Беларуская Служба

Змучаным вайной украінцам патрэбна падтрымка дабрачынных арганізацый

10.01.2024 14:45
Зараз украінцы прымушаныя змагаюцца не толькі з наступствамі ваенных дзеянняў, але і з зімой.
Аўдыё
  • Змучаныя вайной украінцы патрабуюць падтрымкі дабрачынных арганізацый
Змучаныя вайной украінцы патрабуюць падтрымкі дабрачынных арганізацыйPAP/Yevhen Titov

Жыццё ва Украіне становіцца ўсё больш цяжкім, жыхарам не хапае самага неабходнага, папярэджваюць дабрачынныя арганізацыі і заклікаюць да неадкладнай падтрымкі стомленых вайной украінцаў.

У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я дабрачынныя арганізацыі заклікаюць да далейшай падтрымкі жыхароў Украіны, якія зараз змагаюцца не толькі з наступствамі расійскай вайны, у тым ліку інтэнсіўным абстрэлам, але і з зімой.

У канцы мінулага і пачатку бягучага гадоў Caritas Polska перадала ва Украіну каля 16 тон прадуктаў і тавараў на агульную суму мільёна злотых. Гуманітарны груз быў адпраўлены ў асноўным на ўсход краіны, дзе працягваюцца самыя жорсткія ваенныя дзеянні, кажа Мацей Дубіцкі(Maciej Dubicki) з Caritas Polska:

- Гэта, галоўным чынам, Харкаўска-Запарожская і Адэска-Сімферопальская дыяцэзіі. Нашую падтрымку атрымліваюць таксама жыхары Кіева-Жытомірскай і Камянец-Падольскай дыяцэзіяў, дзе пражывае вялікая колькасць унутраных перасяленцаў.

Складаная сітуацыя назіраецца, як у вёсках, так і ў гарадах, нагадвае Дубіцкі:

- У вёсках людзі часта вымушаныя жыць без электрычнасці. У гарадах, мы можам пабачыць разбураныя шматпавярховыя дамы і цэлыя раёны. У выніку ракетных абстрэлаў мірныя жыхары страчваюць усё, чаго ім удалося дасягнуць па працягу жыцця. Дадаткова сітуацыю ўскладняе зімовае надвор’е.

Дапамога тым больш патрэбная, што вораг з парушэннем правілаў вайны ўжо некалькі тыдняў інтэнсіўна абстрэльвае ўкраінскія гарады, у тым ліку грамадзянскую інфраструктуру і жылыя раёны.
Напрыклад, за сітуацыяй у Харкаве сочыць дырэктар мясцовага аддзела Caritas ксёндз Войцех Стасевіч:

- Цягам апошняга часу абстрэлы закранаюць грамадзянскія будынкі, шматкватэрныя дамы, жылыя дамы, бальніцы і школы. Гэта выразна відаць, што яны накіраваныя супраць мірнага насельніцтва. Таксама ёсць шмат інфармацыі пра канцэнтрацыю расійскіх войскаў ля мяжы. Ні дня без спробаў прарваць абарону, а калі Куп'янск будзе захоплены, дарога на Харкаў будзе адкрытая.

Паводле святара, настроі ў горадзе пагаршаюцца. Людзі стаміліся ад вайны. Частцы з іх ужо абыякава, хто пераможа ў канфлікце:

- Вайна працягваецца ўжо два гады. Мы спадзяемся, што трэцяга года не будзе. Кошты растуць, здараюцца выпадкі карупцыі. Няма такога энтузіязму, як напачатку, няма вялікай еднасці, узаемадапамогі. Мы часта чуем, нават у гэтых памежных гарадах, людзі кажуць, што ім усё роўна ці яны будуць у адной краіне, каб толькі быў мір.

Ксёндз Войцех Стасевіч нагадвае, што ў працы Caritas у Харкаве задзейнічана каля 150 валанцёраў, якія аказваюць гуманітарную дапамогу жыхарам горада і іншых гарадоў паўночна-ўсходняй Украіны.

У рамках акцыі «Пасылка для Украіны» Caritas Polska запусціла збор сродкаў для ахвяраў расійскай вайны. Сабраныя грошы будуць прызначаныя на набыццё прадуктаў харчавання і сродкаў гігіены, з якіх будуць камплектавацца пасылкі.

Матэрыяльная дапамога, якую Caritas Polska аказвае Украіне, працягваецца з самага пачатку расійскай вайны. Дабрачынная арганізацыя паведамляе, што да гэтага часу адправіла ва Украіну больш за 90 тысяч пасылак.

Як адзначыў намеснік дырэктара Caritas Polska Ірэнэвуш Краўзэ (Ireneusz Krause), гэта вельмі эфектыўная форма дапамогі, якая паступае непасрэдна таму, каму яна найбольш патрэбная:

- Гэта адзінокія людзі, пажылыя асобы, шматдзетныя сем’і. Пасылкі мы рыхтуем у Польшчы, пазней завозім ва Украіну і размяркоўваем, паводле патрэбаў, у асноўным у тыя рэгіёны, дзе яны найбольш патрэбныя. Гэта галоўным чынам усход краіны.

Кожная ўпакоўка змяшчае каля 30 прадуктаў. Гэта прадукты харчавання з працяглым тэрмінам захоўвання і сродкі гігіены – усяго, прыкладна, на 350 злотых:

- Пасылкі мы дастаўляем пры дапамозе арганізацыі Caritas Ukraina і Caritas-Spes. Украінская Caritas, які ведае мясцовыя патрэбы, накіроўвае неабходную дапамогу, тым групам, якім такая падтрымка найбольш патрэбная.

У рамках акцыі «Пасылка для Украіны» жыхары краіны атрымалі больш за 90 тысяч пасылак на суму больш за 31 мільён злотых.

Перад абліччам вайны ва Украіне Caritas Polska пашырыла свае ініцыятывы ў краіне і за мяжой. У Польшчы ўцекачам з Украіны дапамагаюць 32 цэнтры дапамогі мігрантам і бежанцам.

Увесь бюджэт праектаў замежнага аддзела Caritas у 2023 годзе склаў каля 40 мільёнаў злотых, у тым ліку, прыкладна, 20 мільёнаў злотых, прызначаных на праграму «Сям’я для сям’і» ва Украіне.

Інфармацыю аб тым, як падтрымаць акцыю, можна знайсці на сайце Caritas Polska. Каб дапамагчы ўкраінцам Вы можаце пералічыць любую суму на рахунак 77 1160 2202 0000 0000 3436 4384 (з паметкай УКРАІНА), пералічыць сродкі праз сайт Caritas.pl або даслаць SMS-паведамленне са словам УКРАІНА на нумар 72052 (2,46 злотых з ПДВ).

IAR/аз

У рамках акцыі «Пасылка для Украіны» Caritas Polska адправіла звыш 90 тысяч пасылак

08.01.2024 10:53
Гэта прадукты харчавання з працяглым тэрмінам захоўвання і сродкі гігіены.