Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: «Было б вельмі класна вярнуцца дамоў»

03.02.2024 19:10
Гутарка з эмігранткай, якая ў Беларусі выкладала англійскую мову.
Аўдыё
  • Гісторыі эмігрантаў. Слухайце гутарку з Ірынай, англісткай.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: pxhere.com/CC0 Domena publiczna

Увесь эмігранцкі шлях яе сям’і ў нечым падобны, як у іншых. Напачатку было складана, але боль змяніўся нармальным штодзённым жыццём, з’явіўся новы досвед і новы погляд на чужую краіну. Але ўсё ж хочацца дамоў.

Мы не маглі паверыць, што гэта адбываецца з намі

Спадарыня Ірына ў Беларусі працавала выкладчыцай англійскай мовы. Праца падабалася, паколькі замежную мову яна выкладала, як правіла, для дарослых у рознага кшталту кампаніях. 

- У асноўным гэта былі прафесіяналы, якія ў сваёй працы патрабуюць англійскую мову. Часцей за ўсё гэта былі спецыялісты ў сферы ІТ. Я супрацоўнічала з некалькімі фірмамі і, як правіла, сустракала там шмат цікавых людзей, якія ўзбагачалі і мяне сваім досведам. Гэта ўвесь час такі энергаабмен.

Жнівень 20-га году заспеў нават трохі нечакана, на многія рэчы, паводле маёй суразмоўніцы, адкрыліся вочы. Да гэтага яны сачылі за перадвыбарнымі падзеямі ў краіне, але не былі актыўна ў іх заангажаваныя.

- І калі пачаліся гэтыя жнівеньскія падзеі, канешне, быў шок. Мы не маглі паверыць, што гэта ўсё адбываецца, што гэта ўсё магчыма, што гэта адбываецца з намі. Было вельмі балюча, і, натуральна, на гэтай хвалі хацелася падтрымаць тых, хто тады знаходзіўся ў засценках, выказаць сваю салідарнасць. І мне, як маме, як жанчыне, хацелася зрабіць гэта менавіта ў такі мірны спосаб.

Наагул, той час згадваецца, паводле спадарыні Ірыны, як нешта, чаго раней у жыцці ніколі не было.

- Гэта быў час вялікага эмацыйнага пад’ёму, несамавітай салідарнасці людзей. І гэта адчувалася нават у невялікіх далёкіх ад цэнтру мястэчках. Пасля выбараў мы паехалі адпачываць на азёры ў невялікае мястэчка. Там мясцовая кавярня і людзі вывесілі на ёй транспарант: “Не гвалту!”. І падобных знакаў было шмат паўсюль. Да нас падыходзілі вясковыя людзі, размаўлялі, як са старымі знаёмымі, цікавіліся адкуль мы, як там і што цяпер адбываецца. Гэта было нешта такое блізкае і сапраўднае, адчуванне еднасці людзей.

Цяжка было псіхалагічна

Спадарыня згадвае, што да апошняга сям’я спадзявалася, што спыніцца гэты татальны прэсінг на людзей, адцягвалі ад’езд, але падзеі вакол развіваліся так, што прынялі рашэнне з’ехаць. Больш таго, яны з мужам маглі працаваць на аддаленні і гэта шмат у чым аблягчыла іх знаходжанне ў чужой краіне.

- Для мяне асабіста такая асноўная цяжкасць была псіхалагічная адаптацыя. Я, калі ехала, лічыла, што гэта будзе такі выпрабавальны тэрмін, маўляў, пажывём, паглядзім, а калі не спадабаецца, вернемся. Я  нават не магла сабе ўявіць, што гэта можа быць на нейкі доўгі тэрмін. Гэта не ўкладвалася ў галаве і нават выклікала такую адмову татальную. І першы год быў вельмі цяжкі, бо я як бы засталася там, жыла фактычна там, тымі навінамі, тымі людзьмі і тымі падзеямі. А тут было ўсё абсалютна чужое. Фактычна толькі фізічна я тут існавала, але ўсе іншыя працэсы - яны адбываліся там, у Беларусі.

Але час ішоў і, як кажа мая суразмоўца, нельга пастаянна знаходзіцца ў стане болю, а таму з часам пачалася адаптацыя. Яна працягвае выкладаць англійскую мову, а цяпер яшчэ дадалася і польская. Цікаўлюся ў спадарыні – як цяпер на яе ўплывае эміграцыя?

