwy, ”Historia najnowsza Polski 1870-1945”, Warszawa 1965/Wikipedia/domena publiczna

У выніку першай паветранай атакі загінулі 32 чалавекі.

У другую атаку немцы накіравалі 33 «Юнкерсы» і некалькі сярэдніх бамбавікоў «Дарнье» До-17. Лічба самалётаў сведчыць пра маштаб аперацыі, накіраванай супраць мірнага польскага гарадка. На гэты раз немцы скінулі 22 бомбы. Адзін з нямецкіх штурмавікоў быў пашкоджаны асколкам сваёй жа бомбы, два іншыя – агнём з зямлі. Справа ў тым, што ў 12 км ад Велюня знаходзілася польская кавалерыйская брыгада, воіны якой абстралялі немцаў. Усе пашкоджаныя самалёты даляцелі да нямецкага аэрадрому і там прызямліліся.

У выніку бамбардзіроўкі Велюня загінула, паводле ацэнак гісторыкаў, 127 чалавек/грамадскі набытак
У выніку бамбардзіроўкі Велюня загінула, паводле ацэнак гісторыкаў, 127 чалавек/грамадскі набытак

Гісторыкі, спасылаючыся на сведчанні сведкаў, у тым ліку на нямецкіх лётчыкаў, пішуць пра тое, што на горад гітлераўцы скідалі не толькі звычайныя, але і цяжкія авіяцыйныя бомбы. Атакі таксама працягнуліся днём. У іх выніку быў пашкоджаны будынак пажарнай службы. На гэты раз немцы таксама пачалі бамбардзіраваць польскіх кавалерыстаў, якія знаходзіліся каля горада. Польскім салдатам удалося пашкодзіць агнём з зямлі адзін з нямецкіх штурмавікоў, які дацягнуў да бліжэйшага аэрадрому, але падчас пасадкі перавярнуўся, запаліўся і цалкам згарэў.

Бамбавікі і штурмавікі накіроўваліся ў сваю злачынную місію пад прыкрыццём знішчальнікаў «Месершміт» Ме-109. Дарэчы, у той дзень умовы надвор’я былі даволі складаныя, таму адзін з «Месершмітаў» разбіўся, а пілот загінуў.

Практычна без ніякага супраціву з зямлі немцы скінулі на горад 112 бомбаў вагой у 50 кг і 29 цяжкіх авіябомбаў вагой па 500 кг кожная.
У выніку бамбардзіроўкі Велюня загінула, паводле ацэнак гісторыкаў, 127 чалавек, у тым ліку 26 пацыентаў бальніцы, дзве манашкі і чатыры медсястры, якія ў ёй працавалі.

За смерць мірных жыхароў і знішчэнне горада, які не меў абсалютна ніякага мілітарнага значэння, ніхто не панёс адказнасці. Адзін з нямецкіх лётчыкаў маёр Оскар Дынорт у гітлераўскім друку хваліўся, што скінуў адну з бомб у самым цэнтры Велюня – на цэнтральную плошчу. Да канца вайны ён даслужыўся да звання генерал-маёра, стаў нямецкім асам і быў узнагароджаны Рыцарскім крыжам Жалезнага крыжа. Памёр у Кёльне ў 1965 годзе.

І хоць першай цэллю немцаў стаў Велюнь, то ў Польшчы надалей сімвалічным пачаткам вайны лічыцца стрэл з браняносца «Шлезвіг-Гольштэйн». А некаторыя гісторыкі мяркуюць, што менавіта агонь з нямецкага карабля распачаў крывавую вайну.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу