Беларуская Служба

Рэдакцыя зіна «Pamyłka» абвяшчае прэмію для натуральных і тэхнічных навукоўцаў «Бізон Гіґз»

29.11.2023 13:43
Гэта будзе прэмія для навукоўцаў натуральных і тэхнічных навук.
Аўдыё
  • Рэдакцыя зіна «Pamyłka» абвяшчае прэмію для натуральных і тэхнічных навукоўцаў «Бізон Гіґз»
Трэці намур зіну «Памылка»фота: С.Воўчак

Выйшаў трэці нумар навуковага часопісу на беларускай мове «Pamyłka». Цяпер рэдакцыя абвяшчае прэмію для натуральных і тэхнічных навукоўцаў «Бізон Гіґз». Уручэнне запланавана на 2024 год.

Першы зін «Pamyłka» выйшаў у сакавіку 2023 года, а свой артыкул у часопіс можа напісаць кожны жадаючы навуковец. У рэдакцыі даўно саспявала ідэя, каб рабіць беларускіх навукоўцаў больш бачнымі. Для гэтага было вырашана стварыць адмысловую прэмію. Расказвае фізік Святлана Воўчак, адна з аўтараў ідэі стварэння зіна, аўтарка артыкулаў:

-Гэта будзе народная прэмія. То бок гэта не вузкае кола будзе вырашаць, хто атрымае прэмію. Мы вынесем на галасаванне тых, хто вылучаны, а выбіраць будуць беларусы. Па сутнасці, трэба будзе «наскардзіцца», што нейкі чалавек разумны і заслугоўвае прэмію. Вядома, што цяпер многія праекты распрацоўваецца групамі, але нічога не перашкаджае, каб нехта з калектыву вылучыў на прэмію калегу за тое, што ён зрабіў. Усё для таго, каб людзі, якія не звязаныя з навукай, бачылі, як навука робіцца. Ідэя таксама не ў тым, каб гэта былі звыш крутыя адкрыцці. Аднак кожнае адкрыццё можа стаць вельмі важным праз нейкі час.

Выдаўцы часопіса цяпер аб’яўляюць конкурс на выгляд прэміі. Да стварэння яе вобразу запрашаюцца мастакі. Сярод запрапанаваных вобразаў падчас галасавання будзе абраны найлепшы.

Гэта будзе прэмія для навукоўцаў натуральных і тэхнічных навук, удакладняе Святлана Воўчак:

-У нас ёсць добрая гуманітарная супольнасць – гісторыкі, сацыёлагі, якія маюць свае прэміі. Ад іх можна павучыцца. Сярод навукоўцаў фізікаў, хімікаў, матэматыкаў нічога такога няма. Таму мы і хочам гэта зрабіць: каб такія навукоўцы былі бачныя.


. .

Першы нумар зіна «Pamyłka» выйшаў увесну бягучага году. Тады яго стварала група знаёмых, якім было неабыякава, каб навуковыя тэмы друкаваліся на беларускай мове. Да другога і трэцяга нумароў далучыліся беларускія навукоўцы з Беларусі і розных еўрапейскіх краін.

У трэцім нумары можна прачытаць пра праект навуковага цэнтра для Беларусі; гісторыя пра тое, як ствараліся лекі; пра вывучэнне плыняў, падводнага дна і пра пустэльні пад вадой; пошук экзапланет; квантавыя кампутары; рэцэнзію на фільм «Апенгеймер» пра стварэнне атамнай бомбы ды многае іншае.

Часопіс можна набыць у форме PDF-дакумента. Уся падрабязная інфармацыя размешчана на старонцы ў Інстаграме pamylka.zin.

ав

Поўная размова - у далучаным гукавым файле.


Папулярызатарка фізікі Святлана Воўчак марыць аб месцы навукі «Вялікі Палескі Калайдар»

04.09.2023 16:24
«Ствараць такія месцы павінны мы самыя. Пакуль такіх месцаў не будзе, людзі будуць з’язджаць».