Варта да ўсяго прыглядацца

Яна прызнаецца, што пасля першага цяжкага году з’явілася іншае адчуванне. Стала больш свабоднай, заўважыла, што людзі тут з павагай ставяцца да нейкіх адрозненняў, што кожны чалавек імкнецца па-свойму праяўляць сябе, як асобу, і гэта не будзе асуджацца.

- Яшчэ, дарэчы, калі недзе сустракаемся разам, то прысутнічае такая эмігранцкая рэч. Пачынаем крытыкаваць чужую краіну, маўляў, тут не так, тут інакш, але потым прыходзім да высновы: ну калі ў іх і тое не так і іншае не так, то чаму яны значна лепей жывуць, чым мы? Ну нешта, значыцца, працуе, варта прыглядзецца шчыльней.

- І што вам падаецца тут такім цікавым, што б вы перанеслі ў Беларусь?

- Гэта, канешне, значна больш высокая адукаванасць псіхалагічная насельніцтва. Стаўленне да асобы, асабліва ў выхаваўча-адукацыйных установах. Калі я гляджу, як яшчэ на ўзроўні садочкаў дзяцей вучаць агучваць свае эмоцыі, асэнсоўваць: а што ты цяпер адчуваеш, а што табе цяпер хочацца, ці хочаш, каб цябе пакінулі аднаго, ці каб прытулілі… І вось гэта дзеці ўжо асэнсоўваюць, а гэта развівае эмпатыю і разуменне пачуццяў іншых людзей.

Трохі задумаўшыся, спадарыня працягвае.

- Я назіраю, як бацькі польскія на дзіцячых пляцоўках размаўляюць з дзецьмі – ніхто на іх не раве, няма ніякай нярвовасці, прэсінгу, калі ўсё зацятае, заціснутае. Не, канешне, здараецца па-рознаму, але ў большасці сваёй я думаю, што, можа, яны вырастуць не ўсе такія граматныя, але яны напэўна будуць больш шчаслівыя.

Не хапае свайго

Цікаўлюся яшчэ ў суразмоўніцы – чаго ёй найболей не хапае тут з таго, што засталося ў Беларусі? Спадарыня ізноў задумалася, кажа, што тут ужо таксама шмат знаёмых, з якімі можна паразмаўляць на розныя тэмы, ёсць школка, хор, тэатр…

- Але не хапае людзей сваіх самых блізкіх, якіх ведаеш шмат гадоў, і такія стасункі не будуюцца за 2-3 гады. Гэта нейкія суседскія стасункі, якія таксама праз шмат гадоў паўставалі. Калі людзі сустракаюцца настолькі сардэчныя, якія твае праблемы ўспрымаюць, як свае. Бывала, нейкі дробны чыноўнік пранікаецца тваёй праблемай, а вось давайце лепш так зробім, і пачынае вырашаць твае пытанні. Ён мог фармальна адрэагаваць, але пачынае вырашаць, як гэта зрабіць у найлепшы спосаб. Вось гэтага мне тут таксама не хапае.

Мы загаварылі са спадарыняй Ірынай пра тое, ці думае яна вяртацца на радзіму, калі сітуацыя там зменіцца. Яна ў адказ распавяла, што нядаўна спаткалася з полькай, якая праз 20 гадоў жыцця ў Англіі вярнулася ў Польшчу з сям’ёй. Беларуска была здзіўлена, а полька ёй патлумачыла.

- А яна мне кажа, што не можа ўявіць старасці ў Англіі, маўляў, у старасці хачу быць на сваёй радзіме. Хаця, калі была там, то ёй падабалася прыязджаць у Польшчу, як турыстцы, а цяпер разгубленая, бо зразумела, што вярнулася ў іншую краіну. І зноў трэба адаптавацца, інтэгравацца… Вось мы ў падобнай сітуацыі, хаця яна вярнулася, а я прыехала. Яе дзеці па-англійску размаўляюць лепш, чым па-польску, а таму, як і мае, вучаць польскую мову. І я думаю, што было б вельмі класна вярнуцца дамоў.

Павел ЗАЛЕСКІ